З бязмежнай любоўю да дзяцей

Справядлівая і добрая да дзяцей, шчырая і тактоўная з калегамі, таленавіты педагог, клапатлівая мама і проста цудоўная жанчына: так гавораць пра настаўніцу хіміі Вольгу Рыгораўну Жалезную з Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа Ганцавіцкага раёна. Штодзень яна з радасцю прыходзіць на любімую работу, з усмешкай пачынае кожны ўрок, дае каштоўныя веды і фарміруе важныя навыкі, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці.

Вольга Рыгораўна вырасла ў настаўніцкай сям’і, таму будучая прафесія ёй была, напэўна, наканавана лёсам. Маці Надзея Ля­вонцьеўна больш за 30 гадоў працавала настаўніцай біялогіі. Дачка ахвотна хадзіла з ёй на работу, дзе з цікавасцю назірала за ўрокамі і вучнямі, дапамагала ў жывым кутку, музеі прыроды і цяпліцы. У школе ёй лёгка даваліся фізіка, хімія і матэматыка. З вялікай цікаўнасцю праводзіла розныя доследы і без асаблівых цяжкасцей рашала складаныя задачы. Актыўна ўдзельнічала ў раённых і абласных алімпіядах па хіміі і біялогіі.

— З ранняга дзяцінства ведала, што пайду па слядах маці і стану педагогам, — прызнаецца Вольга Рыгораўна. — Мама заўсёды была для мяне добрым прыкладам. Пасля заканчэння школы без ваганняў выбрала Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна: вырашыла стаць настаўніцай хіміі і біялогіі. Атрымаўшы дыплом, вярнулася на малую радзіму, дзе пачала праца­ваць у мясцовай школе.

Па словах В.Р.Жалезнай, хімія — складаны прадмет, які патрабуе ад настаўніка высокіх прафесійных уменняў. Педагог павінен умець даходліва растлумачыць кожную тэму, каб вучні не толькі разумелі, але і любілі прадмет. Кожны ўрок Вольгі Рыгораўны цікавы і запамінальны, не падобны на папярэдні.

— Для лепшага разумення тэмы імкнуся не проста даступна тлума­чыць матэрыял, але і праводзіць розныя экс­перыменты, каб дзеці на практыцы замацоўвалі набытыя веды, — расказвае педагог. — Калі ўзнікаюць пэўныя цяжкасці, імгненна бяру сябе ў рукі і настройваюся на пазітыў. 

Вольга Рыгораўна лічыць, што настаўнік павінен не толькі давац­ь веды, але і выхоўваць, матывавац­ь вучняў да інтэлектуальнага і творчага развіцця. Каб дасягнуць добрых вынікаў у гэтым, неабходна найперш стаць для дзяцей надзейным сябрам і дарадчыкам. Настаўнік, на думку В.Р.Жалезнай, — гэта чалавек, які прыйшоў у прафесію па закліку сэрца. Далёка не кожны здольны паспяхова асвоіць гэтае нялёгкае рамяство.

— Быць настаўнікам — значыць бязмежна любіць дзяцей, разумець іх, паважаць, падтрымліваць, быць з імі на адной хвалі, — гаворыць Вольга Рыгораўна. — Заходжу ў школу — і адразу ўсе праблемы застаюцца за яе парогам. Нават галаўны боль праходзіць, калі бачу цікаўныя і дапытлівыя вочы вучняў. Нельга ісці на ўрок з дрэнным настроем, бо тады 45 хвілін пройдуць дарэмна.

Калі назіраеш за тым, як В.Р.Жалезная расказвае пра школу і дзяцей, адчуваеш, наколькі моцна і самааддана яна любіць сваю работу, укладваючы ў любімую справу частку душы. Для таго каб урокі хіміі былі не толькі цікавымі, але і карыснымі, настаўніца вучыць дзяцей не проста слухаць і запамінаць новы матэрыял, але і настойліва працаваць.

— Вынік будзе толькі тады, калі цесна ўзаемадзейнічаеш з вучнямі, —  упэўнена Вольга Рыгораўна. — Па гэтым прынцыпе працую больш за 20 гадоў. Вельмі важна бачыць і цаніць у дзіцяці яго індывідуальнасць, разумець яго.

Вялікую ўвагу В.Р.Жалезная ўдзяляе павышэнню педагагічнага майстэрства: актыўна займаецца самаадукацыяй, чытае метадычную літаратуру, вывучае сучасныя методыкі выкладання і псіхалогію. Настаўніца знахо­дзіцца ў пастаянным развіцці і заўсёды ідзе ў нагу з часам. На думку Вольгі Рыгораўны, педагог павінен быць справядлівым, добразычлівым, мудрым, эрудзіраваным і з пачуццём гумару, умець стрымліваць негатыўныя эмоцыі, любіць сваю работу і імкнуцца стаць прыкладам ва ўсім для вучняў.

В.Р.Жалезная не толькі выкладае хімію, але і ўзначальвае школьны прэс-цэнтр, гурток юных інтэлектуалаў.

— Я вельмі цікаўны чалавек, якога прыцягвае ўсё новае, — прызнаецца Вольга Рыгораўна. — Сёння мы з дзецьмі ствараем газету, на старонках якой адлюстроўваем школьнае жыццё. Заўсёды хацела паспрабаваць сябе ў ролі журналіста, таму, калі прапанавалі ўзначаліць школьны прэс-цэнтр, з радасцю згадзілася. Работа вельмі цікавая, хоць і складаная.

Марыя ЗАНЬКО,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.