З 2019 года ў балансе электрычнай энергіі краіны імпарт будзе адсутнічаць

- 12:53Інфармацыйная гадзіна

Рэалізацыя праекта па будаўніцтве ўласнай АЭС дасць магчымасць Беларусі штогод замяшчаць больш як 5 млрд м3 імпартуемага прыроднага газу. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра энергетыкі Леанід Шанец на IV Беларуска-германскім энергетычным форуме.

Паводле слоў Леаніда Шанца, чакаецца, што ў выніку энергетычнай палітыкі спажыванне прыроднага газу ў краіне зменшыцца з 22 млрд м3 у 2015 годзе да 16,5 млрд м3 у 2020 одзе. Гэта павінна адбыцца ў асноўным за кошт зніжэння амаль у два разы яго спажывання ў энергетыцы. Пры гэтым будзе захоўвацца нязменны ўзровень спажывання газу насельніцтвам, магчымы нязначны рост спажывання астатнімі катэгорыямі.
Сярэднегадавы водпуск электраэнергіі пры рабоце атамнай электрастанцыі ў базавым рэжыме складзе 17 млрд кВтг. “З 2019 года ў балансе электрычнай энергіі краіны імпарт будзе адсутнічаць”, — адзначыў першы намеснік міністра. Акрамя таго, запуск Беларускай АЭС дасць магчымасць знізіць выкіды парніковых газаў на 7—10 млн т у год.
Нагадаем, што Беларуская АЭС — праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006, які рэалізоўваецца за 18 км ад Астраўца (Гродзенская вобласць). БелАЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт. У адпаведнасці з генеральным кантрактам на будаўніцтва станцыі, першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі — у 2020 годзе.