Юрый Раманоўскі: «Мы фарміруем пул будучых спецыялістаў»

- 13:12Абитуриент, Интервью, Приложение

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай — інтэлектуальны і культурны цэнтр Віцебшчыны, драйвер яе эканамічнага развіцця. Гэта месца, дзе моладзь аб’ядноўваецца ў каманды і пачынае рэалізоўваць свае задумы ледзь не з першага курса. Бо ўніверсітэт для гэтага стварае ўсе ўмовы. Пра іх карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з рэктарам установы Юрыем Раманоўскім.

— Юрый Яцэнтавіч, чаго ПДУ дасягнуў за апошнія 55 гадоў?

— Найноўшая гісторыя ўніверсітэта пачалася ў 1968 годзе, калі быў адкрыты Наваполацкі філіял Беларускага політэхнічнага інстытута, дзе вялася падрыхтоўка будаўнікоў і хімікаў-тэхнолагаў для прадпрыемства “Нафтан”. Філіял настолькі імкліва развіваўся, што ў 1974 годзе стаў самастойным Наваполацкім політэхнічным інстытутам. А ў 1993 годзе быў пераўтвораны ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. У ліпені мінулага года ён набыў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Адукацыйныя традыцыі, закладзеныя ёй тысячу гадоў назад, мы працягваем і сёння. Юрыдычны адрас трох карпусоў ПДУ — Наваполацк. Але адзін корпус размешчаны ў гістарычнай частцы Полацка — гэта Полацкі іезуіцкі калегіум, заснаваны ў 1581 годзе. Узровень падрыхтоўкі ў ім быў настолькі высокі, што ў 1812 годзе на яго аснове стварылі Полацкую езуіцкую акадэмію. Гэта была першая ўстанова вышэйшай адукацыі ў Беларусі, якая і стала ПДУ.

Дарэчы, адна з традыцый калегіума — Скарынаўская рэгістрацыя першакурснікаў, якую мы працягваем і сёння. Штогод 1 верасня ў корпусе, які некалі быў калегіумам, мы праводзім мерапрыемства “Рэктарскі ўваход”, падчас якога кожны першакурснік праходзіць па лесвіцы рэктарскага ўвахода і робіць запіс аб тым, што ён стаў студэнтам. Праз гэты ўваход нашы навучэнцы прахо­дзяць двойчы: будучы першакурснікамі і выпускнікамі, калі робяць другі запіс.

У цяперашні час ва ўніверсітэце 7 факультэтаў: 3 гуманітарныя і 4 тэхнічныя. Вучэбны працэс забяспечваюць амаль 350 выкладчыкаў. Зараз мы рэалізуем 83 адукацыйныя праграмы: 42 — бакалаўрыята, 21 — магістратуры і 20 — аспірантуры. Універсітэт сёння — гэта 6 вучэбных карпусоў, 7 інтэрнатаў, больш за 20 лабараторый з самым сучасным абсталяваннем. У нас звыш 5 тысяч студэнтаў, прычым 17% з іх — навучэнцы, якія прыехалі да нас з 12 краін, больш за ўсё з Узбе­кістана, Кітая і Туркменістана.

— Ці ўдаецца ўніверсітэту быць на крок наперадзе пры падрыхтоўцы спецыялістаў і што дапамагае ў гэтым?

— Па-першае, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнне лабараторый сумесна з заказчыкамі кадраў і насычэнне іх унікальным абсталяваннем. Па-другое, укараненне новых тэхналогій у выкладанне. Ва ўніверсітэце рэалізуецца цэнтр SMART-адукацыі. Зараз мы актыўна развіваем лічбавы кантэнт, нават адкрылі SMART-лабараторыю і распрацавалі SMART-курс з доступам да лічбавага адукацыйнага кантэнту па прынцыпе 24/7, прычым з любога пункта свету.

Яшчэ мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб нашы студэнты атрымлівалі не толькі спецыяльныя кампетэнцыі, але і soft skills. Для гэтага мы мадэрнізавалі наш цэнтр стартапаў і прадпрымальніцкіх ініцыятыў. У ім студэнты розных факультэтаў вучацца працаваць у камандзе і фарміруюць прадпрымальніцкія кампетэнцыі. Разам яны пачынаюць ствараць сваю гісторыю поспеху: будучы студэнтамі, арганізоўваюць свае прадпрыемствы па аказанні інавацыйных паслуг, якія пасля становяцца рэзідэнтамі навукова-практычнага парка ПДУ. Па завяршэнні навучання нашы выпускнікі працаўладкоўваюцца ў сваю ж кампанію.

Па-трэцяе, ПДУ — вялікая і дружная каманда супрацоўнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў, прафесіяналаў з вялікай літары. Яны валодаюць унікальнымі кампетэнцыямі і праводзяць даследаванні на самым высокім узроўні, якія прызнаюцца нават за мяжой. Пацвярджэнне гэтага — шматлікія дыпломы, атрыманыя нашымі выкладчыкамі, і публікацыі ў навуковых часопісах з высокім рэйтынгам.

— Сёлета ў ПДУ адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Раскажыце, калі ласка, пра іх.

— Мы адкрываем такія спецыяльнасці, як “Графічны дызайн і мультымедыядызайн” і “Бізнес-адміністраванне”. Апошняя аб’ядноўвае вывучэнне вядзення бізнесу і інавацыйных праектаў, маркетынгу, рэкламы, юрыспрудэнцыі, бухгалтарскага і фінансавага ўліку, бізнес-аналітыкі. Гэта новая спецыяльнасць як для рэгіёна, так і ў цэлым для ўсёй краіны.

Па новым класіфікатары спецыяльнасцей і кваліфікацый практычна 80% нашых спецыяльнасцей змянілі свае найменні. Напрыклад, больш за 10 гадоў мы набіралі на спецыяльнасць “Камп’ютарная бяспека”, цяпер жа яна называецца “Кібербяспека”.

На механіка-тэхналагічным факультэце вядзецца падрыхтоўка па ўнікальнай спецыяльнасці “Трубаправодны транспарт, перапрацоўка і захаванне нафты”. Пяць гадоў назад “Нафтан”, ПДУ і Наваполацкі гарвыканкам падпісалі дагавор аб стварэнні ў Наваполацку інавацыйна-прамысловага нафтахімічнага кластара. У яго рамках дзейнічае галіновая лабараторыя па перапрацоўцы нафты і газу, якую сёлета мы абнавілі ўнікальным абсталяваннем і стварылі комплекс глыбокага даследавання ў галіне перапрацоўкі нафты.

Калі гаварыць пра спецыяльнасці, якія выклікаюць найбольшую цікавасць у абітурыентаў, то да іх у першую чаргу адносяцца ІТ-спецыяльнасці — “Праграмная інжынерыя” і “Камп’ютарная інжынерыя”, а яшчэ “Перапрацоўка нафты і газу і прамысловы арганічны сінтэз”, “Архітэктура”, бо наша школа архітэктуры добра вядомая ва ўсёй краіне. Меншую папулярнасць маюць тэхнічныя спецыяльнасці, хоць мы пастаянна падкрэсліваем: з тэхнічнай спецыяльнасцю працаўладкавацца куды прасцей, бо запатрабаванасць інжынераў зараз вельмі высокая.

— У сувязі са шматлікімі новаўвядзеннямі ўступнай кампаніі шэраг студэнтаў атрымалі магчымасць паступаць ва ўніверсітэт па асобнай траекторыі.

— Так. Напрыклад, пераможцы (дыпломы I, II, III ступеней) універсітэцкіх алімпіяд. У гэтым годзе мы іх праводзілі па 8 прадметах. 54 пераможцы могуць паступаць на 15 нашых спецыяльнасцей, большасць з якіх тэхнічнага профілю. Гэта вельмі шырокая лінейка. Каля 40 чалавек заявілі, што дакладна прыйдуць вучыцца да нас.

Уладальнікі дыпломаў I, II ці III ступені трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах таксама могуць стаць студэнтамі рэгіянальных універсітэтаў без уступных экзаменаў. Мы актыўна працуем з такімі старшакласнікамі, бо зацікаўлены ў іх прыходзе да нас. Іх залічэнне адбудзецца падчас агульнага набору.

Яшчэ адна знакавая сёлетняя навацыя — узмацненне мэтавага набору. Гэта дае магчымасць у першую чаргу прадпрыемствам і арганізацыям вобласці сфарміраваць сабе пул будучых спецыялістаў, якія, скончыўшы ўніверсітэт, гарантавана прыйдуць працаваць да іх. Тыя абітурыенты, якія будуць паступаць з мэтавым накіраваннем, стануць нашымі студэнтамі ўжо ў сярэдзіне чэрвеня. Да таго ж да 16 чэрвеня, у першы этап уступнай кампаніі, будуць залічаны і пераможцы ўніверсітэцкай алімпіяды.

Між іншым у межах трыяды “школа — універсітэт — прадпрыемства” ў нас функцыянуюць 22 профільныя класы. І, напрыклад, у мінулым годзе 80% выпускнікоў профільнага класа нафтахiмiчнага напрамку, якi дзейнічае пры падтрымцы “Нафтана”, сталі нашымі студэнтамі.

Прызнаюся, я сёння і сам хацеў бы быць абітурыентам, бо магчымасцей самарэалізавацца — мноства. Мы ініцыіравалі этапнасць уступнай кампаніі, каб вылу­чыць пэўныя перавагі для ўніверсітэтаў, якiя размешчаны ў рэгiёнах. Усе ведаюць: моц­ныя рэгіёны — моцная краіна. Каб сёння былі добрыя спецыялісты ў рэгіёне, мы павінны знайсці матываваных выпускнікоў школ і зрабіць усё, каб яны спачатку прыйшлі вучыцца да нас, а пасля засталіся праца­ваць на нашых прадпрыемствах.

— На ваш погляд, як матываваць выпускнікоў універсітэта заставацца ў выбранай прафесіі?

— Калі ва ўніверсітэт будуць прыходзіць высокаматываваныя абітурыенты, якія разу­меюць, кім будуць працаваць пасля яго заканчэння, то яны не пакінуць сваю прафесію. І якраз на гэта накіраваны ўсе сёлетнія змяненні ўступнай кампаніі. Я часта гавару: не заўсёды самы падрыхтаваны абітурыент з’яўляец­ца самым матываваным. Хоць менавіта матываванасць — залог будучага поспеху.

Да таго ж вельмі важна развіваць не толькі прафесійныя, але і асобасныя кампетэнцыі, каб выпускнік мог рэалізаваць сябе не толькі як спецыяліст, але і як асоба, быць карысным грамадству, стаць заснавальнікам традыцый той ці іншай кампаніі, а яшчэ патрыётам сваёй краiны. І калі ў яго гэта атрымаецца, то праз 2 гады адпрацоўкі па размеркаванні ён сам не захоча нікуды сыходзіць.

— Юрый Яцэнтавіч, якім вы бачыце ПДУ ў будучыні?

— Мы нацэлены на новыя спецыяльнасці, адна з іх, спадзяёмся, будзе тычыцца электрычнага аўтаномнага транспарту. Будзем надалей развіваць навуковыя даследаванні і ствараць прадпрыемствы на аснове распрацовак універсітэта, працягнем лічбавую трансфармацыю нашай дзейнасці. Калі ж гаварыць пра напрамкі работы з абітурыентамі, то сёння мы разглядаем магчымасць функцыянавання ліцэя пры нашым універсітэце.

Шлях да рэктарства

Юрый Раманоўскі 20 гадоў прысвяціў Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы, дзе прайшоў шлях ад звычайнага выкладчыка да першага прарэктара. У полацкі ўніверсітэт рэктарам быў прызначаны 2 жніўня 2022 года.

“Яшчэ нават года не прайшло, аднак універсітэт, Наваполацк i Полацк сталі для мяне роднымі. Тым больш што ўся мая сям’я пераехала сюды разам са мной. Сын вучыцца ў школе, а жонка працуе настаўніцай. Дарэчы, я і сам некалькі гадоў быў педагогам. І нават калі перайшоў у вышэйшую школу, прадоўжыў працаваць з юнымі талентамі. Шмат гадоў займаўся падрыхтоўкай старшакласнікаў да абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, ЦТ па матэматыцы”, — расказаў рэктар ПДУ.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА