Настаўнікі павінны расціць сабе змену з ліку сваіх вучняў. Такога меркавання прытрымліваюцца ў калектыве сярэдняй школы № 2 Клічава імя П.І.Кавалёва. Сёння тут працуюць 35 педагогаў, з іх 16 — выпускнікі ўстановы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Перакананы, што маладыя кадры трэба не шукаць, а расціць самім. А хто, як не настаўнік, можа разгледзець у вучню здольнасці да выкладання? Нашы педагогі стараюцца быць для дзяцей прыкладам, узорам для пераймання. А бачачы цікавасць навучэнцаў да прафесіі, накіроўваюць іх у патрэбнае рэчышча. Вялікую дапамогу ў гэтай справе аказваюць профільныя класы педагагічнай накіраванасці, — расказала дырэктар Таццяна Белабародая.
Педкласы ў школе функцыянуюць пяць гадоў. За гэты час была выбудавана эфектыўная сістэма работы з вучнямі названага профілю. Акцэнт робіцца на фарміраванні выразных уяўленняў пра спецыфіку прафесіі.
— У ходзе тэматычных факультатыўных заняткаў разам з дзецьмі мадэлюем вобраз ідэальнага настаўніка, успамінаем вобразы педагогаў з твораў літаратуры і мастацтва, высвятляем, якімі якасцямі павінен валодаць сучасны настаўнік. Імкнуся, каб “урокі педагогікі” заўсёды праходзілі ва ўзаемадзеянні, дыялогу, дыскусіі. Шырока выкарыстоўваю сродкі візуалізацыі, што дазваляе ўзбагачаць заняткі ў эмацыянальным і сэнсавым аспектах. Раблю акцэнт і на прымяненні інтэрактыўных метадаў, тэхналогіі крытычнага мыслення, што садзейнічае глыбокаму разуменню вучнямі значнасці педагагічнай працы, — паведаміла куратар педкласаў настаўніца нямецкай мовы Вольга Шэх.
Усебакова далучаны навучэнцы педкласаў і да разнастайнай практычнай дзейнасці. Асабліва захапляюць падлеткаў педагагічныя пробы.
— Лепшы спосаб навучыцца — вучыць іншых. Такім дэвізам кіруюцца ў педагагічных групах. Навучэнцы з цікавасцю наведваюць урокі вопытных настаўнікаў, арганізоўваюць гульні на перапынках, праводзяць выхаваўчыя мерапрыемствы, — адзначыла Вольга Мікалаеўна.
Дадатковыя магчымасці для таго, каб паспрабаваць свае сілы ў прафесіі, педкласаўцам адкрыў праект “Ведаеш? Навучы!”. У рамках ініцыятывы навучэнцы прымяраюць на сябе ролю настаўніка на ўроках у малодшых школьнікаў.
— Першапачаткова праект ствараўся для папулярызацыі навукі, забеспячэння пераемнасці паміж першай і другой ступенямі навучання. А з часам прыйшла ідэя даць магчымасць вучням педкласаў праявіць сябе на гэтай ніве. На прапанову моладзь адгукнулася з вялікім энтузіязмам, — патлумачыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Анастасія Дзержанская.
З вучэбнымі прадметамі прыродазнаўчага цыкла педкласаўцы знаёмяць малышоў некалькі разоў на месяц. Да заняткаў навучэнцы старанна рыхтуюцца: выбіраюць найбольш цікавыя тэмы, складаюць планы-канспекты ўрока.
— Праводзім для дзяцей розныя хімічныя доследы, эксперыменты па біялогіі, паказваем, як выкарыстоўваць лабараторнае абсталяванне. Спачатку ўзнікалі пэўныя цяжкасці. Малодшыя школьнікі вельмі энергічныя і рухавыя — трэба было знайсці да іх падыход, наладзіць дысцыпліну. Паступова ўсё атрымалася. Падабаецца працаваць з малымі, цяпер яны кожны наш прыход чакаюць з нецярпеннем, — падзяліліся вучаніцы педкласаў Кацярына Манько, Софія Койпіш і Кацярына Вароніч.
Праект “Ведаеш? Навучы!” выдатна сябе зарэкамендаваў, таму ў школе плануюць надаць яму новае гучанне. Хутка навучэнцы профільных класаў пачнуць праводзіць з малымі яшчэ і міні-даследаванні.
— Вучням пачатковых класаў гэта дазволіць адчуць сябе маленькімі вучонымі. А педкласам, як і ў цэлым удзел у праекце, стартаваць у прафесію. Бо ўсе праведзеныя заняткі мы дэталёва абмяркоўваем: аналізуем, што ўдалося рэалізаваць, а з чым узніклі цяжкасці. Акрамя таго, набліжанасць да рэальнай педагагічнай работы дапамагае навучэнцам выразна ўсвядоміць, ці гатовы яны ісці па жыцці настаўніцкай дарогай, — падкрэсліла Анастасія Віктараўна.
Шэраг педкласаўцаў за час навучання пераконваюцца ў правільнасці выбранага прафесійнага шляху. Каля 50% з іх мэтанакіравана паступаюць у профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі. Дарэчы, у наступным годзе ў сярэдняй школе № 2 Клічава чакаюць першых маладых спецыялістаў з ліку выпускнікоў педагагічных класаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара