З чыстымі думкамі

- 10:09Рэмарка

Вядучая рубрыкі   
Наталля КАСТЭНКА

 

 

 

 

Пару дзён назад, едучы на работу ў метро, выпадкова пачула размову дзвюх жанчын. Яны дзяліліся адна з адной уласнымі планамі на бягучы тыдзень. Планаў было шмат — асабліва на чацвер. На сёння.

У хрысціянскай традыцыі чацвер перад Вялікаднем называюць чыстым. І калі для кагосьці, як для згаданых мной пасажырак мінскага метро, гэта час для генеральнай уборкі ў доме, мыцця вокнаў, фарбавання яек і выпякання Велікодных кулічоў, то для некага — час сканцэнтравацца на чыстых думках і памкненнях, а таксама на добрых справах і дабрачыннасці.

Вера ў Бога, на мой погляд, — справа тонкая, глыбока асабістая і нават інтымная. У нашай краіне царква аддзелена ад дзяржавы, а школа — ад царквы. Думаю, што на цяперашнім гістарычным этапе гэта найбольш правільная пазіцыя, бо яна вызначае галоўнае: кожны дзяржаўны і грамадскі інстытут павінен займацца сваёй справай. Царква — клапаціцца пра веру і душу чалавека, школа — вучыць і выхоўваць дзяцей. 

Але ці ёсць тут супярэчнасці?

Напомню, што ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае пагадненне аб супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой, а таксама заключана праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і БПЦ. Гэта зроблена для таго, каб сумеснымі намаганнямі школы і царквы выхаваць у дзецях галоўныя духоўна-маральныя каштоўнасці: любоў да Радзімы і гатоўнасць працаваць на яе карысць, павагу да бацькоў, клопат пра чысціню роднай зямлі,
любоў да беларускай культуры і мовы.

Ад агульных слоў да канкрэтных спраў — рукой падаць.

Мне спадабалася, як пра спалучэнне адукацыйна-
выхаваўчага працэсу з хрысціянскімі традыцыямі нашага народа напісала нам у газету выхавальніца Жлобінскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццё­вага навучання і рэабілітацыі Таццяна Абраменка. У гэтым цэнтры стала добрай традыцыяй святкаваць Вялікдзень з запрашэннем святароў мясцовых храмаў, бо дзеткі з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі таксама маюць патрэбу ў светлых і чыстых святах. Яны абавязкова бяруць удзел (разам са сваімі педагогамі) у штогадовым раённым Велікодным фестывалі “Песні Белай Русі”, які арганізоўвае мясцовы райвыканкам, — ла­дзяць выставу работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Чысціні ў справах, думках і памкненнях многа
не бывае.

Мая малодшая дачка вучыцца ў 8 класе адной са сталічных школ. І калі б сёння ў яе ўстанове адукацыі на класнай гадзіне настаўніца расказала пра традыцыі чыстага чацвярга, Тайную вячэру і здраду Іуды ў Гефсіманскім садзе, я не была б супраць. (Прызнаюся, што не заўсёды знаходжу час і асаблівы настрой на такія размовы з падлеткам.) Не бачу нічога дрэннага ў тым, каб дзеці валодалі інфармацыяй па гісторыі рэлігіі. Яшчэ лепш было б, каб замест сумнай лекцыі, падчас якой большасць вучняў “сядзяць” у смартфонах, настаўніца разам з дзецьмі навялі парадак у кабінеце, працёрлі пыл у шафах і перасадзілі хатнія кветкі. А пасля сабраліся за даверлівай
і нязмушанай гаворкай, магчыма, з чаяваннем. 

Любы класны кіраўнік можа сёння запрасіць на сустрэчу з класам педагога-псіхолага, які раскажа дзецям пра неабходнасць захоўваць чысціню маўлення і пра заганы брыдкаслоўя. Чым ні чысты чацвер?

Можна з вучнямі наведаць ветэрана вайны ці працы, дапамагчы яму з уборкай дома ці падворка, калі пажылы чалавек жыве ў вёсцы. Можна праведаць усім класам хворую аднакласніцу, якой будзе вельмі прыемна, што пра яе не забыліся. Можна завітаць у прытулак для бяздомных жывёл,
каб аказаць пасільную дабрачынную дапамогу. 

Чысты чацвер можна заняць самымі чыстымі і светлымі справамі.