З апорай на традыцыі і інавацыі

Тры гады назад Ілона Францаўна Марчанка стала кіраўніком ясляў-сада № 8 Віцебска і пачала рэалізоўваць цікавыя адукацыйныя ініцыятывы і праекты, працягваючы традыцыі, якія склаліся ва ўстанове (у першую чаргу звязаныя з патрыятычным выхаваннем дзяцей), і прапаноўваючы новыя напрамкі развіцця.

Рыхтуемся да Дня Перамогі

“Памяць… Яна вечная, яна ў старых фатаграфіях і рэчах, якія не даюць забыцца пра гераічныя даты з гісторыі нашай краіны, — гаворыць Ілона Францаўна. — Напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне наш калектыў па традыцыі праводзіць для дзяцей патрыятычныя заняткі, гутаркі, экскурсіі, рэалізоўвае праекты. У рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае” сумесна з бацькамі выхаванцаў мы сабралі матэрыял пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, нашых дзядуляў і бабуль. Цяпер у яслях-садзе № 8 Віцебска ёсць свая кніга памяці. У яе ўвайшлі і ўспаміны Міхаіла Цімафеевіча Дабракова, удзельніка вайны, прадзеда нашай выхаванкі Настассі Хамічэнка. Ветэрану ў гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў! Дваццацігадовага Міхаіла прызвалі ў армію ў 1940 годзе ў Заходнюю Украіну ў горад Дубно. Яго франтавыя будні пачаліся ў складзе 3-га Украінскага фронту. Усю вайну Міхаіл Дабракоў правёў на тэрыторыях Украіны, Малдавіі, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Чэхаславакіі. Аб пройдзеных баях нагадваюць не толькі шрамы і асколкі, але і медаль “За адвагу”, ордэн Славы ІІІ ступені, атрыманыя за доблесць.     

Сумеснымі намаганнямі быў распрацаваны і выраблены банер “Успомнім усіх пайменна” і лялькі ў ваеннай форме, якія сталі экспанатамі новага міні-музея ясляў-сада. Форму для лялек пашылі педагогі Ніна Палінава і Мая Абраменка сумесна з мамамі выхаванцаў і дзяўчынкамі з малодшай і сярэдняй груп, якія з задавальненнем прынялі ўдзел у сюжэтна-ролевай гульні “Атэлье”. Мама Алена Скоблава з задавальненнем вучыла дачку Насцю азам швейнага майстэрства. У іх атрымаўся цудоўны касцюм ваеннай медсястры. З LEGO-канструктара хлопчыкі пабудавалі комплекс “Парад ваеннай тэхнікі”: танкі, самалёты, верталёты і інш. Канструктар дапамагае ім увасабляць у жыццё задумы, захоплена будаваць і фантазіраваць, бачачы канчатковы вынік сваёй працы. З 2020 года ўстанова ўдзельнічае ў абласным праекце “Інфарматыка без разеткі”.

Яслі-сад № 8 Віцебска размешчаны побач са скверам імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова. Штогод напярэдадні 9 Мая ва ўстанове праводзяцца музычна-літаратурныя святы, прысвечаныя Дню Перамогі, дзе выхаванцы чытаюць вершы, а таксама ўскладаюць кветкі да бюста героя разам з кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Мікалаем Валер’евічам Арловым і дачкой легендарнага партызана Дзінай Мінаеўнай Шмыровай. Дзеці разам з бацькамі і педагогамі даглядаюць сквер, у рамках рэспубліканскай акцыі “Пасадзі дрэва” высадзілі ў ім елкі, кедры, каштаны. Выхаванцы наведваюць музей М.Ф.Шмырова, які знаходзіцца ў сярэдняй школе № 43 Віцебска, слухаюць там пра подзвіг партызан на чале з бацькам Мінаем. Экскурсавод Тамара Марчык даступна расказвае дзецям пра подзвіг нашага народа ў бараць­бе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Па традыцыі выхаванцы разам з педагогамі і вучнямі школы ўскладаюць кветкі да бюста М.Ф.Шмырова ў холе школы.

Разнастаіць адукацыйны працэс

Ва ўстанове шануюць традыцыі і ў той жа час рэалізоўваюць новыя праекты, пашыраюць спектр адукацыйных паслуг. Найбольшай папулярнасцю ў дзяцей карыстаюцца заняткі харэаграфіяй, фітнесам, у гуртку па развіцці лагічнага мыслення “Смышлёныш” з выкарыстаннем палачак Кюізенера, блокаў Дзьенеша. У садзе ёсць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Настаўнік-дэфектолаг Любоў Іванаўна Ціханава выкарыстоўвае метад мадэлявання для развіцця маўлення выхаванцаў. У 2019 го­дзе на маўленчую норму выйшлі 68% дзяцей, якія займаліся ў пункце. Дашкольную ўстанову наведвае дзіця з інваліднасцю па зроку, з якім таксама вядзецца індывідуальная работа.

Своеасаблівай фішкай сада стала афармленне на вулічных гульнявых пляцоўках тэматычных веранд: мастацка-эстэтычнай, экалагічнай, “Беларускай хаткі”, дзе педагогі праводзяць з дзецьмі заняткі і сюжэтна-ролевыя гульні. Напрыклад, для “Веранды бяспекі” педагогі з бацькамі выхаванцаў зрабілі святлафоры, макеты аўтамабіляў, дзіцячыя касцюмы пажарных, ратавальнікаў, інспектараў ДАІ, гульнявы дапаможнік “Камізэлька бяспекі”. На верандзе прахо­дзяць заняткі з удзелам інспектараў МНС і ДАІ. Гэта натхніла педагогаў на ўдзел у гарадскім творчым марафоне “Планета бяспекі!”.

Побач з дашкольнай установай знахо­дзіцца Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву з вялікім стадыёнам і лыжа-ролернай трасай. Выхаванцы і педагогі прымаюць актыўны ўдзел у раённых конкурсах і спаборніцтвах, якія тут право­дзяцца. У лыжнай гонцы сярод настаўнікаў і выхавальнікаў устаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Першамайскага раёна на дыстанцыі 1,5 км сярод мужчын выступаў кіраўнік фізічнага выхавання сада малады спецыяліст Аляксей Уладзіміравіч Шэвалда, які ўвайшоў у топ-10 лепшых лыжнікаў. Ён таксама стаў пераможцам першага тура раённага фестывалю “Педагагічны дэбют”. У лыжнай гонцы раёна сярод кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі на дыстанцыі 0,5 км у 2018 годзе загадчыца ўстановы Ілона Францаўна Марчанка фінішавала першай і была ўзнагароджана дыпломам і медалём.

У дзіцячы сад разам з мамай

На базе сада на працягу двух гадоў рэалізоўваўся рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знахо­джання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі” пад навуковым кіраўніцтвам Людмілы Мікалаеўны Варанецкай, дацэнта кафедры педагогікі ФСПТ БДПУ імя Максіма Танка, кандыдата педагагічных навук. У рамках праекта ў садзе былі адкрыты групы кароткачасовага знаходжання “Мацярынская школа” для дзяцей, якія не наведваюць сад. Было абсталявана памяшканне для заняткаў у групах, набыты цацкі і дапаможнікі, камп’ютары, DVD-прайгравальнікі, музычныя цэнтры, складзена фанатэка музычных твораў згодна з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Рэалізацыя праекта ажыццяўлялася па наступных напрамках: работа з педагогамі (трэнінгі, семінары-практыкумы, кансультацыі); работа з выхаванцамі, якія наведваюць мацярынскую школу: у форме гульняў і інтэграваных заняткаў, прадметна-практычнай дзейнасці па асноўных тэмах розных адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Быў інтэграваны змест заняткаў адукацыйных галін “Мастацтва” (“Музычная дзейнасць”) і “Дзіця і прырода”. Падчас заняткаў у мацярынскай школе дзеці набывалі неабходныя камунікатыўныя ўменні, вучыліся ўзаемадзейнічаць паміж сабой і з дарослымі, дзейнічаць у адпаведнасці з атрыманымі ад дарослага ўказаннямі, пашыралі свой кругагляд; работа з бацькамі выхаванцаў групы кароткачасовага знаходжання дзяцей: сходы, трэнінгі, кансультацыі, удзел бацькоў і дзяцей у ранішніках і забавах.

Педагогі-інаватары назапасілі і абагульнілі адпаведны вопыт, распрацавалі канспекты спецыяльна арганізаванай дзейнасці, вучэбныя дапаможнікі “Развивалочка”, “Я іду — за руку матулю вяду”, “Віцебск — горад, у якім я нарадзіўся”. За два гады каля 38 сем’яў, наведваючы разам з дзецьмі заняткі ў групах кароткачасовага знаходжання, павысілі сваю педагагічную кампетэнтнасць. Дзеці ў далейшым лёгка адаптаваліся да ўстановы адукацыі. На базе сада плануецца адкрыць рэсурсны цэнтр па распаўсюджванні і ўкараненні ў педагагічную практыку інавацыйнага вопыту і падрыхтаваць да выдання назапашаныя матэрыялы па арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Ілона Францаўна падзялілася водзывам адной з мам: “У мацярынскую школу з вялікай радасцю ідуць малыя і іх мамы. Група працуе два разы на тыдзень. Мы з дачушкай Сашай наведваем школу з верасня і робім гэта з вялікім задавальненнем. Нават дождж нас не спыняе. Намаганнямі педагагічнага калектыву для дзяцей створаны ўсе ўмовы для развіцця. Займаецца з намі педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання і выхавальнікі першых малодшых груп. Педагогі знаходзяць падыход да кожнага. Мамы сумесна з дзецьмі танцуюць, малююць, гуляюць і радуюцца поспехам. Педагогі выкарыстоўваюць палачкі Кюізенера і блокі Дзьенеша, LEGO-канструктар, розныя віды пластыліну, сухі басейн і інш. Слёзы радасці на вачах, калі я бачу сваё дзіця на занятках. Мацярынскую школу ў яслях-садзе № 8 можна назваць школай радасці для бацькоў і дзяцей”.

Надзея ЦЕРАХАВА.