З адказнасцю за адукацыю і выхаванне

- 10:00Культура

Учора ў Мінску ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” адбылося ўрачыстае адкрыццё фірменнага магазіна выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, а таксама ўзнагароджанне дзесяці самых папулярных аўтараў выдавецтва. Мерапрыемства стала сапраўдным святам не толькі для аматараў кніжных навінак, але і для навукоўцаў, педагогаў, а таксама навучэнцаў.

За больш чым 20 гадоў дзейнасці на выдавецкім рынку нашай краіны выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” назапасіла вялікі вопыт і стала найбуйнейшым у Беларусі. Выконваючы дзяржаўныя заказы на выдавецтва вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, ажыццяўляючы падтрымку прафесійных конкурсаў, яно актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі адукацыйнай палітыкі Міністэрства адукацыі.

Як адзначыў у вітальным слове міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка, выдавецтвам створана ўнікальная серыя перыядычных выданняў для настаўнікаў і кіраўнікоў сістэмы адукацыі, а серыя “У дапамогу педагогу” стала сапраўдным брэндам выдавецтва і ахоплівае ўсе аспекты вучэбна-выхаваўчага працэсу. “Усе навукова-практычныя і навукова-метадычныя часопісы выдавецтва карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам сярод педагагічнай грамадскасці Беларусі. Выдавецтва знаёміць педагогаў з апошнімі інавацыямі ў адукацыі, садзейнічае самаразвіццю і паспяховай прафесійнай дзейнасці”, — адзначыў міністр адукацыі.

У выдавецтва шырокі асартымент сацыяльна-значнай літаратуры, уключаючы вучэбную і вучэбна-метадычную літаратуру для ўстаноў усіх узроўняў адукацыі. На гандлёвай пляцоўцы ў 30 кв.м размешчана больш за 700 найменняў кніг і часопісаў для дзяцей і дарослых. “Прыярытэтным напрамкам нашай дзейнасці з’яўляецца выданне высокапрафесійнай вучэбнай, вучэбна-метадычнай, навукова-папулярнай літаратуры. Мы выдаём кнігі, часопісы, якія дапамагаюць настаўніку выконваць сваю святую місію — вучыць і выхоўваць. Менавіта педагогу адрасаваны наш флагман — часопіс “Адукацыя і выхаванне”, менавіта на педагога накіравана серыя навукова-метадычных выданняў “У дапамогу педагогу”. Менавіта да педагога нясуць свае думкі, веды часопісы “Пралеска”, “Пачатковая школа”, “Роднае слова” і многія іншыя нашы выданні”, — паведаміў дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Валянцін Янавіч Навагродскі.

Сёння выдавецтва выпускае 26 часопісаў, з якіх 19 ВАКаўскіх. Вялікім попытам сярод школьнікаў карыстаюцца выданне навукова-папулярнай серыі “Свет прыгод” і іншыя, а для старшакласнікаў выдаюцца кнігі, якія дапамагаюць ім падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання. У гэтым годзе да вялікай дружнай сям’і “Адукацыі і выхавання” былі далучаны часопісы “Вясёлка” і “Буся”. “Мы разумеем адказнасць за выхаванне і адукацыю нашых юных беларусаў. Нашы поспехі і дасягненні — гэта ўклад і чытачоў, і аўтараў у агульную справу. Дзякуючы вам мы з’яўляемся вядучым выдавецтвам у сістэме нацыя нальнай адукацыі”, — дадаў В.Я.Навагродскі.

Новы кніжны магазін, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада, не толькі будзе запатрабаваны ў мінчан і гасцей сталіцы, але і стане месцам прыцягнення аматараў літаратурных навінак.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.