Лета ў разгары. Дзеці адпачываюць, а сістэма адукацыі працуе нягледзячы на канікулы. Чым жывуць і пра што клапоцяцца педагогі ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, сёння расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама Марыя Міхайлаўна БАБІНІЧ. Па выніках раённага конкурсу аддзел адукацыі, спорту і турызму быў занесены на раённую Дошку гонару.
— Марыя Міхайлаўна, першае пытанне: як адпачываецца вашым навучэнцам?
— Думаю, што добра. Праграмай занятасці навучэнцаў “Лета на карысць — 2016” штомесяц (у адпаведнасці з календарамі раённых, абласных, рэспубліканскіх масавых мерапрыемстваў) прадугледжаны акцыі, конкурсы, спаборніцтвы, паходы па месцах баявой славы раёна і іншыя мерапрыемствы. Акрамя таго, ажыццяўляецца дзейнасць прышкольных аздараўленчых летнікаў, гульнявых і спартыўных пляцовак на працягу ўсіх трох летніх месяцаў.
Першая змена ў прышкольных аздараўленчых летніках, якія функцыянавалі на базе 6 устаноў адукацыі і спорту, завяршылася. Усяго ў першую змену ў рознага тыпу летніках было аздароўлена 137 навучэнцаў. У чэрвені працавалі 2 аздараўленчыя летнікі з кругласутачным знаходжаннем. Для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, таксама быў арганізаваны кругласутачны аздараўленчы летнік (на базе Акцябрскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра).
11 ліпеня пачалася другая змена прышкольных аздараўленчых летнікаў з дзённым знаходжаннем, у якіх плануецца аздаравіць 132 навучэнцы. Зноў арганізаваны летнік з кругласутачным знаходжаннем, але ўжо на базе Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Падчас трэцяй змены будзе аздароўлена 135 навучэнцаў у пяці летніках з дзённым знаходжаннем. Не будзе спынена работа і кругласутачных летнікаў, а таксама пачне функцыянаваць 9-дзённы летнік працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем на базе Краснаслабодскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
— Другое актуальнае пытанне: як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года?
— Яшчэ ў красавіку 2016 года было прынята рашэнне раённага выканаўчага камітэта “Аб падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі і спорту да новага 2016/2017 навучальнага года” і зацверджаны планы ажыццяўлення рамонтных работ.
Усе цеплакрыніцы падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона. Цеплавыя вузлы (іх 22) адрамантаваны і гатовы да асенне-зімовага перыяду. Зроблены прамыванне сістэмы ацяплення, гідраўлічныя выпрабаванні ва ўсіх установах адукацыі і спорту. Адрамантавана і здадзена ў эксплуатацыю цеплатраса ў яслях-садзе № 1 Акцябрскага, на што было выдаткавана 30 тысяч (300 млн) рублёў. Нарыхтавана 80 м3 дроў з запланаваных 120 м3. Ва ўсіх установах адукацыі і спорту вядзецца бягучы рамонт у вучэбных кабінетах, спартыўных залах, харчаблоках і г.д. Закуплены 2 электрычныя пліты і электрабойлер.
На якасць ведаў вучняў наўпрост уплывае наяўнасць лабараторнага, вучэбнага абсталявання, электронных і тэхнічных сродкаў навучання. Згодна з дзяржаўнай Праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі на 2007—2016 гады, абсталяваны сучасныя кабінеты фізікі ў Акцябрскай раённай гімназіі, сярэдняй школе № 2 Акцябрскага, Рассветаўскай сярэдняй школе, набыты інтэрактыўныя комплексы, камп’ютарнае абсталяванне, у тым ліку для мадэрнізацыі школьных бібліятэк.
— Хутка пачнуцца жнівеньскія нарады, дзе будуць падводзіцца вынікі мінулага навучальнага года. Чым ён стаў адметны ў вашым раёне?
— Па выніках абласнога конкурсу ў 2015 годзе сярод групы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, у падведамасных установах якіх вучылася і выхоўвалася да 4 тысяч дзяцей, аддзел адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама заняў 2 месца па кадравым забеспячэнні, 3 месца — па развіцці сістэмы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.
Вельмі прыемна, што другі год запар навучэнцы Акцябрскай раённай гімназіі становяцца пераможцамі рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару. У гэтым годзе дыпломам І ступені па вучэбным прадмеце “Беларуская мова” ўзнагароджаны навучэнец 9 класа Данііл Шайко (настаўніца Таццяна Сяргееўна Крэч). Па рашэнні Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, Таццяна Сяргееўна ўзнагароджана заахвочвальнай прэміяй за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў. Марыя Дашкоўская 2 гады запар была пераможцай трэццяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, у 2015 годзе ўзнагароджана прэміяй спецыяльнага фонду Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта па сацыяльнай падтрымцы інтэлектуальна адоранай моладзі.
У 2015/2016 навучальным годзе акцэнт у выхаваўчай рабоце быў зроблены на забеспячэнне якасці работы па арганізацыі карыснай занятасці навучэнцаў, прафілактыцы негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі. У выніку сістэмнай работы ў нас няма злачынстваў і правапарушэнняў за мінулы перыяд.
— Адным з напрамкаў развіцця сістэмы ў новым навучальным годзе стане працяг работы па стварэнні профільных класаў. Наколькі актыўна вы ўключыліся ў гэты працэс?
— У раёне 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У 2015/2016 навучальным годзе 10-я класы функцыянавалі ў сямі ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (87 вучняў). Быў адкрыты профільны клас у Акцябрскай раённай гімназіі і 3 профільныя групы ў іншых установах адукацыі. Ахоп навучэнцаў профільным навучаннем у раёне склаў 54% (гэта адзін з лепшых паказчыкаў у Гомельскай вобласці). У профільных класах і групах працавалі педагогі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй.
На працягу 2015/2016 навучальнага года рэспубліканскімі, абласнымі і раённымі структурамі праводзілася актыўная метадычная работа з педагогамі, якія арганізоўваюць профільнае навучанне. Практычна кожны, хто працаваў у профільных класах (групах), у бягучым годзе прыняў удзел у семінарах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.
У 2016/2017 навучальным годзе плануецца адкрыццё профільных класаў і груп на базе гарадскіх устаноў адукацыі і 2 профільных груп у сельскіх установах адукацыі.
— Марыя Міхайлаўна, па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне аптымізацыі сеткі навучальных устаноў. Наколькі яно закранула ваш раён?
— Сапраўды, актуальным пытаннем у сістэме адукацыі раёна застаецца аптымізацыя навучальных устаноў. У мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў з 1 верасня 2015 года Майсееўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа была рэарганізавана ў Майсееўскі дзіцячы сад — базавую школу. З 1 студзеня вырашана пытанне па размяшчэнні Любанскага сельскага дома народнай творчасці ў будынку Любанскага дзіцячага сада — базавай школы.
— А што хвалюе начальніка аддзела адукацыі?
— Сур’ёзны адбітак на развіццё сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі накладвае дэмаграфічная сітуацыя. Варта адзначыць, што з году ў год змяншаецца колькасць вучняў у школах, асабліва ў сельскай мясцовасці. У сувязі з гэтым адбываецца рэарганізацыя школ і скарачаецца колькасць педагогаў. У штатным раскладзе такіх школ адсутнічаюць пасады намесніка дырэктара, сацыяльнага педагога, педагога-псіхолага, педагога-арганізатара, а таксама сакратара.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.