З аптымізмам і рабочым настроем

Сёння госць нашай “Суботняй планёркі” — начальнік аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Гродзенскай вобласці Людміла Раманаўна Буяк — расказвае пра некаторыя асаблівасці развіцця адукацыйнай сістэмы рэгіёна, яе дасягненні за апошні час і планы на новы навучальны год.

— Людміла Раманаўна, з якім настроем педагогі Свіслаччыны пачалі новы навучальны год? За якія цікавыя творчыя праекты ўзяліся?

— Кожны новы навучальны год — новы этап у жыцці педагогаў, дзяцей, бацькоў, сям’і. Ён нясе новыя адкрыцці, новыя ідэі і магчымасці. А правільны настрой — гэта залог поспеху. Таму настрой, вядома, рабочы. Мы аптымістычна глядзім у будучыню. Спадзяёмся, што сістэма адукацыі раёна будзе не проста стабільна функцыя­наваць, але і паспяхова развівацца.

У раёне склалася эфектыўная сістэма работы па рэалізацыі інавацыйных праектаў рэспубліканскага ўзроўню, што спрыяе развіццю адукацыйных працэсаў. У рамках праектаў у 5 установах адукацыі работа вядзецца па некалькіх напрамках. Гэта і суправаджэнне працэсаў сацыя­лізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы, і фарміраванне прадпрымальніцкай культуры навучэнцаў праз арганізацыю сеткавых бізнес-супольнасцей, і стварэнне і ўмацаванне традыцый установы адукацыі па ўкараненні этнакультурнай тэхналогіі ў адукацыйным працэсе і інш.

На мой погляд, работа над праектамі дазваляе ператварыць адукацыйны працэс у выніковую творчую дзейнасць, узбагачае навучэнцаў карысным вопытам узае­маадносін у камандзе.

— Якія дасягненні вучняў і педагогаў натхняюць на далейшыя перамогі?

— Якасць адукацыі ў раёне пацвярджаюць вынікі мінулага навучальнага года. У 2019 годзе па 10 вучэбных прадметах сярэдні бал ЦТ вышэйшы за абласны. Навучэнка сярэдняй школы № 2 Свіслачы Паліна  Несцяровіч атрымала 100 балаў па англійскай мове. Дарэчы, на працягу трох гадоў раён трымае стабільна высокую пазіцыю па выніках ЦТ.

Значна палепшыліся вынікі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: навучэнцы заваявалі 6 дыпломаў (плюс 5 у параўнанні з 2018 годам). Цеснае супрацоўніцтва з выкладчыкамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы спрыяе паспяховаму выступленню навучэнцаў на Абласным конкурсе “Крышталёвая альфа”, у 2019 годзе заваявана 5 дыпломаў. Стабільная выніковасць на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Пераможцам у секцыі “Беларуская мова” стаў навучэнец 10 класа Навадворскай сярэдняй школы Станіслаў Лобач, які з’яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Нам удаецца на працягу трох гадоў захоў­ваць лі­дзіруючыя пазіцыі ў абласной спартакіядзе школьнікаў.

— Як сёлета арганізавана ў раёне профільнае навучанне? Ці адкрыты ў вас класы прафесійнай накіраванасці?

— Дасягненню пэўных вынікаў у адукацыйным працэсе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі садзейнічае профільная падрыхтоўка. Склалася і паспяхова функцыянуе сістэма профільнага навучання ў 2 гарадскіх установах адукацыі, ахоп якім у 2019/2020 навучальным годзе склаў 50% ад агульнай колькасці навучэнцаў 10—11 класаў.

Увядзенне павышана­га ўзроўню для нас не з’яўляецца самамэтай. Пытанне фарміравання рацыянальнай сеткі ўстаноў адукацыі ў частцы адкрыцця базавых і профільных класаў вырашаецца з улікам запытаў навучэнцаў і іх бацькоў. Мы стараемся давесці да іх інфармацыю, што профілі ў першую чаргу павінны адкрывацца пад запатрабаваныя ў раёне прафесіі. Аналіз прафесійнага самавызначэння выпуск­нікоў на працягу шэрага гадоў паказвае, што большасць з іх выбірае навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях, звязаных з профільнымі прадметамі.

У раёне дзейнічаюць адзін педагагічны клас і два класы аграрнай накіраванасці.

Працягваецца рэалізацыя мадэлі прафесійнага навучання па прынцыпе работы міжшкольных факультатываў на базе дзвюх апорных устаноў адукацыі — сярэдняй школы № 2 Свіслачы і Навадворскай сярэдняй школы, дзе створаны неабходныя ўмовы для атрымання прафесій ва­дзіцеля колавых трактараў катэгорыі А і швачкі.

— Якія новыя формы дашкольнай адукацыі найбольш запатрабаваны ў раёне?

— У раёне паказчык па ахопе дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй выконваецца на 100 працэнтаў.

Для задавальнення запытаў бацькоў на ранняе развіццё дзяцей на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі функцыя­нуюць групы кароткачасовага знаходжання. Найбольш запатрабаваныя ў раёне такія формы, як адаптацыйныя групы і “Матчына школа”.

Вопыт работы з дзецьмі і бацькамі ва ўмовах групы “Матчына школа” паказвае, што ўключэнне бацькоў у працэс выхавання і навучання не толькі аблягчае адаптацыю дзіцяці да новых умоў, але і павышае адукацыйны ўзровень бацькоў, вучыць іх ставіцца да дзіцяці як да асобы, разумець, што працэс выхавання з’яўляецца складаным.

Фізічнае, пазнавальнае развіццё дзеці дашкольнага ўзросту атрымліваюць і пры наведванні сезонных пляцовак, якія таксама запатрабаваны ў раёне.

—  Людміла Раманаўна, як арганізавана ва ўстановах узаемадзеянне з сям’ёй?

— Вялікая ўвага ў нашых установах адукацыі ўдзяляецца ўзаемнаму супрацоўніцтву школы і сям’і, якое дасягаецца праз правядзенне сумесных творчых мерапрыемстваў, бацькоўскіх сустрэч, сходаў, арганізацыю паходаў, экскурсій і інш.

Вырашэнню задачы па фарміраванні культуры сямейных адносін, прапагандзе пазітыўнага вопыту сямейнага выхавання, адказнасці бацькоў за захаванне жыцця, здароўя дзяцей садзейнічае работа баць­коўскіх лекторыяў, сямейных клубаў (іх у нас 12), клубаў сумеснай дзейнасці дзяцей і бацькоў.

— Якія праблемы хвалююць вас як кіраўніка сёння?

— Нягледзячы на зладжаную сістэму работы па ўзаемадзеянні ўстаноў адукацыі і сям’і, сёння не можа не турбаваць праблема зніжэння ўзроўню бацькоўскай адказнасці за выхаванне дзяцей, непажаданых камунікацый падлеткаў праз сацыяльныя сеткі. Па-ранейшаму застаецца актуальнай работа па фарміраванні ў навучэнцаў культуры здаровага ладу жыцця, стварэнні бяспечных умоў жыццядзейнасці ва ўстановах адукацыі.

Змест дзейнасці сістэмы адукацыі раёна будзе спрыяць вырашэнню вышэйназваных праблем.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.