З азартам да новага

- 10:35Людзі адукацыі

Мая першая сустрэча з Наталляй Фёдараўнай Ступчык адбылася ў далёкім 1987 годзе. Я, студэнтка Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў, праходзіла практыку (была выхавальніцай) у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Блакітная хваля” Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. І тут упершыню сустрэлася з дзевяцігадовай светлавалосай дзяўчынкай з блакітнымі вачамі. Наташка ўжо тады адрознівалася ад сваіх аднагодак. Цікаўная, актыўная, яна з задавальненнем удзельнічала ў жыцці атрада, не баялася адказных даручэнняў, адной з першых спяшалася на дапамогу атрадаўцам.

Прайшло крыху больш за 10 гадоў. Ішоў 1998 год, калі ў Славаціцкую сярэдняю школу Зэльвенскага раёна, дзе я выкладала нямецкую мову, прыйшла маладая настаўніца пачатковых класаў, якая толькі што скончыла на выдатна Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча. Я пазнала сваю Наташку. Маладая, творчая, ініцыятыўная, яна з энтузіязмам бралася за любую справу. І ў гэтым жа годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт беларускай філалогіі, таму што даўно марыла звязаць свой лёс не толькі са школай, але і з роднай мовай.

Дзеці любілі і цягнуліся да яе. Наталля Фёдараўна, у сваю чаргу, плаціла ім тым жа. Яны чакалі ад яе нязведанага. І яна дарыла ім шчасце адкрыццяў і дапамагала ва ўсім, разам з імі рабіла крокі не толькі ў свет ведаў, але і ў рэальны свет. Яна актыўна ўдзельнічала ў школьным жыцці і, як і калісьці ў дзяцінстве, імкнулася да новага і не баялася ісці наперад. Відаць, таму, ужо праз год яна стала прызёрам раённага конкурсу класных кіраўнікоў, паказаўшы высокі прафесіяналізм у вырашэнні праблем выхавання.

У 2006 годзе мая сям’я пераехала ў Зэльву. І тут нашы лёсы зноў перасекліся. Я ўладкавалася на работу ў сярэднюю школу № 2 раённага цэнтра, дзе з 2003 года, выйшаўшы з дэкрэтнага водпуску, Наталля Фёдараўна працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. У гэтай школе яна вучылася калісьці, сюды ж вярнулася ў якасці настаўніцы і з таго часу сваё працоўнае месца не мяняла.

За гэты час у настаўніцы не толькі з’явіўся вопыт — у нейкай ступені змяніўся падыход да сваёй дзейнасці. Перфекцыяністка і ў працы, і ў жыцці, яна марыла пра тое, каб усе яе вучні сталі выдатнікамі. Але з цягам часу зразумела, што ёсць больш важныя каштоўнасці. Дабрыня, сумленнасць, справядлівасць, міласэрнасць… Хтосьці скажа, што гэта банальна. Але гэтыя каштоўнасці вечныя, і выхоўваць іх можна, толькі выяўляючы шчырую любоў да дзяцей.

Наталля Фёдараўна — настаўнік-прафесіянал, чалавек на сваім месцы. Яна мае добрую тэарэтычную падрыхтоўку, умела выкарыстоўвае разнастайныя прыёмы ў выкладанні прадметаў, дыферэнцыраваны падыход. Дапамагае вучням праявіць сябе, думаць па-свойму, дае выказацца кожнаму, вучыць разважаць і аргументавана адстойваць сваю думку. На ўроках і дадатковых занятках выкарыстоўвае дыдактычны матэрыял, які сама распрацоўвае.

Свае дзелавыя якасці педагог удасканальвае шляхам самаадукацыі. Яна эфектыўна кіравала раённым метадычным аб’яднаннем “Школа маладога настаўніка”, а з 2019 года — клубам “Зэльвенскі жураўлік”. Наталля Фёдараўна — пастаянная ўдзельніца абласных і рэспубліканскіх семінараў, канферэнцый, фестываляў, дзе на высокім узроўні прадстаўляе свой вопыт у выглядзе майстар-класаў і ўрокаў. Наталля Фёдараўна — неаднаразовы ўдзельнік Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і фестывалю “Прызванне — педагог” у ГрАІРА, фіналіст рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”.

Нястрыманая ў пошуку новага, яна з 2007 года з’яўляецца кіраўніком школьнага гісторычна-края­знаўчага музея, а ў 2013 годзе становіцца ліцэнзаваным экскурсаводам Нацыянальнага агенцтва па турызме.

 Даследчыя і творчыя работы вучняў Наталлі Фёдараўны ўзнагароджваліся дыпломамі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Найвышэйшае іх дасягненне — перамога на рэспубліканскім этапе конкурсу даследчых работ “Я родным краем ганаруся” ў 2014 годзе.

Наталля Фёдараўна ўпэўнена, што настаўнік павінен добра ведац­ь свой прадмет. Гэта па-першае. Па-другое, у любой рабоце павінна быць сістэма. За амаль 20 гадоў у настаўніцы склаўся свой стыль выкладання і свая сістэма, асновай якой з’яўляецца блочная падача матэрыялу. Мяняюцца праграмы і падыходы да навучання, карэкціруецца і сістэма, але яна ўсё гэтак жа трывала трымаецца на “блоках”. А яшчэ на розных спосабах візуалізацыі інфармацыі, якія распрацоўвае настаўніца. Калісьці ўсё пачыналася са звычайных схемных і знакавых мадэляў, а сёння перарасло ў актыўнае выкарыстанне скрайбінгу і сторытэлінгу, цікавасць да якіх праяўляюць і іншыя настаўнікі. Нездарма ж Наталлю Фёдараўну запрашаюць з майстар-класамі ў розныя куткі нашай краіны. Настаўніца дзеліцца вопытам і на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў і атрымлівае задавальненне, калі гэты вопыт запатрабаваны іншымі.

Кажуць, што работу педагога немагчыма ацаніць “тут і зараз”, яе, бывае, убачым толькі праз шмат гадоў. І што галоўнае ў гэтай рабоце? Хтосьці скажа, што ўзнагароды вучняў і настаўніка (іх у Наталлі Фёдараўны дастаткова). Іншыя звяртаюць увагу на вынікі ЦТ (у Наталлі Фёдараўны хоць і няма 100-бальнікаў, але ж вялікая колькасць тых, хто здае тэсціраванне вышэй за 90). Ці ўсё-такі гэта высокі працэнт паступлення ва УВА? (У мінулым выпуску Наталлі Фёдараўны 96%.) А можа, усё ж гэта шчырыя словы падзякі, якія гучац­ь ад былых вучняў падчас вечароў сустрэч і даражэйшыя за ўсе граматы і дыпломы?

Настаўнік — адна з тых прафесій, у якой асобасныя якасці чалавека, упэўнена, ці не важнейшыя за прафесійныя. І калі чалавек мае багаты ўнутраны свет і ўмее бачыць лепшае ў кожным, здольны адраджаць душы і надзелены розумам, дабрынёй і любоўю да дзяцей, то і яго вучні проста не могуць стаць іншымі.

Алена БУРДУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Зэльвы.