З акцэнтам на логіку і парадак

- 11:12Людзі адукацыі

Матэматыка закаляе характар, з’яўляецца ўвасабленнем парадку і жорсткай логікі, арганізоўвае, упарадкоўвае і аптымізуе наша мысленне. І калі вам пашчасціць з настаўнікам, то з матэматыкай будзеце сябраваць усё сваё жыццё. Думаю, калі ў клас сярэдняй школы № 1 Драгічына, што на Брэстчыне, заходзіць Алена Барысаўна Пратасевіч, вучні адразу становяцца арганізаванымі. Настаўніца на ўласным прыкладзе дэманструе ўздзеянне матэматыкі на жыццё. 

Алена Барысаўна — фіналіст Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2011”, член клуба “Крыштальны журавель”, настаўнік-метадыст, мае ступень бакалаўра, з’яўляецца членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў матэматыкі, уваходзіць у склад каардынацыйнага савета па рабоце з настаўнікамі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. З’яўляючыся кіраўніком раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі, на кожным пасяджэнні праводзіць розныя тэматычныя майстар-класы, дае індывідуальныя кансультацыі, уносячы значны ўклад у арганізацыю метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі і павышэнне якасці адукацыйнага працэсу ва ўстановах раёна.

З’яўляецца аўтарам 4 дапаможнікаў і суаўтарам некалькіх дапаможнікаў метадычнага характару, а таксама шматлікіх артыкулаў у перыядычных выданнях педагагічнай накіраванасці. Рэцэнзавала шэраг метадычных і дыдактычных дапаможнікаў.

Рэгулярна праводзіць майстар-класы і трэнінгі ў рамках розных мерапрыемстваў ад раённага да рэспубліканскага ўзроў­ню (“Калядны фэст”, семінары, акцыі “Настаўнік года — адукацыі рэгіёна”; усяго больш за 100 майстар-класаў). Сістэматычна прымае ўдзел у рэгіянальным этапе міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, прэзентуючы розныя аўтарскія адукацыйныя прадукты.

З’яўляецца аўтарам двух дыстанцыйных курсаў павышэння кваліфікацыі педагогаў на адукацыйнай платформе “Знанио”. Чытае лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі Брэсцкага інстытута развіцця адукацыі. Праводзіць аўтарскія курсы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 2012 года ўдзель­нічае ў інавацыйнай дзейнасці, трансліруе набыты інавацыйны вопыт на розных семінарах і праз сродкі масавай інфармацыі. З’яўляецца дыпламантам (дыплом I ступені) III Абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога”. Зарэкамендавала сябе як высокакваліфікаваны андрагог. У сувязі з гэтым сістэматычна запрашаецца для правядзення аўтарскіх семінараў у розныя рэгіёны рэспублікі.

У мінулым годзе яе вучань Ілья Міхаевіч набраў 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы, а другі атрымаў дыплом I ступені на абласным этапе навукова-даследчай канферэнцыі і дыплом II ступені на навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Першы крок у навуку — 2018” (механіка-матэматычны факультэт БДУ).

З канца мінулага тыдня А.Б.Пратасевіч — старшыня абласнога клуба педагогаў. І тут яна ставіць перад сабой амбіцыйныя задачы. “Калі кожны настаўнік будзе вучыць не толькі спосабам выканання тых ці іншых заданняў, але і арыенцірам, як знаходзіць выхады з нестандартных сітуацый, уносіць уклад у выхаванне, не фармальна запісаўшы састарэлую трыадзіную мэту, а пры дапамозе старанна падабраных прыёмаў, то, я ўпэўнена, асноўная частка нашай вучнёўскай супольнасці выйдзе на больш якасны ўзровень адукацыі.

Настаўнікі з вялікай неахвотай асвойваюць інтэрактыўныя прыёмы навучання. Многія пасяджэнні вучэбна-метадычных аб’яднанняў праходзяць кансерватыўна — з зачытвання інтэрнэтных дакладаў. На ўроках дзейнасць вучняў абмяжоўваецца слуханнем і перапісваннем з дошкі. Таму нам, у першую чаргу, патрэбен камплект майстар-класаў, урокаў для дарослых і педмастэрняў, які будзе накіраваны на дэманст­рацыю таго, як павінен выглядаць кампетэнтнасна арыентаваны ўрок і як у інтэрактыўнай форме можна абменьвацца вопытам. Пры гэтым магчыма нават правядзенне трэнінгаў па арганізацыі эўрыстычных дыялогаў пры вывучэнні новага матэрыялу”, — адзначыла яна ў сваім звароце да калег.

Урокі Алены Барысаўны — кампетэнтнасна арыентаваныя. “Прадметныя веды — гэта сродкі для фарміравання агульных вучэбных уменняў і навыкаў, кампетэнцый. Важна наву­чыць параўноўваць, рабіць аналіз, аналогіі і, безумоўна, право­дзіць выхаваўчую работу. Нагода для выхавання павінна быць на кожным уроку. Першае, што мы павінны зрабіць у школе, — гэта выхаваць чалавека”, — лічыць Алена Барысаўна.

Зыходнай кропкай для рэалізацыі кампетэнтнасна арыентаванага падыходу ў вучэбным працэсе стаў удзел Беларусі ў даследаванні РІSA. Сваімі метадычнымі здабыткамі падзялілася і А.Б.Пратасевіч: “Ёсць каштоўнасная кампетэнцыя, якая звязана з нормамі маралі і дапамагае рэалізоўваць выхаваўчы патэнцыял урока. Напрыклад, мы вывучаем паняцці арксінус і арккосінус, якія ўвёў Жазэф Лагранж. Звяртаю ўвагу на асобу гэтага выбітнага навукоўцы, грамадскага дзеяча, які ў жыцці быў вельмі сціплым і талерантным. Невялікая рэмарка, але з вялікім выхаваўчым патэнцыялам. Калі з малымі рашаем задачу пра сланоў, то звяртаю ўвагу, што эталонам вернасці з’яўляюцца не лебедзі, а якраз сланы.

Пры фарміраванні сацыяльнай кампетэнцыі можна рашаць задачы пра ўклады ў банкі, пра пакупкі, рамонт, аплату за камунальныя паслугі. Тут мы пражываем пэўныя сацыяльныя ролі. Пры фарміраванні кампетэнцыі самавызначэння вельмі важна навучыць ставіць мэты і рэфлексаваць. Універсальным інструментам для рэалізацыі гэтай кампетэнцыі з’яўляецца актыўная ацэнка.

Наступная кампетэнцыя — вучэбна-пазнавальная — здольнасць арганізаваць сваё адукацыйнае асяроддзе. Універсальнай стратэгіяй для фарміравання гэтай кампетэнцыі з’яўляецца перавернутае навучанне, але, згодна з інструктыўна-метадычнымі пісьмамі, мы не можам даваць дамашнія заданні на апярэджванне. Перавернутым урокам могуць карыстацца тыя, хто працуе з ім як з інавацыяй.

Інфармацыйная кампетэнцыя рэалізоўваецца праз шматмерныя дыдактычныя тэхналогіі, логіка-сэнсавыя ма­дэлі, праз работу з гексамі. Можна звярнуцца і да лагарыфмічнага падыходу (калі тэкставая інфармацыя ператвараецца ў строгі, дакладны алгарытм), які садзейнічае фарміраванню гэтай кампетэнцыі. Так школьнікі вучацца ператвараць інфармацыю з аднаго віду ў іншы.

Матэматычная кампетэнцыя звязана з фарміраваннем прыёмаў мысліцельнай дзейнасці (аналіз, сінтэз, параўнанне, аналогія). Здаецца, што фарміраваннем гэтай кампетэнцыі павінны займацца выключна матэматыкі, але гэта справа ўсіх прадметнікаў. Напрыклад, гісторык таксама можа прапанаваць аналогію ў развіцці рэвалюцый.

Камунікатыўная кампетэнцыя ў матэматыцы развіваецца ў меншай ступені, бо гэта прэрагатыва калектыўнай працы. А матэматыку трэба рашаць індывідуальна. У нашай школе ёсць рэсурсны цэнтр, які дзеліцца вынікамі інавацый. У гэтым годзе мы якраз трансліруем вопыт па ўкараненні кампетэнтнасна арыентаванага падыходу”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.