З чаго пачынаецца асваенне дзюдо, і ў чым дапамагае гэты від спорту

- 17:05Персона

Настаўнік фізкультуры агульнаадукацыйнай сталічнай школы вось ужо 18 гадоў навучае дзяцей дзюдо, выхоўвае прызёраў краіны і свету. Пры гэтым ён упэўнены: “Чэмпіёнам можаш ты не быць, але чалавекам быць абавязаны”.

Па 5—6 урокаў фізічнай культуры і здароўя ў розных класах, невялікі перапынак, а потым чатыры гадзіны трэні­ровак па дзюдо з выха­ванцамі спартклуба “Радзімічы”… Так праходзіць кожны будны дзень Дзмітрыя Грамыкі, настаўніка сярэдняй школы № 223 імя Іона Солтыса, трэнера і майстра спорту па дзюдо і самба, прызёра чэмпіянату свету і Еўропы па самба. Амаль кожны вечар яго трое дзяцей — 14-гадовая Эліна, 8-гадовая Софія і 6-гадовы Платон — з ім на трэніроўках. Рэдкія выхадныя Дзмітрый Сяргеевіч право­дзіць дома, усё часцей ён на спаборніцтвах са сваімі вучнямі.

Традыцыйны “рэй” (паклон) і кароткая работа над памылкамі пасля нядаўніх спаборніцтваў — такім быў пачатак вячэрняй трэніроўкі, на якой, выстраіўшыся ў шарэнгу, юныя дзюдаісты то, панурыўшы галаву, слухалі крытыку, то, пасмейваючыся, рэагавалі на іранічныя жарты трэнераў Дзмітрыя Грамыкі і Генадзя Бяляўскага (ён жа — дырэктар школы. — Заўвага аўтара.). Калі праз 10 мінут юныя спартсмены прыступілі да размінкі і сталі бегаць па крузе, я пацікавілася ў трэнера, чым важны такі сумесны разбор палётаў.

Абмеркаванне поспехаў, дасягненняў, а таксама памылак мы робім пасля кожнага спаборніц­тва. Гэта важны складнік вучэбнага і выхаваўчага працэсаў, — тлума­чыць Дзмітрый Сяргеевіч. — Сёння мы абмяркоўваем поспехі і прамашкі пасля выступлення на алімпійскіх днях мола­дзі Мінска па дзюдо, дзе нашы хлопчыкі і дзяўчынкі за­ваявалі 2 залатыя, 4 сярэбраныя і 1 бронзавую ўзнагароды. Памылкі — не рэдкасць, але сярод іх ёсць тыя, што прыво­дзяць да краху з-за ўласнага глупства або залішняй самаўпэўненасці. Іх нельга пакідаць без увагі. Напрыклад, адзін з хлопцаў, апынуўшыся ў захопе, вырашыў контратакаваць, калі я раіў спыніцца, прадбачачы яго падзенне. Ён не паслухаў і, пераацаніўшы свае сілы, рызыкнуў давесці кідок да канца, але ўпаў і прайграў. Адна з дзяўчат сама сабе па неасцярожнасці спусціла пятлю з падбародка на шыю, і да яе быў прыменены задушлівы прыём. Усе памылкі прагаворваем спакойна, канструктыўна, без павышаных тонаў. Мая ўстаноўка такая: на спаборніц­тве спартсмен павінен пака­заць, што ён баец, выкладваючыся на ўсе 100%. Пераможа нехта адзін, але прайграваць трэба годна. Да выхаванцаў заўсёды даношу адну з важных ідэй дзюдо: у гэтым спорце заўсёды ёсць над чым працаваць, пра­цэс самаўдасканалення бяс­концы.

Чытайце матэрыял Марыны Куняўскай у нумары ад 14 лютага 2023 года