З алімпійскім азартам

- 10:56Адукацыйная прастора

26 лепшых школьных клубаў “Юны алімпіец” з усіх раёнаў Брэстчыны сабраліся на Х Абласным злёце ў горадзе над Бугам. У рамках злёту адбылася абласная алімпійская спартакіяда пад дэвізам “Алімпійцы сярод нас” на прызы прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі абласныя ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму, а таксама прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця злёту, які праходзіў у гарадскім лёгкаатлетычным манежы, удзельнічалі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.І.Вялічка, начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі, дырэктар прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці А.Л.Белаконенка, а таксама вядомыя алімпійцы і спартсмены вобласці. Ганаровыя госці заклікалі школьнікаў да здаровага ладу жыцця, актыўнага ўдзелу ў алімпійскім руху і сумленнай барацьбы ў спаборніцтвах.

Сёлета на злёт з’ехаліся больш за 300 удзельнікаў. Юныя спартсмены спаборнічалі ў алімпійскай спартландыі і віктарыне “Алімпійскі біятлон”. Па іх выніках лепшымі аказаліся вучні гімназіі Іванава, Конькаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна і сярэдняй школы № 14 Пінска. Каманда-пераможца з Іванава атрымала пераходны кубак. Усім камандам былі ўручаны каштоўныя падарункі і спартыўны інвентар.

У рамках злёту прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці прэзентавала новы праект — І Абласны фестываль дзіцячай творчасці “Алімпійская вясёлка”, удзельнікамі якога сталі 230 аўтараў з розных раёнаў вобласці. Школьнікі рыхтавалі работы на конкурсы спартыўнага балельшчыка “Разам да перамогі!”, спартыўнай лялькі “Алімпійскі талісман” і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларусь алімпійская”. Акрамя таго, для ўдзельнікаў фестывалю была падрыхтавана адукацыйна-забаўляльная праграма, якая складалася з творчага конкурсу, флэш-мобу “Мой любімы від спорту”, спартыўных конкурсаў па настольным тэнісе і аэрахакеі, паказу фільма “Раўненне на алімпійцаў”.

Пераможцамі творчых спаборніцтваў у трох узроставых групах сталі Дар’я Карніенка з сярэдняй школы № 2 Іванава, Дар’я Сцепанюк з сярэдняй школы № 32 Брэста, Ірына Матчан з сярэдняй школы № 30 імя Д.Б.Гвішыяні Брэста, Кацярына Скарына з сярэдняй школы № 3 Бярозы, Раман Карповіч з сярэдняй школы № 14 Пінска, Марыя Самалюк з Макранскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна, Ілья Шахнюк з сярэдняй школы № 9 Кобрына, Надзея Цярэшка з Бярозаўскай базавай школы Бярозаўскага раёна, Васіліна Чарнамаз з сярэдняй школы № 20 Баранавіч, Настасся Нябогава з сярэдняй школы № 2 Жабінкі і Павел Юркевіч з Сігневіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Бярозаўскага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.