З чаго будзе складацца ядро Рэспубліканскага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя, і калі яно пачне працаваць

- 10:00Компетентно, Образование, Приложение, Школа управления

У новым навучальным годзе Галоўны інфармацыйна-­аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі плануе рэалізоўваць шмат праектаў, звязаных з лічбавізацыяй. Сёння аб гэтым карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае дырэктар цэнтра Аксана Давыдоўская.

— Аксана Іванаўна, давайце спачатку пазнаёмімся. Вы зусім нядаўна прызначаны дырэктарам цэнтра. А ці быў ваш лёс дагэтуль звязаны з адукацыяй?

— Так, мой лёс з самага пачатку звязаны як з педагогікай, так і з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка я прыехала працаваць ва Уздзенскі раён настаўніцай інфарматыкі. Спачатку выкладала ў раённай гімназіі, затым у санаторнай школе-інтэрнаце. Пасля перайшла на кіраўніцкую пасаду і стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. У цэнтры пачынала з намесніка дырэктара па кадравай і праектнай рабоце, і вось з нядаўняга часу стала дырэктарам.

— З’яўляючыся дырэктарам, як ацэньваеце ролю цэнтра ў развіцці сістэмы адукацыі і непасрэдна ў яе лічбавізацыі? Якія напрамкі можаце вылучыць?

— Больш за 30 гадоў, а менавіта столькі дзейнічае наш цэнтр, ён з’яўляецца каардынатарам лічбавай трансфармацыі адукацыі, прымае самы актыўны ­ўдзел у выпрацоўцы дзяржаўных стратэгій развіцця і ўкаранення ў адукацыйную галіну інфармацыйных тэхналогій. Адным з напрамкаў дзейнасці ГІАЦ з’яўляецца збор статыстычнай інфармацыі, якая складае ведамасную справаздачу, неабходную Міністэрству адукацыі і статыстычнаму камітэту для ацэнкі сітуацыі ў галіне.

Мы вядзём работу па зборы, апрацоўцы і аналізе статыстычнай інфармацыі ў галіне адукацыі, каардынуем укараненне інфармацыйных тэхналогій ва ўстановы адукацыі. Таксама ГІАЦ займаецца развіццём сродкаў тэлекамунікацый і інфармацыйных рэсурсаў, прадастаўляе паслугі перадачы даных, займаецца навучаннем карыстальнікаў, стварае і актуалізуе інфармацыйныя рэсурсы.

 Сёння адным з асноўных напрамкаў дзейнасці цэнтра з’яўляецца рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі” на 2021—2025 гады, дзе закладзены пераход да новых форм арганізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі з выкарыстаннем найбольш сучасных тэхнічных магчымасцей.

Акрамя таго, больш канкрэтныя напрамкі гэтай работы выкладзены Міністэрствам адукацыі ў Канцэпцыі лічбавай трансфармацыі працэсаў у адукацыйнай галіне да 2025 года. У ёй павышаная ўвага ўдзелена развіццю і мадэрнізацыі інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры, фарміраванню сучаснага электроннага адукацыйнага кантэнту, аўтаматызацыі працэсаў кіравання. Над вырашэннем гэтых задач і працуе наш калектыў.

Рэспубліканская аўтаматызаваная сістэма “Электронная адукацыя” дае магчымасць збіраць, апрацоўваць і аналізаваць на ўзроўні агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі статыстычныя даныя галіны.

У ГІАЦ займаюцца стварэннем інфармацыйнага ядра Рэспубліканскага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя. Яно павінна пачаць працаваць у канцы 2024 года, калі ўсе ўстановы адукацыі будуць забяспечаны ўваходам у аўтаматызаваную сістэму. Ядро будзе складацца з трох рэгістраў: рэгістра навучэнцаў, рэгістра работнікаў і рэгістра ўстаноў адукацыі. Такім чынам, у адным месцы будуць захоўвацца ўсе звесткі пра нашу сістэму адукацыі, прычым гэта будуць даныя не толькі пра педагагічных работнікаў, але і пра ўсіх работнікаў, якія працуюць у адукацыйнай галіне. Гэта дазволіць не толькі Міністэрству адукацыі, але і тым, хто мае патрэбу ў гэтай інфармацыі, у першую чаргу органам кіравання адукацыяй усіх узроўняў, атрымліваць з адной крыніцы дакладную, а самае галоўнае, актуальную інфармацыю, бо яна будзе пастаянна і своечасова абнаўляцца, чаго раней не было. Мы спадзяёмся, што такім чынам скароцім дакументазварот у сістэме адукацыі і кожны спецыяліст напрамую, аператыўна зможа атрымліваць тую інфармацыю, якая яму патрэбна.

З уводам інфармацыйнай статыстычнай сістэмы кіравання ў сферы адукацыі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе аблегчана запаўненне статыстычных справаздач. Вядома, што гэта самая аб’ёмная, працаёмкая работа, бо трэба прадастаўляць разнастайную інфармацыю пра стан спраў у дзейнасці той ці іншай навучальнай установы, пра выпускнікоў, якія збіраюцца паступаць ва ўстановы іншых узроўняў, альбо пра дзяцей, якія пойдуць у 1 клас, звесткі аб іншых напрамках развіцця сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Акрамя таго, распрацоўваем сістэму маніторынгу адукацыйнага працэсу, што дазволіць у электронным выглядзе адсочваць паспяховасць навучэнцаў з дапамогай адпаведных крытэрыяў, бачыць слабыя месцы на ўсіх узроўнях дзейнасці ўстановы адукацыі, своечасова іх выяў­ляць і выкараняць.

— Як вядома, ГІАЦ заняўся распрацоўкай альтэрнатывы праекту PISA.

— Так, у мэтах удасканалення сістэмы кантролю засваення вучэбнага матэрыялу нашымі навучэнцамі запланавана правя­дзенне Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі, аналагічнае міжнароднаму PISA. Цэнтр распрацоўвае інфармацыйную сістэму тэсціравання функцыянальнай дасведчанасці школьнікаў, прызначаную для праверкі іх ведаў. Цяпер праводзіцца доследная эксплуатацыя. У аснове праекта — асноўныя складнікі функцыянальнай дасведчанасці, у тым ліку матэматычная, чытацкая, прыродазнаўчая, фінансавая дасведчанасць, глабальныя кампетэнцыі і крэатыўнае мысленне. Першыя іспыты сістэмы запланаваны на верасень, а само тэсціраванне будзе праведзена ў лістападзе. НІА займаецца распрацоўкай тэстаў, а на нас ускладзена місія тэхнічнага суправаджэння: мы прапануем свой праграмны прадукт, які будзем правяраць пры правядзенні пробнага тэсціравання.

— Рэалізацыя праектаў па лічбавізацыі адукацыі патрабуе  стварэння і функцыянавання галіновай тэхнічнай інфраструктуры сістэмы адукацыі — наяўнасці неабходнай колькасці камп’ютарнай тэхнікі. Што мы маем на сённяшні дзень?

— Установы адукацыі ўсіх узроўняў забяспечаны сродкамі інфармацыйных тэхналогій (гэта камп’ютары, мультымедыя, праекцыйнае абсталяванне, капіравальна-множыльная тэхніка, сістэмнае і прыкладное праграмнае забеспячэнне). Таксама ў адукацыйным працэсе ёсць магчымасць выкарыстоўваць інтэрнэт-паслугі і інтэрнэт-сэрвісы: электронную пошту, аддалены доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, узаемадзеянне з інфармацыйнымі сістэмамі і рэсурсамі і інш. Разам з тым абнаўленне і нарошчванне колькасці камп’ютарнай тэхнікі ва ўстановах адукацыі працягваецца.

ГІАЦ заўсёды займаўся па­стаўкай камп’ютараў ва ўстановы адукацыі, але сёння мы ставім яшчэ больш адказную мэту — забяспечыць установы адукацыі камп’ютарамі для ўваходу ў інфармацыйнае ядро. Прычым гэта будуць не звычайныя камп’ютары, а са спецыяльнай абаронай, бо ў ядры будзе захоўвацца вялікая коль­касць каштоўнай інфармацыі, персанальных даных, якія трэба абараняць. Установы адукацыі змогуць выходзіць у агульную інфармацыйную сетку і працаваць з ядром толькі са спецыяльнай абароннай функцыяй камп’ютараў.

— Аксана Іванаўна, некалькі гадоў назад з удзелам цэнтра быў створаны Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс. Яго распрацоўка была абумоўлена патрэбай у арганізацыі дыстанцыйнага навучання падчас пандэміі. Наколькі ён запатрабаваны сёння?

— Да сённяшняга дня нашы навучальныя ўстановы карыстаюцца Адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсам, у першую чаргу для замацавання вучнямі атрыманых ведаў. Наш цэнтр стаяў ля вытокаў яго стварэння і прымаў актыўны ўдзел у яго тэхнічным аснашчэнні. Цяпер рэсурс мае патрэбу ў мадэрнізацыі, пашырэнні і распаўсюджванні сярод устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Будуць створаны асабістыя кабінеты, пашыраны магчымасці дзейнасці настаўнікаў. Яны змогуць распрацоў­ваць свае заданні, фарміраваць класы і аб’яднанні педагогаў, праводзіць канферэнцыі і г.д.  Асноўная база Адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу захаваецца, а ўдасканаленне будзе весціся ў напрамку падключэння да інфармацыйнага ядра. Так, карыстальнікі, якія будуць аўтарызаваны ў ядры, распазнаныя адзінай інфармацыйнай сістэмай, змогуць карыстацца Адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсам.

Развіццё інфармацыйнага ядра знаходзіцца ў пачатку свайго развіцця. На яго будуць нанізвацца праекты, якія будуць з ім узаема­дзейнічаць. Мы сканцэнтраваны на тым, каб падключыць дашкольныя і агульныя сярэднія ўстановы, распрацоўваем “Электронную школу” і “Электронны дзіцячы сад”, што дазволіць даследаваць усе працэсы,  якія адбываюцца ў гэтых установах.

— Па рэалізацыі Канцэпцыі лічбавай трансфармацыі распрацавана дарожная карта. У чым яе сутнасць?

— Дарожная карта распрацавана і зацверджана Міністэрствам адукацыі. Для яе рэалізацыі створана рабочая група, якая складаецца з прадстаўнікоў кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, ГІАЦ, прадстаўнікоў  БДУІР, БДУ і спецыялістаў сферы інфарматыкі. У ходзе сваёй дзейнасці члены рабочай групы будуць вызначаць асноўныя этапы і напрамкі лічбавізацыі сістэмы адукацыі і тыя працэсы, якія бу­дуць іх суправаджаць.

Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлена ГІАЦ