“Як дыхаюць касманаўты?”, “А як расце хлеб?” — адказы на такія простыя і адначасова складаныя пытанні пачаткоўцы з сярэдняй школы № 16 Баранавіч атрымліваюць на суботніх занятках у рамках праекта “Падарожжа ў свет Профі-сіці”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Нашы суботнія выхаваўчыя мерапрыемствы не толькі знаёмяць дзяцей з прафесіямі, але і пашыраюць іх агульную эрудыцыю, — гаворыць настаўніца малодшых класаў Кацярына Арцем’ева. — Часам адкрываюць ім вочы на рэчы, якія нам, дарослым, здаюцца звычайнымі, а для дзяцей гэта сапраўднае адкрыццё. Напрыклад, не ўсе сучасныя пачаткоўцы нават ведаюць, адкуль бярэцца хлеб: дзеці ў нас гарадскія — не ва ўсіх ёсць дача ці бабуля ў вёсцы. Мы ж расказваем ім пра ўвесь шлях хлеба ад поля да стала. Знаёмім іх з прафесіямі агранома, камбайнера, пекара. Для гэтага, дарэчы, у нас адводзіцца цэлы год — прыкладна шэсць суботніх заняткаў у 1 класе.
Праект “Падарожжа ў свет Профі-сіці” ў баранавіцкай школе разлічаны на 4 гады пачатковай школы. Вырошчванню і вытворчасці хлеба прысвечаны суботнія заняткі ў 1 класе. У 2-м — прафесіям лёгкай прамысловасці: вытворчасці адзення, абутку і г.д. Прычым тэорыю тут сумяшчаюць з практыкай — з задавальненнем дзеці, нават хлопчыкі, самі шыюць цацкі! Шостыя дні ў 3 класе прысвечаны будаўнічым прафесіям, а ў 4-м — касмічным.
— Мы з маім класам ужо на чацвёртым этапе — увесь гэты год вывучалі космас, — працягвае аповед Кацярына Андрэеўна. — Хадзілі ў планетарый, малявалі нашу галактыку, глядзелі тэматычныя відэаролікі, будавалі касмічныя караблі з канструктара і кардону. Больш за ўсё дзяцей, вядома, цікавіла, што ядуць касманаўты, як пабудаваны іх скафандр, ці можна дыхаць у космасе, што такое бязважкасць… Мае вучні ведаюць многіх герояў-касманаўтаў, ганарацца нашай касмічнай краінай. На суботнія заняткі “Профі-сіці” ходзяць 17 з 22 дзяцей майго класа, і так было ўсе гэтыя гады.
Намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Таццяна Ярома адзначае, што прафарыентацыйныя заняткі настолькі папулярныя ў пачаткоўцаў, што на іх збіраецца нават больш дзяцей, чым у кіно па суботах. А галоўнае, што дзеці засвояць для сябе ў “Профі-сіці”, — тое, што нічога ў жыцці на даецца проста так: усё патрабуе цярпення і працы.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі