Юрый АЛЬБЕРС: “Наш запал хутка астудзілі! Хто пасля Домрачавай?”

- 16:37Апошнія запісы, Рознае, Спартыўныя падзеі

Эмоцыі апошняй зімняй Алімпіяды, а разам з імі трыумф беларускага біятлона раствараюцца ў буднях, гэтак жа, як і сам снег даўно растаў пад сонцам. Для спецыялістаў сістэмы — гэта час асэнсаваць пройдзенае і зазірнуць наперад.
Юрый Альберс у біятлоне фігура знакавая. Некалі галоўны трэнер мужчынскай нацыянальнай зборнай, а сёння старшы трэнер нацыянальнай каманды па развіцці віду спорту Юрый Юр’евіч Альберс аддаў біятлону значную частку свайго жыцця, перажыўшы разам з ім узлёты і падзенні. Наша размова з мэтрам адбылася якраз у перыяд асэнсавання: у цэнтры размовы аказаліся як станоўчыя моманты, так і праблемы, і перспектывы беларускага біятлона.

“Рэанімаваць” сістэму

— Юрый Юр’евіч, пасля такога поспеху на апошняй Алімпіядзе ці можна чакаць крутога вітка ў развіцці біятлона?
— Гульні ў Сочы былі вельмі паспяховымі для нашай каманды. Мы вярнуліся назад акрыленыя поспехам! Ва ўсіх на слыху тры залатыя медалі Домрачавай і бронза Скардзіна. Але літаральна на наступны дзень наш запал астудзілі. Алімпійскія гульні? Выдатна. Але што далей?
Аналізуючы сітуацыю, мы разумеем, што ў нас сапраўды нямала праблем. Сёння ў Беларусі 2200 юных біятланістаў, якія займаюцца ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах і вучылішчах алімпійскага рэзерву. Пры гэтым асноўная іх частка — дзеці школьнага ўзросту.
Як аказалася, спартсменаў, якія цяпер знаходзяцца ў 18-19-гадовым узросце, у краіне ўсяго 42. Цяпер улічыце, што мы вядзём размову толькі пра ўзрост і не датычымся іх спартыўнага майстэрства. Відавочна, што рэзерву ў нацыянальнай каманды практычна няма.
Канечне, такая сітуацыя склалася не адразу. Аднак толькі цяпер мы задумваемся над шэрагам мер, якія дапамогуць “рэанімаваць” сістэму дзіцяча-юнацкага спорту.

— Магчыма, ёсць ужо нейкія канкрэтныя ідэі?
— У нас значны недахоп зброі, абмундзіравання, але мы рэальна падыходзім да сітуацыі. Гэта немагчыма вырашыць у момант. Мы не зможам забяспечыць адразу ўсіх юных біятланістаў, таму вылучаем з іх лепшых і збіраем у вучылішчы алімпійскага рэзерву. Менавіта гэтыя людзі павінны атрымаць усё неабходнае для працы, на іх трэба рабіць стаўку.
Сёння мы працуем над методыкай работы з юнымі спартсменамі. Паралельна выбудоўваем сістэму аплаты трэнерскай працы. Не сакрэт, што пераважная колькасць сучасных трэнераў накіравана на хуткасны, хуткаспелы вынік сваіх выхаванцаў, бо гэта выражаецца для іх у грашовым эквіваленце. Нам бы хацелася супрацьлеглага — матэрыяльна зацікавіць трэнера ў стабільным прафесійным развіцці спартсмена і перадачы яго на больш высокі ўзровень.
На жаль, у нас нямала выпадкаў, калі маладыя спартсмены завяршалі кар’еру, так і не праявіўшы сябе ў прафесійным спорце. Напрыклад, Павел Ганчароў, чэмпіён свету сярод юнакоў, ужо завяршыў сваю спартыўную кар’еру. А чэмпіён свету сярод юніёраў Яўген Абраменка ў вялікім спорце, па вялікаму рахунку, так і не раскрыўся.

Запрашаць спартсменаў з іншых краін — часовая мера

— Мне ўспамінаецца, як пасля перамог Аляксандры Герасімені да трэнераў па плаванні выстройваліся вялізныя чэргі: бацькі імкнуліся запісаць дзяцей “у чэмпіёны”. Як у біятлоне? Ці чакаеце вы ўсплёску актыўнасці, скажам, у такіх спаборніцтвах, як “Снежны снайпер”?
— Пра нейкую асаблівую актыўнасць гаварыць пакуль рана. Тым не менш пасля перамогі Домрачавай многія трэнеры адзначалі чэргі ў пачатковых групах спартшкол.
На спаборніцтвы “Снежны снайпер” мы звярнулі ўвагу ў крыху іншым ракурсе. Як вядома, у іх прымаюць удзел школьнікі, якія не займаюцца ў спартыўных школах. Разам з тым сярод іх нямала талентаў. Нам хацелася б наладзіць супрацоўніцтва з трэнерамі-практыкамі, спецыялістамі спартыўнай медыцыны з тым, каб мець магчымасць тэсціраваць школьнікаў 10—14-гадовага ўзросту. Гэта дапаможа выявіць дзяцей, якія маюць асаблівыя схільнасці да біятлона, і 17_4775735(сайт)запрашаць іх у вучылішчы алімпійскага рэзерву. Лепш пачынаць у такім узросце. Я 20 гадоў адпрацаваў з нацыянальнай камандай і прызнаюся, што былі выпадкі, калі даводзілася вучыць стральбе, тэхніцы лыжнага ходу ні многа ні мала, а членаў нацыянальнай зборнай…

— Па якіх крытэрыях, дарэчы, ацэньваецца перспектыўнасць спартсмена?
— Адзін з важнейшых паказчыкаў — максімальнае спажыванне кіслароду, інакш кажучы, максімальная магчымасць арганізма чалавека транспартаваць кісларод у мышцы і ў далейшым спажываць яго для атрымання энергіі падчас фізічных практыкаванняў з максімальнай інтэнсіўнасцю. Гэты паказчык, пачынаючы з юніёрскага да прафесійнага спорту, можа развіцца працэнтаў на 15. Напрыклад, у жанчын выдатным узроўнем лічыцца 72 мл/хв/кг. Разам з тым у Дар’і Домрачавай гэты паказчык дасягае 64 мл/хв кг, у Б’ёрндалена — 81 мл/хв/кг.
Так што, тэсціруючы маладога спартмена, мы можам прыкладна ўявіць, што атрымаецца ў перспектыве.

— Юрый Юр’евіч, ці не плануецца прыцягваць да работы з нацыянальнай зборнай па біятлоне вядомых беларускіх спартсменаў? Скажам, шматразовага чэмпіёна свету Вадзіма Сашурына?
— Сашурын — чалавек вопытны, спартсмен высокага класа, мой былы вучань. Асоба далёка неадназначная. Зразумела, што яму паступалі падобныя прапановы, але Ва-дзіма Леанідавіча не задавальняе той узровень заработнай платы, які мы можам яму прапанаваць. Наша заканадаўчая база не прадугледжвае магчымасці плаціць больш нават такім прафесіяналам. Аднак, як я ўжо адзначаў, мы плануем “узарваць” сістэму з тым, каб стварыць усе ўмовы для прадукцыйнай работы трэнераў, пачынаючы з дзіцяча-юнацкага ўзроўню.
Тая сістэма падрыхтоўкі спартсменаў, пра якую я казаў, пачне працаваць у лепшым выпадку гадоў праз 8. Пакуль што мы не маем змены, а таму шукаем розныя варыянты далейшай работы. Можна, канечне, запрашаць спартсменаў з іншых краін. Але гэта часовая мера. Упэўнены, пачынаць патрэбна з іншага. Напрыклад, адкрыць закінутыя школьныя ціры і запрасіць для работы з новай зменай лепшых спецыялістаў.
Калі ты ў спорце, то 24 гадзіны ў суткі працуеш на вынік

— Калі працягнуць тэму спецыялістаў нашых і запрошаных, то якая заслуга ў медалях Домрачавай і Скардзіна, Клаўса Зіберта і Адрыяна Цыбульскага?
— Ніхто не памяншае заслугі Зіберта, ён вёў трэніровачны працэс, аднак стратэгію выступлення адпрацоўваў Цыбульскі. Таму гаварыць, хто з іх зрабіў большы ўнёсак, вельмі складана.
Сітуацыя з Зібертам увогуле была далёка неадназначная. Улічваючы стан здароўя, працаваць яму было вельмі складана.
Цяпер можна пачуць меркаванне, маўляў, гэта ж Домрачава, бадай любы можа працаваць са спартсменкай такога ўзроўню. Але паспрабуй з ёй зладзіць, знайсці кропкі сутыкнення. Гэта спорт, і, які б нядрэнны характар ні быў у Дар’і, у спорце рознае бывае. Цыбульскі ў гэтым плане асоба незаменная, ён не проста тонкі псіхолаг, ён быццам ланцуг, які звязвае.
На гэты раз на Алімпіядзе мы пралічылі ўсе моманты. Вельмі важным было выбраць месца пражывання. Санаторый “Белоруссия”, у якім мы жылі ў Сочы, знаходзіцца на вышыні 600 метраў над узроўнем мора, алімпійская вёска на вышыні 1450 метраў. Згодна са спартыўнай навукай, трэба было б жыць у вёсцы, каб прайсці акліматызацыю. Яна, як вядома, наступае недзе на трынаццаты дзень. Аднак у мінулым годзе, выступаючы на этапе Кубка свету ў Сочы, мы адчулі, што кліматычныя ўмовы вельмі цяжкія. Значна ўплывала блізкасць мора. Падключыўшы спартыўную і медыцынскую навукі, мы доўга абмяркоўвалі, дзе будзем жыць. Вырашылі, што ў алімпійскую вёску не паедзем, — і не памыліліся! Паглядзіце на сітуацыю з нарвежскімі лыжнікамі! Здавалася б, з іх падрыхтоўкай можна было ўзяць усе прызавыя месцы. І дзе яны?
Трэба сказаць, што мы вазілі з сабой у Сочы ўласнага кухара і свае прадукты. Свайго доктара, выдатнага масажыста… Тут дробязей не бывае (усміхаецца).

— Многія беларускія спартсмены сёння адзначаюць нізкі ўзровень спартыўнай фармакалогіі. Як наконт яе ўзроўню ў біятлоне?
— У біятлоне з гэтым праблем няма. Не буду крывіць душой і гаварыць, што нам нечага не хапае. Хто і як працуе ў спартыўнай медыцыне — іншае пытанне. Спартсмены скардзяцца, маўляў, не дадалі вітамінаў, але не трэба забывацца пра самае галоўнае — пра харчаванне. Мы, напрыклад, паслалі свайго дыетолага на міжнародныя курсы па спартыўным харчаванні, у выніку спецыяліст распісвае харчаванне спартсменаў на кожны дзень у залежнасці ад нагрузкі.
Гэта сорамна, але дзяўчаты-лыжніцы і сёння, выязджаючы на спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню, вязуць з сабой прадукты і там самі гатуюць.
Канечне, вельмі многае залежыць ад таго, як чалавек адносіцца да сваёй працы. Спорт — гэта цяжкая праца, якой трэба жыць. Калі ты ў спорце, ты 24 гадзіны ў суткі працуеш на вынік.

— Ініцыятывай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба стала выдзяленне грашовых прэмій для дзіцячых спартыўных школ і вучылішчаў алімпійскага рэзерву. Куды накіраваць сродкі, вызначалі пераможцы і прызёры Алімпіяд. Наколькі, па-вашаму, такія прэміі могуць вырашыць матэрыяльныя праблемы названых устаноў?
— Прэмія 100 мільёнаў — на самай справе неблагія грошы, але адносна той неабходнасці, якая існуе, гэта кропля ў моры. Зброя вельмі дарагая. Аднак на гэтыя грошы можна набыць лыжы.

— Думаецца, нашы чытачы не даруюць, калі я не запытаюся пра гісторыю, якая быццам бы звязвае Дар’ю Домрачаву і знакамітага нарвежца Оле Эйнара Б’ёрндалена…
— Узаемаадносіны існуюць (усміхаецца). Гаварыць пра тое, наколькі гэта сур’ёзна, я не магу. Ведаю толькі, што Дар’я ад гэтых пытанняў не хаваецца. У мяне ўзнікае ўражанне, што гэта ўсё ж больш прафесійныя, сяброўскія адносіны.

— Як вы пракаменціруеце той факт, што Дар’я Домрачава атрымала званне “Герой Беларусі”?
— Калі мы вярталіся са стадыёна пасля трэцяга медаля, я абмовіўся: “Домрачавай трэба даваць Героя!” Тады не спадзяваўся, што так яно і будзе. Яна заслужыла гэта, бо на самай справе здзейсніла подзвіг. Яе імя не сходзіла з вуснаў, яна была прызнана лепшай спартсменкай Алімпіяды! Менавіта дзякуючы Дар’і Домрачавай многія даведаліся, што такое Беларусь.

 

Гутарыла Наталля АЛЁХІНА.