З дабрынёй і душэўнай цеплынёй

- 10:56Нашы дзеці

Тэатралізаваны паказ “Навагоднія прыгоды ў Каралеўстве крывых люстэркаў”, арганізаваны ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, сабраў у Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці больш за 350 удзельнікаў з ліку выхаванцаў ЦКРНіР, спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школ-інтэрнатаў, класаў інтэграванага навучання і Кобрынскага дзіцячага дома.

У рамках мерапрыемства працавала абласная выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці асаблівых дзяцей “Поплеч”, якую штогод праводзіць Брэсцкі абласны ЦКРНіР. Падчас навагодняга свята былі падведзены вынікі творчага спаборніцтва і ўручаны каштоўныя падарункі пераможцам. Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі вучні спецыяльнага класа ЦКРНіР Брэсцкага раёна за работу “Мір у нашых руках”, Мікіта Старасценка з дапаможнай школы Брэста за работу “Дружная сям’я”, выхаванцы Пружанскага раённага ЦКРНіР — за работу “Планета шчаслівага дзяцінства”, Ганцавіцкага раённага ЦКРНіР — за работу “Ад сэрца да сэрца”, Бярозаўскага раённага ЦКРНіР — за работу “Вясёлка сяброў” і Пінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната — за работу “Поплеч”, Мацвей Вельгас з ЦКРНіР “Стымул” Брэста — за работу “Поры года”, Максім Каткавец з Іванаўскага раённага ЦКРНіР — за работу “Па жыцці рука аб руку ідзём” і Віталь Юзапчук з Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната Пінскага раёна — за работу “Шчаслівыя разам”.

Самымі крэатыўнымі прызнаны работы “Здорава, калі на свеце ёсць сябры” выхаванцаў Жабінкаўскага раённага ЦКРНіР і “Гэта мая рука… І ўсё, што мне трэба, — гэта рука іншага чалавека і любоў” Максіма Панасюка з Кобрынскага раённага ЦКРНіР. У намінацыі “У нацыянальных традыцыях” лепшай стала работа “Мы заўсёды будзем разам: мама і я” Аляксандры Мамчыц і Ульяны Кавальчук з Быценскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна.

На святочным мерапрыемстве ў якасці цьютараў і аніматараў працавалі валанцёры—студэнты БрДУ імя А.С.Пушкіна, вучні Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і выхаванцы Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці. Не засталіся ўбаку і спонсары.

Арганізатары навагодняга паказу ўпэўнены, што ён надоўга запомніцца яго ўдзельнікам дзякуючы ўтульнай атмасферы, добраму настрою і душэўнай цеплыні, падоранымі дарослымі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.