З 400-гадовым юбілеем, “Слуцкія Афіны”!

3 лютага 2018 г. найстарэйшая школа Беларусі — гімназія № 1 Слуцка — адзначыла 400-годдзе з дня заснавання. Ва ўрачыстых юбілейных мерапрыемствах, акрамя педагогаў, вучняў і выпускнікоў розных гадоў, прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінаблвыканкама В.І.Сірэнка, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г.М.Казак, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі І.У.Каржова, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі В.В.Ражанец, старшыня Слуцкага райвыканкама А.У.Янчэўскі, намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай работы Л.Г.Дабравольская, рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі С.У.Сітнікава, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама А.В.Нядзелька, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў В.А.Ражанец, настаяцель Мінскага касцёла Святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.

У 1617 г. Янушам VI Радзівілам у Слуцку была адкрыта кальвінісцкая школа, якую ў тыя далёкія часы ўжо называлі “Слуцкія Афіны”, “узорная Слуцкая гімназія”. У сценах школы не толькі давалі вялікі аб’ём ведаў, але і вучылі галоўнаму — самастойна мысліць. Немагчыма пералічыць усіх вядомых вучоных, грамадскіх дзеячаў, дзеячаў літаратуры і мастацтва XVII—XX стагоддзяў, якім Слуцкая гімназія адкрыла дзверы ў жыццё. Беларускі асветнік І.Ф.Капіевіч, філосаф і паэт Ян Белабоцкі, байкапісец Альгерд Абуховіч, мастак К.І.Карсалін, дырэктар Маскоўскай абсерваторыі ў 60-я гады XIX ст. В.К.Цераскі, беларускі пісьменнік Я.Л.Дыла, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1949—1952 гг. І.С.Чымбург, эксперт у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў, доктар тэхнічных навук, выдатны навуковец і канструктар С.А.Косберг і многія іншыя.

Сучасная гімназія № 1 годна захоўвае традыцыі “Слуцкіх Афін” і мае вялікі аўтарытэт і станоўчы імідж на адукацыйнай прасторы не толькі нашай краіны, але і за яе межамі. Узаемаразуменне паміж калегамі, бескарыслівая адданасць педагагічнай справе, адкрытасць да супрацоўніцтва дапамаглі і педагогам, і вучням дасягнуць значных вынікаў. За апошнія 10 гадоў у гімназіі падрыхтавана 17 пераможцаў міжнародных алімпіяд па інфарматыцы, хіміі, рускай мове і літаратуры; 61 пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 6 — алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Вучні гімназіі атрымалі 20 дыпломаў на рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, 10 дыпломаў на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях вучняў і студэнтаў у Расійскай Федэрацыі, 10 дыпломаў на міжнароднай маладзёжнай навуковай канферэнцыі “Гагарынскія чытанні”. Пяцёра настаўнікаў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Па выніках работы за 2016 год гімназія стала лаўрэатам абласнога конкурсу “За дасягненні высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” сярод устаноў адукацыі, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў у намінацыі “Лепшая гімназія, ліцэй” (2-е месца).

Квітней, найстарэйшая школа Беларусі!

Святлана МАЗУРЫНА.