З ахапкам сонечных промняў у руках

- 15:03Адукацыйная прастора

Сучасны настаўнік…  Які ён? Патрабавальны і справядлівы, чулы і адкрыты, аўтарытэтны і дэмакратычны ў адносінах з дзецьмі, здольны ставіць мэты і дабівацца значных вынікаў. Гэтыя характарыстыкі вызначаюць настаўніцу матэматыкі Рэчыцкага раённага ліцэя, што на Гомельшчыне, Наталлю Мікалаеўну Раманаву. Кожны яе ўрок — непаўторная сустрэча са светам навуковых ведаў, дзе навучэнцы не проста спазнаюць законы матэматыкі, а вучацца жыць, спасцігаюць законы быцця.

— Настаўніцай я марыла с­таць з дзяцінства, — расказвае Наталля Мікалаеўна. — Мая мама выкладала рускую мову і літаратуру, і я не па чутках ведала, што гэта такое. У школе вельмі любіла ўрокі матэматыкі дзякуючы свайму педагогу Ірыне Міхайлаўне Ткачовай, якая для мяне і сёння застаецца эталонам выкладчыка. У Рэчыцкім раённым ліцэі працую 15 гадоў, з дня яго заснавання. Тут створаны ўсе ўмовы для творчага развіцця і навучэнцаў, і педагогаў. Разам мы адзіная сістэма, якая, дзякуючы кампетэнтнаму кіраўніцтву, дае высокія вынікі.

Калегі добра ведаюць, што, калі На­талля Мікалаеўна бярэцца за справу, поспех гарантаваны. Інтэлектуальныя конкурсы, алімпіяды па вучэбным прадмеце, навукова-практычныя канферэнцыі, метадычныя мерапрыемствы самага рознага ўзроўню з удзелам Н.М.Раманавай і яе вучняў праходзяць вынікова. За гады работы ў ліцэі Наталля Мікалаеўна падрыхтавала 34 пераможцаў другога, 7 трэцяга і 1 заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Матэматыка”. Яе навучэнцы неаднаразова станавіліся пераможцамі абласнога і рэспубліканскага турніраў юных матэматыкаў, Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу, адкрытых раённых навуковых чытанняў навучэнцаў “Залатыя россыпы”, гомельскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў па прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных напрамках “Пошук”. Так, у сёлетнім навучальным годзе на гэтай канферэнцыі работа Івана Светушкова была адзначана дыпломам ІІІ ступені. У 2013 і 2018 гадах трое вучняў, падрыхтаваных Наталляй Мікалаеўнай, атрымалі стабальныя сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы.

У сваіх навучэнцаў Н.М.Раманава імкнецца выхоўваць ініцыятыўнасць і мэтанакіраванасць, рацыянальны стыль мыслення, развіць пазнавальную цікавасць да свайго прадмета. У педагога выпрацавана сістэма па арганізацыі асобасна арыентаванага навучання. Гэта ўмелае спалучэнне элементаў сучасных педагагічных тэхналогій — індывідуальных і калектыўных спосабаў навучання.

— Імкнуся не толькі даць навучэнцам глыбокія і трывалыя веды па прадмеце, але і навучыць іх самастойна рухацца ў сваёй матэматычнай адукацыі, прымяняць веды ў незнаёмай сітуацыі, вылучаць гіпотэзы, абгрунтоўваць іх дакладнасць або абвяргаць, падтрымліваць унутранае жаданне вывучаць матэматыку, стараюся выхаваць сумленных, добрых людзей, здольных на ўзаемападтрымку, узаемадапамогу, — адзначае Н.М.Раманава. —  На сваіх уроках імкнуся максімальна даступна і проста растлумачыць матэрыял, фіксуючы ключавыя моманты, сістэматычна паказваць падчас рашэння задач сувязь розных раздзелаў матэматыкі, дэманстраваць прымяненне атрыманых ведаў у рэальным жыцці. Аддаю перавагу тэхналогіі праблемнага навучання, якая фарміруе навыкі рашэння даследчых задач. Ствараю сітуацыю поспеху і ўпэўненасці, што любая мэта можа быць дасягнута.

Педагог на сваіх занятках актыўна прымяняе і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (гэта і ўрокі з камп’ютарнай падтрымкай, і самастойная работа вучняў з ЭСН, і дыстанцыйнае навучанне). На думку Наталлі Мікалаеўны, урокі з прымяненнем ІКТ не замяняюць настаўніка, а, наадварот, робяць узаемадзеянне вучня з педагогам больш змястоўным, індывідуальным і дзейсным. Выкарыстанне камп’ютара і інтэрактыўнай сістэмы эканоміць час, павышае матывацыю і эфектыўнасць вучэбнага працэсу. Пры ўмове сістэматычнага выкарыстання электронных вучэбных праграм у спалучэнні з традыцыйнымі метадамі навучання і педагагічнымі інавацыямі значна павышаецца эфектыўнасць падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання вучняў з розным узроўнем ведаў.

ІКТ выкарыстоўваюцца настаўніцай на розных этапах урока. Так, на этапе тлумачэння новага матэрыялу для дэманстрацыі графікаў, ілюстрацый, алгарытмаў, розных метадаў рашэнняу ў ход ідуць магчымасці інтэрактыўнай дошкі. У старшых класах у вучняў узнікаюць цяжкасці пры вывучэнні стэрэаметрыі. Важную ролю пры рашэнні стэрэаметрычных задач адыгрывае пабудова чарцяжа, малюнка доследнага аб’екта. Інтэрактыўная сістэма значна пашырае спектр дзеянняў работы з чарцяжамі: можна любую геаметрычную фігуру павярнуць, выканаць дадатковыя пабудовы, задаць яе ў аб’ёме, зрабіць чарцёж на плоскасці, паказаць рашэнне задачы на пабудову. На дапамогу педагогу прыхо­дзяць праграмы “Алгебра, 10”, “Стэрэаметрыя”, “Планіметрыя” і інш. 

Пра сябе Н.М.Раманава не вельмі любіць гаварыць, а вось пра сваіх выхаванцаў расказвае з задавальненнем. “Мяне заўсёды захапляе віртуознасць матэматычнай думкі маіх навучэнцаў. Ніколі не стамляюся дзівіцца палёту іх творчай фантазіі. І кожны год, чакаючы новых дзяцей, чакаю адкрыцця новых зорачак матэматыкі”, — гаворыць педагог.

Выпускнікі ліцэя і яго сённяшнія навучэнцы любяць і паважаюць Наталлю Мікалаеўну, пастаянна з ёй на сувязі, дапамагаюць у падрыхтоўцы да конкурсаў і канферэнцый.

— Уяві, што сёння не твой дзень. Напрыклад, ты атрымаў “два” па літаратуры, спазніўся на ўрок, парваў штаны. Хтосьці са старшакласнікаў цябе крыў­дзіць, кагосьці пакрыўдзіў ты. Настрой з кожным урокам усё горшы і баліць галава. І гэты дыскамфорт робіць існаванне наогул невыносным. Але вось уваходзіць настаўніца матэматыкі. Усё мяняецца, непрыемнасці здаюцца дробнымі і адсоўваюцца на другі план. Не ведаю, як іншыя, а я Наталлю Мікалаеўну Раманаву бачу з квітнеючым сэрцам і ахапкам сонечных промняў  у руках. Яе дабрыня, чуласць і спакой, мудрасць і педагагічны талент дапамагаюць справіцца з любымі праблемамі. Да яе ў любы час можна звярнуцца па дапамогу і не баяцца, што адмовяць, адштурхнуць або проста адмах­нуцца ад цябе, — напісаў выпускнік ліцэя Дзмітрый Петкун.

Ці не гэта самае яркае прызнанне павагі да настаўніка і яго працы?

Наталля КАЛЯДЗІЧ.