З акцэнтам на супрацоўніцтве

- 10:49Сацыяльны ракурс

Узаемадзеянне бізнесу і сістэмы адукацыі для паспяховай падрыхтоўкі кадраў для экспартна арыентаваных прадпрыемстваў абмеркавалі ў Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М.С.Высоцкага. Менавіта гэтая тэма стала галоўнай на пасяджэнні камітэта Беларускай гандлёва-прамысловай палаты па прамысловай палітыцы і прадпрымальніцкай дзейнасці.

Тэма актывізацыі ўдзелу заказчыкаў кадраў у падрыхтоўцы кадраў не раз узнімалася на мерапрыемствах рознага ўзроў­ню і застаецца актуальнай. У пася­джэнні камітэта БелГПП узяло ўдзел шырокае кола спецыялістаў. За круглым сталом сустрэліся супрацоўнікі трох міністэрстваў — адукацыі, прамысловасці, працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Да размовы далучыліся прадстаўнікі РІПА і шэрага ўстаноў прафесійнай адукацыі і УВА. Зацікаўленасць у тэме, якая абмяркоўвалася, праявілі прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі — Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, свабоднай эканамічнай зоны “Мінск”, буйных прадпрыемстваў, такіх як МЗКЦ, МАЗ, МТЗ, Мінскі маторны завод, Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання і іншыя.

Асаблівы акцэнт у размове быў зроблены на неабходнасці актыўнага ўдзелу заказчыкаў кадраў у падрыхтоўцы: менавіта яны павінны фарміраваць актуальны запыт на падрыхтоўку кадраў, фармуляваць па­трабаванні, якім павінны адпавядаць спецыялісты, уплываць на змест і ўмовы навучання.

Вітаючы ўдзельнікаў пасяджэння, У.Я.Ула­ховіч, старшыня БелГПП, адзначыў, што якасна падрыхтаваныя кадры маюць выключнае значэнне для развіцця прамысловасці ў інавацыйным рэжыме.

 — Беларуская гандлёва-прамысловая палата ажыццяўляе падтрымку нашай экспартнай прадукцыі і прадпрыемстваў-экспарцёраў. І мы ўсведамляем, што яны павінны забяспечвацца кадрамі, якія адпавядаюць запытам гэтых прадпрыемстваў, — заявіў Уладзімір Яўгенавіч.  

Старшыня БелГПП расказаў, што ёсць прыклады, калі ў некаторых краінах менавіта гандлёвыя палаты бяруць на сябе функцыю арганізацыі падрыхтоўкі кадраў для прадпрыемстваў, і гэта цікавы вопыт. У нашай краіне такой неабходнасці няма, бо з гэтымі функцыямі паспяхова спраўляецца сістэма адукацыі. Трэба толькі аказаць ёй неабходную падтрымку.

Сяргей Антонавіч Каспяровіч, начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі, у сваім выступленні звярнуў увагу, што сёння надзвычай хутка мяняецца той комплекс ведаў, якім павінен валодаць спецыяліст, кваліфікаваны рабочы. Таму ўзнікаюць выклікі, справіцца з якімі сі­стэма адукацыі самастойна не можа, і над­звычай важна працаваць разам з сацыяльнымі партнёрамі. Гэта тычыцца, напрыклад, выбудоўвання новай сістэмы кваліфікацый. Створаны і працуюць сектаральныя саветы, што распрацоўваюць прафесійныя стандарты, якія паўплываюць на змест адукацыі. Сяргей Антонавіч заклікаў заказчыкаў кадраў далучыцца да гэтай работы.

 — Мы чакаем ад заказчыкаў кадраў прапаноў па напаўненні вучэбных планаў канкрэктнымі дысцыплінамі, якія неабходны для будучага работніка. Безумоўна, надзвычай складана спрагназаваць, якія кампетэнцыі спатрэбяцца ў перспектыве. Аднак нам неабходна гэта рабіць, і рабіць гэта трэба разам, — адзначыў С.А.Каспяровіч. — Важны аспект узаемадзеяння мы бачым і ў вызначэнні паказчыкаў аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў. Пры запуску новых інвестпраектаў мы хацелі б атрымліваць актуальную інфармацыю: колькі і якіх спецыялістаў спатрэбіцца для рэалізацыі праекта. Калі прадпрыемства пачало працаваць, паспешліва арганізоўваць падрыхтоўку кадраў для яго — не самы лепшы шлях. Трэба працаваць на апярэджанне.

Прагучала і ідэя аб удзеле заказчыкаў кадраў ва ўзмацненні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, у прыватнасці набыцці сучаснага абсталявання. Сёння ў краіне створаны 48 рэсурсных цэнтраў, аснашчаць і аднаўляць абсталяванне ў іх за кошт бюджэту няпроста, пры гэтым такія цэнтры значна павышаюць якасць падрыхтоўкі.

Цудоўны прыклад эфектыўнага ўзаемадзеяння заказчыка кадраў і сістэмы адукацыі ўдзельнікі пасяджэння ўбачылі ў аўтамеханічным каледжы, дзе адбывалася мерапрыемства. Тут працуе цэнтр вытворчых тэхналогій MAZ — Weichai, дзе рыхтуюць спецыялістаў для прадпрыемства па выпуску дызельных рухавікоў экалагічнага класа еўра-5 і еўра-6, якое працуе ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень”. Як толькі пачалося будаўніцтва доследна-вытворчага прадпрыемства, адразу быў распрацаваны і праект стварэння новага вучэбнага цэнтра ў аўтамеханічным каледжы. Такім чынам загадзя клапаціліся аб тым, каб новае прад­прыемства было забяспечана не толькі абсталяваннем, але і кадрамі. Абсталяванне для вучэбнага цэнтра прадастаўлена кітайскімі партнёрамі. 

В.М.Галубоўскі, рэктар РІПА, запэўніў прысутных, што сістэма прафесійнай адукацыі — надзейная апора прадпрыемстваў у кадравым забеспячэнні вытворчасцей. Сёння пад патрэбы вытворчасці можна аператыўна адкрываць падрыхтоўку па новых спецыяльнасцях, мяняць тыя спецыяльнасці, якія ўжо ёсць. Сістэме адукацыі трэба толькі своечасова атрымаць сігнал ад заказчыка кадраў. Ужо на мерапрыемстве прадстаўнікі кампаній і прадпрыемстваў выказвалі свае прапановы па арганізацыі падрыхтоўкі кадраў.

На пасяджэнні быў пазначаны шэраг мер, якія будуць рэалізаваны ў найбліжэйшы час для вырашэння пастаўленых задач.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.