Педагогі Кіселявецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кобрынскага раёна робяць усё магчымае для таго, каб іх установа адукацыі давала вучням веды не горшыя, чым у горадзе. І калектыву пад кіраўніцтвам выдатніка адукацыі Беларусі Ірыны Міхайлаўны Зінкевіч гэта ўдаецца вельмі добра. Не кожная гарадская школа можа пахваліцца дасягненнямі, якія маюць кіселявецкія настаўнікі і вучні.
— Рэгіянальная сістэма адукацыі — адзін з найважнейшых фактараў не толькі сацыяльна-эканамічнага, але і нацыянальна-культурнага развіцця вёскі, — лічыць І.М.Зінкевіч. — Сельскім жыхарам уласціва абвостранае пачуццё справядлівасці, асаблівае стаўленне да зямлі, прыроды, людзей і народных традыцый. Задача педагогаў — ствараць належныя ўмовы для якаснай адукацыі і развіцця схільнасцей і інтарэсаў сельскіх школьнікаў, іх паспяховай сацыялізацыі. Нашы настаўнікі імкнуцца максімальна задавальняць запыты вучняў і іх бацькоў з улікам патрэб сучаснага грамадства.
Кіселявецкі дзіцячы сад — сярэдняя школа мае багатую гісторыю даўжынёй у 70 гадоў. Праблема з месцамі ў дзіцячым садзе адсутнічае. Даступнасць дашкольнай адукацыі забяспечваецца за кошт актыўнага ўкаранення новых форм яе арганізацыі ў адпаведнасці з запытамі бацькоў. Так, вельмі запатрабавана кароткатэрміновая форма знаходжання дзяцей па гнуткім графіку. Работа педкалектыву будуецца на аснове варыятыўнасці, даступнасці, якасці і эканамічнай эфектыўнасці.
— Паспяхова вырашаць адукацыйныя задачы дапамагае высокі прафесійны ўзровень педагогаў, якія знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку, ахвотна падтрымліваюць цікавыя ініцыятывы і новаўвядзенні, шчыра любяць дзяцей і настаўніцкую працу, — гаворыць І.М.Зінкевіч. — Узрост 36% педагогаў не перавышае 30 гадоў. 22% настаўнікаў — мужчыны. 33% педагогаў — нашы выпускнікі. Добры кадравы патэнцыял дазваляе захоўваць традыцыі і ўпэўнена рухацца наперад. Нашы педагогі — пераможцы і фіналісты конкурсаў “Малады настаўнік Кобрыншчыны”, “Малады настаўнік Брэстчыны” і “Суперважаты” розных гадоў.
Працоўнае выхаванне вучняў — ад зін з галоўных напрамкаў работы ўстановы адукацыі. З мэтай фарміравання здаровага ладу жыцця, адказных адносін да працы і эканамічнай культуры, развіцця дзіцячай ініцыятывы, творчасці і прафесійнага самавызначэння падлеткаў ужо 5 гадоў працуе лагер працы і адпачынку. За гэты час намаганнямі ААТ “Кісялёўцы” і раённага цэнтра занятасці насельніцтва быў працаўладкаваны 151 падлетак. Вучні задзейнічаны ў праполцы сельскагаспадарчых культур, добраўпарадкаванні і касметычным рамонце школьных памяшканняў. Сярэдні заробак сёлета склаў каля 86 рублёў.
— У лагеры працуюць і адпачываюць дзеці з розных устаноў раёна, — адзначае І.М.Зінкевіч. — Вялікая ўвага ўдзяляецца цяжкім падлеткам, дзецям з нядобранадзейных і мнагадзетных сем’яў, сацыяльным сіротам. За час работы лагера склаліся пэўныя традыцыі. Выхаванцы наведваюць памятныя мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, атрымліваюць працоўныя кніжкі ў святочнай атмасферы, удзельнічаюць у сяброўскіх сустрэчах па гульнявых відах спорту з равеснікамі з іншых лагераў працы і адпачынку раёна, арганізоўваюць канцэрт “Сувязь пакаленняў” для жыхароў вёскі. Пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў мы цесна супрацоўнічаем з раённым упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, шэфскай гаспадаркай ААТ “Кісялёўцы”, раённай КСН, Кобрынска-Маларыцкай арганізацыяй ДТСААФ, мясцовай вайсковай часцю і пагранічнай заставай “Дзівін” Пінскага пагранічнага атрада. Вопыт дзейнасці лагера быў абагульнены і прэзентаваны на ўзроўні краіны, неаднаразова адзначаны рознымі ўзнагародамі.
У рамках працоўнага і эканамічнага выхавання вучняў ва ўстанове рэалізоўваецца міжнародны гуманітарны сельскагаспадарчы праект, арганізаваны з дапамогай міжнароднай грамадскай арганізацыі “Дапамажы людзям”. Мэта праекта, разлічанага да 2020 года, заключаецца ў стварэнні ўмоў для навучання дзяцей сучасным сельскагаспадарчым тэхналогіям, фарміраванні эканамічнай культуры і патанненні харчавання дзяцей за кошт самастойна вырашчанай прадукцыі.
— Галандскія спонсары прапаноўваюць нам насенне элітных сартоў бульбы, капусты, морквы, буракоў, агуркоў і цыбулі, дзеляцца вопытам іх сучаснага культывавання, — расказвае І.М.Зінкевіч. — Мы самастойна вырошчваем садавіну і агародніну для арганізацыі харчавання дашкольнікаў і навучэнцаў. Прадстаўнікі грамадскай арганізацыі разам з галандскімі кансультантамі рэгулярна наведваюць установу, карэкціруюць нашу работу, дапамагаюць.
Сельскагаспадарчая прадукцыя вырошчваецца на прышкольным участку і ўчастку, выдзеленым сельвыканкамам пры падтрымцы ААТ “Кісялёўцы”. Вучні высаджваюць, даглядаюць і ўбіраюць ураджай разам з педагогамі. Раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму, бацькі і гаспадарка дапамагаюць з тэхнікай. Сёлета на плошчы 0,7 га было вырашчана амаль 9,2 тоны прадукцыі на суму больш за 3,2 тысячы рублёў.
— Работа ў гэтым напрамку дазваляе не толькі зрабіць харчаванне больш танным, але і праводзіць эфектыўную прафарыентацыю, — заўважае І.М.Зінкевіч. — За апошнія 6 гадоў 14 выпускнікоў атрымалі сельскагаспадарчыя прафесіі, запатрабаваныя ў вёсцы.
Кіселявецкія педагогі актыўна далучаюць дзяцей да вырашэння розных праблем праз праектную дзейнасць, якая вучыць школьнікаў самастойна мысліць, здабываць і прымяняць веды, абдумваць рашэнні і дакладна планаваць далейшыя дзеянні, супрацоўнічаць і быць кантактнымі, творча ўзаемадзейнічаць з навакольным светам. Важна, што рэалізаваныя праекты маюць практыка-арыентаваны і сацыяльна значны характар. У полі зроку вучняў — пытанні экалогіі роднага краю, энергазберажэння і вывучэння культурнай спадчыны. Так, у праекце “Вёска трэцяга тысячагоддзя” дзеці паказалі, якой яны хацелі б бачыць родную вёску ў будучыні. Многае з таго, пра што марылі школьнікі, ужо працуе.
Праект “Уплыў якаснага складу вады на здароўе чалавека” паказаў, што вёсцы неабходна сістэма ачысткі вады. Сёння ў населеным пункце дзейнічае станцыя абезжалезвання.
У рамках праекта “Вывучэнне колькасных паказчыкаў выкіду забруджвальных рэчываў у атмасферу пры спальванні розных відаў паліва ў школьнай кацельні” быў праведзены параўнальны аналіз выкідаў шкодных рэчываў і фінансавых затрат па кожным відзе паліва. У выніку праведзенай работы вучні пераканаліся, што выкарыстанне прыроднага газу найбольш мэтазгодна з пункту гледжання экалогіі і здароўя людзей.
Праект “Праблемы шумавога забруджвання школы і прылеглых тэрыторый” паказаў, што многае па зніжэнні шумавога фону і захаванні слыху школьнікі могуць зрабіць самі.
— З 2005 года ва ўстанове рэалізаваны 41 даследчы пра ект, з якіх 36 адзначаны дыпломамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, — гаворыць І.М.Зінкевіч. — Вопыт выкарыстання праектнага метаду паказаў, што ў вучняў ёсць пэўныя праблемы пры рабоце з праектамі: недастатковы ўзровень развіцця сістэмнага аналітычнага мыслення, цяжкасці ў пабудове гіпотэз і самастойных вывадаў, няўменне аргументавана будаваць доказы. Гэта абумовіла неабходнасць падрыхтоўкі дзяцей да праектнай дзейнасці ўжо з пачатковых класаў. На працягу 2014—2016 гадоў педагогі рэалізоўвалі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання пазнавальнай актыўнасці вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі шляхам выкарыстання праектных задач”, што дазволіла стварыць новае адукацыйнае асяроддзе, якое садзейнічае максімальнай рэалізацыі асобаснага патэнцыялу вучняў і педагогаў. Вопыт работы ў гэтым напрамку адзначаны на рэспубліканскім узроўні і рэкамендаваны для распаўсюджвання. У выніку праекта з’явіліся аўтарскія распрацоўкі ўрокаў па рашэнні праектных задач у пачатковых класах: “Свет страусаў пад Кобрынам” (матэматыка, руская мова), “Рэха зялёнага лесу” (матэматыка, руская літаратура), “Усе прафесіі важныя…” (руская літаратура), “Каб здаровым, моцным быць, трэба агародніну любіць” (руская мова), “Беларусь сінявокая” (“Чалавек і свет”), “Крама” (матэматыка) і інш. Вопыт выкарыстання праектных задач паказаў, што яны ствараюць неабходныя ўмовы для асобаснага развіцця кожнага дзіцяці, фарміруюць актыўную пазіцыю школьнікаў, вучаць іх разважаць, прагназаваць і планаваць свае дзеянні, адэкватна ацэньваць уласную работу. Дзякуючы гэтаму фарміруецца актыўны чалавек, здольны хутка адаптавацца ў зменлівым свеце.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.