З адказнасцю за маладое пакаленне

- 10:00Людзі адукацыі

Чалавеку неабходна марыць. Але важна таксама ўмець знаходзіць у сабе сілы для дзеянняў, для рэалізацыі задуманага ў рэальнасці. Такога меркавання прытрымліваецца дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Георгій Мікалаевіч Маліноўскі.

Георгій Мікалаевіч плённа працуе ў педагогіцы на працягу ўжо звыш 50 гадоў. На настаўніцкі шлях стаў свядома, бо прафесійны выбар ажыццяўляў ужо сталым чалавекам.

— Юнаком скончыў прафесійнае вучылішча, атрымаў першы працоўны вопыт, адслужыў у войску. Менавіта падчас службы ўпершыню зацікавіўся настаўніцкай працай. А калі пасля арміі вярнуўся ў Магілёў, без роздумаў накіраваўся ў тагачасны Магілёўскі педагагічны інстытут. Здаў неабходныя іспыты на “выдатна” і стаў студэнтам гістарычнага факультэта. Вельмі падтрымала мяне тады жонка. Яна таксама педагог і змагла правільна матываваць, надала веры ў сябе, — успамінае Г.М.Маліноўскі. 

Педагагічную адукацыю Георгій Мікалаевіч атрымліваў завочна. Хутка пачаў настаўнічаць. У сельскіх школах Магілёўскага раёна выкладаў не толькі гісторыю, але і геаграфію, фізкультуру.

— Пасля працаваў у Магілёўскім райкаме партыі. Работа была цікавай, але хацелася вярнуцца ў педагогіку. Так стаў супрацоўнікам аблвыканкама, дзе курыраваў функцыянаванне прафтэхшколы. Там я атрымаў каласальны прафесійны вопыт. Як дасведчанага спецыяліста ў 1987 годзе мяне накіравалі ў тагачаснае Магілёўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 1 дапамагаць у падрыхтоўцы да правядзення міжнароднага конкурсу механізатараў сельскай гаспадаркі. Конкурс мы тады арганізавалі на высокім узроўні. І неяк за час падрыхтоўкі я вельмі прыкіпеў душой да гэтай навучальнай установы. Так і застаўся тут на пасадзе кіраўніка, — расказаў Г.М.Маліноўскі.

На чале Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа Георгій Мікалаевіч ужо 33 гады. За гэты час навучальная ўстанова змянілася да непазнавальнасці. А ўсё дзякуючы таму, што ды­рэктар, а разам з ім і педагагічны калектыў, і навучэнцы, не баяцца ўвасабляць у жыццё нават самыя грандыёзныя мары і задумы.

— Я прытрымліваюся меркавання, што галоўная задача прафтэхшколы — навучыць вучняў працаваць. Атрымаць працоўныя навыкі толькі па тэорыі немагчыма, павінна быць прак­тыка. Для гэтага неабходна пэўная база, што адпавядае патрабаванням сучаснасці. У нас атрымалася стварыць у каледжы выдатныя ўмовы для навучання, — адзначыў Георгій Мікалаевіч.

І сапраўды, матэрыяльна-тэхнічная база ў каледжы самая сучасная. Асноўнае, на што робіцца ўпор — практыка-арыентаванасць заняткаў. На думку Г.М.Маліноўскага, сучасныя выпускнікі павінны адразу ўключацца ў вытворчасць, таму тут вывучаюць не плакаты, макеты і муляжы, а сапраўдныя лясныя ўгоддзі, дэталёва знаёмяцца з найноўшай сельскагаспадарчай тэхнікай і спрабуюць працаваць на зямлі.

У каледжы дзейнічае рэсурсны цэнтр па кваліфікацыі “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”. Там ёсць рэальны трактар МТЗ-3022 у разрэзе, дзе можна наглядна разгледзець кожную дэталь. У іншых вучэбных кабінетах таксама ўсталяваны дэталі, рухавікі.

— Усе агрэгаты працуюць і прыводзяцца ў дзеянне пры дапамозе электроннага пульта. Магчымасць убачыць дэталі, паназіраць за іх работай для навучэнцаў лепш любога падручніка. Атрыманыя тэарэтычныя веды будучыя механізатары могуць адтачыць падчас працы на палях вучэбнай гаспадаркі. Вывучэнне тэм на практыцы, значна паскарае працэс пазнання, спрыяе лепшаму засваенню неабходных прафесійных навыкаў, — сказаў Георгій Мікалаевіч.

З такім падыходам у кале­джы арганізоўваецца падрыхтоўка кадраў па ўсіх спецыяльнасцях. Напрыклад, будучыя леснікі і егеры набываюць прак­тычныя навыкі за работай на вучэбных паляўнічых угоддзях, плошча якіх 6 тысяч га, і ў заасадзе. Дарэчы, заасад — асобая гордасць кіраўніка ўстановы. Створаны па яго ўласнай ініцыятыве, сёння гэта не проста вучэбная лабараторыя, а папулярнае турыстычнае месца, якое ўваходзіць у лік асноўных славутасцей Магілёва. На тэрыторыі ў 160 га размясціліся звыш 30 вальераў для ўтрымання жывёл, адміністрацыйны будынак, гаспадарчы блок, кафэ, зоны адпачынку, міні-чыгунка, турыстычная экалагічная сцежка, назіральныя пляцоўкі. У калекцыі дзікіх звяроў і птушак ёсць зубры, плямістыя і высакародныя алені, ласі і казулі, козы і муфлоны, вярблюды, кабаны, мядзведзі, ваўкі, лісы, тыгр, рысь, янотападобныя сабакі, барсукі, пясцы, страусы, глушцы, фазаны, совы, шматлікія віды свойскіх жывёл. Для ўсіх іх у зааса­дзе створаны натуральныя ўмовы пражывання.

— Нашы выпускнікі поўнасцю адаптаваны да работы ў лясной гаспадарцы. Аднак акрамя адукацыйнай, заасад выконвае і сацыяльныя функцыі — дапамагае выхоўваць у моладзі міласэрнасць, гуманізм, — падкрэсліў Г.М.Маліноўскі.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Георгій Мікалаевіч асаблівую ўвагу ўдзяляе якраз выхаванню маладога пакалення. Ён упэўнены: адна з прыярытэтных задач адукацыі на сучасным этапе — выхаванне ўсебакова развітой асобы. Таму ў каледжы моладзь далучаюць да карыснай занятасці, рыхту­юць да дарослага жыцця. Па ініцыятыве дырэктара ва ўстанове мадэрнізавалі Дом культуры, стварылі кабінет эстэтычнага выхавання, дзе маладых лю­дзей вучаць этыцы, эстэтыцы, расказваюць, як правільна будаваць сямейныя адносіны, паводзіць сябе ў розных жыццёвых сітуацыях.

Асабліва важным Георгій Мікалаевіч лічыць грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Ды і як жа інакш. Навучальная ўстанова размясцілася ў вёсцы Буйнічы, дзе на пачатку Вялікай Айчыннай вайны ішлі самыя жорсткія баі па абароне Магілёва. Моладзь захоўвае памяць пра тыя па­дзеі, прымаючы самы актыўны ­ўдзел у доглядзе мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. Навучэнцы супрацоўнічаюць з ветэранамі вайны, аказваючы ім усялякую падтрымку. А некалькі гадоў назад сіламі педагогаў і навучэнцаў на тэрыторыі каледжа была створана маштабная музейная экспазіцыя. Тут аднавілі лінію нямецкай абароны з асноўнымі элементамі: бліндажом, агнявой кропкай, назіральным пунктам, зямлянкай, траншэямі, гарматамі, мінамётам, танкам, самалётам. Зараз актыўна працу­юць над стварэннем экспазіцыі, якая будзе дэманстраваць моц савецкай арміі. На спецыялізаваных бетонных пляцоўках будуць размешчаны 19 макетаў ваеннай тэхнікі ўзору 1944 года.

У комплексе з музейна-гістарычнай экспазіцыяй на базе каледжа працуе адзіны ў краіне музей Канстанціна Сіманава, дзе сабраны сотні ўнікальных матэрыялаў і экспанатаў.

— Ваенна-гістарычная экспазіцыя і музей выкарыстоўваюцца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе. На іх базе працуе гурток “Краязнаўства”, праводзяцца ўрокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі. Гэта праца вельмі важная, бо яна найлепшым чынам дазваляе моладзі зразумець, наколькі вялікі по­дзвіг здзейснілі салдаты Чырвонай Арміі, якой цаной нам дасталася перамога, — адзначыў Г.М.Маліноўскі.

За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж стаў свое­асаблівым адукацыйным брэндам рэгіёна. У гэтай навучальнай установе не ўзнікае праблем з наборам абітурыентаў, выпускнікі кале­джа заўсёды запатрабаваны на рынку працы. Установа на працягу шэрага гадоў знахо­дзіцца ў лідарах спаборніцтва сярод прафесійных каледжаў вобласці, была ўдастоена права занясення на рэспубліканскую і абласную Дошку гонару.

Вядома, такія высокія дасягненні — вынік працы ўсяго педагагічнага калектыву. Аднак уклад у развіццё каледжа яго кіраўніка складана пера­ацаніць. Г.М.Маліноўскі з’яўляецца заслужаным работнікам адукацыі, мае званні “Чалавек года” і “Ганаровы грамадзянін Магілёва”. За значную працу ў сферы прафесійнай адукацыі ўзнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём “За працоўныя заслугі”, атрымаў падзяку ад прэзідэнта.

Высокапрафесіянальны кіраўнік і педагог, але сціплы чалавек — Георгій Мікалаевіч не вельмі любіць гаварыць пра асабістыя ўзнагароды. Ён доўга і цікава расказвае пра навучальную ўстанову, якую ўзначальвае, пра свой цудоўны педагагічны калектыў, сапраўдную каманду аднадумцаў. Дарэчы, ра­зам з гэтай камандай у дырэктара яшчэ шмат планаў і задум. Ён нацэлены на далейшае ўдасканаленне работы каледжа.

— На развіццё матыву­юць навучэнцы. А мы ў адказе за тых, каго нам даверылі рыхтаваць да жыцця, — упэўнены Г.М.Маліноўскі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.