Педагогіку ў якасці прафесіі настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Чавус Галіна Мікалаеўна Капітонава выбрала без якіх-небудзь роздумаў і пошукаў. З ранняга дзяцінства дакладна вырашыла: будзе настаўнічаць.
—На маё прафесійнае самавызначэнне вельмі паўплывала першая школьная настаўніца — Кацярына Пятроўна Ваўчкова. Уважлівая, добразычлівая, але адначасова строгая і патрабавальная… Мне вельмі хацелася быць падобнай да яе, стаць такім жа педагогам, — паведаміла Г.М.Капітонава.
Ад сваёй дзіцячай мары Галіна Мікалаеўна не адступілася. Скончыла Магілёўскае педагагічнае вучылішча, потым МДУ імя Куляшова і маладым педагогам пачала працаваць у родным раёне. За яе плячыма ўжо 34 гады педагагічнай дзейнасці і больш за 200 выпускнікоў. За гэты час Г.М.Капітонава выпрацавала ўласную сістэму навучання, якая грунтуецца не толькі на фарміраванні ў дзяцей першасных ведаў і ўменняў, але і на ўсебаковым выхаванні маленькай асобы. Да кожнага вучня яна шукае індывідуальны падыход, што прыводзіць дзіця да максімальнай паспяховасці па ўсіх напрамках.
— Галоўная задача пачатковай школы — навучыць дзяцей вучыцца. Але дасягнуць гэтай мэты немагчыма без жадання самога дзіцяці. Таму стараюся, каб урок спрыяў развіццю пазнавальных інтарэсаў, творчых здольнасцей навучэнцаў. Для гэтага імкнуся, каб кожныя заняткі станавіліся для вучняў пэўным адкрыццём, — адзначыла Галіна Мікалаеўна.
“Я пераканана, што няздольных дзяцей няма. Ва ўсіх ёсць свой талент”
У гэтай настаўніцы няма аднолькавых урокаў. Усе яны нестандартныя, займальныя. На занятках яна актыўна выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, розныя формы і метады навучання.
— Інфармацыйныя тэхналогіі робяць урок сучасным. Іх выкарыстанне не толькі дапамагае захапіць дзяцей вучэбным матэрыялам, але і дазваляе мне па-новаму паглядзець на прадмет, прадставіць дзецям інфармацыю ў найбольш прывабным выглядзе. Шырока прымяняю і разнастайныя інтэрактыўныя метады. Яны даюць магчымасць стварэння такіх умоў навучання, пры якіх усе вучні ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і самастойна здабываюць веды, — расказала Г.М.Капітонава.
Па меркаванні Галіны Мікалаеўны, для паспяховага навучання вельмі важныя даверлівыя ўзаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнямі. Яна заўсёды імкнецца сумяшчаць у выкладанні дабрыню і патрабавальнасць у дачыненні да дзяцей.
— Настаўніку важна бачыць асобу дзіцяці. Лічу, што ўрок будзе эфектыўным толькі тады, калі ў класе створана добразычлівая атмасфера, атмасфера даверу, узаемапавагі, калі навучэнцы бачаць у настаўніку партнёра, заўсёды гатовага іх падтрымаць, заўважыць нават малы поспех, дапамагчы і пахваліць. Гэта вельмі спрыяе раскрыццю здольнасцей і патэнцыялу дзяцей. Я пераканана, што няздольных дзяцей няма. Ва ўсіх ёсць свой талент, — падкрэсліла Г.М.Капітонава.
Такі падыход дазваляе Галіне Мікалаеўне кожнага свайго вучня выводзіць на высокі ўзровень паспяховасці. Яе навучэнцы ўжо могуць пахваліцца першымі дасягненнямі. Сярэдняя паспяховасць у яе класе — 8,2 бала. Вучні Г.М.Капітонавай актыўна займаюцца даследчай дзейнасцю і з’яўляюцца пераможцамі раённага конкурсу даследчых работ сярод малодшых школьнікаў, вынікова ўдзельнічаюць у раённых “малышковых” алімпіядах. Акрамя таго, яе клас штогод становіцца самым актыўным сярод пачатковых класаў па ўдзеле ў інтэрнэт-алімпіядах і конкурсах. Летась вучні Галіны Мікалаеўны заваявалі больш за 70 прызавых дыпломаў.
Адметна, што асаблівае месца ў сваёй рабоце настаўніца адводзіць не толькі якасці навучання, але і выхаванню падрастаючага пакалення. Яна разам са сваімі вучнямі і ў ходзе заняткаў, і ў пазаўрочны час.
— У другой палове дня мы з навучэнцамі часта здзяйсняем экскурсіі па памятных месцах Чавускага раёна і за яго межамі. Усім класам ходзім на прагляды знакавых кінафільмаў, разам рыхтуемся да ўдзелу ў конкурсах, арганізоўваем і праводзім спартыўныя, аздараўленчыя, культурныя мерапрыемствы. Такая сумесная дзейнасць дапамагае з’яднаць навучэнцаў у адзіны калектыў, фарміруе ў іх правільныя жыццёвыя арыенціры і каштоўнасці, — упэўнена Г.М.Капітонава.
У прыярытэце ў Галіны Мікалаеўны і прафесійнае развіццё. Будучы сёння педагогам з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, яна працягвае бесперапынна павышаць сваю прафесійную кампетэнтнасць. І вельмі важна, што назапашаным станоўчым вопытам Г.М.Капітонава дзеліцца з калегамі: выступае з майстар-класамі на розных семінарах і канферэнцыях, штогод праводзіць адкрытыя заняткі для маладых настаўнікаў.
…За доўгія гады плённая педагагічная дзейнасць Галіны Мікалаеўны не раз адпаведна адзначалася. Сёлета за сваю працу настаўніца была ўзнагароджана граматай Міністэрства адукацыі.
— Такая высокая ацэнка маёй работы для мяне значная, але не гэта галоўнае. Для мяне больш важна тое, што мае вучні з радасцю ідуць у школу, што яны зацікаўлены вучобай, што мае заняткі знаходзяць водгук у іх розумах і сэрцах. Менавіта гэта — мая самая каштоўная працоўная ўзнагарода, — запэўніла Г.М.Капітонава.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Г.М.Капітонавай.