З добрай традыцыі да новых дасягненняў

- 11:08Адукацыйная прастора

Каляндар адлічвае апошнія дні летніх канікул. Яшчэ крыху — і пералівістыя школьныя званкі паведамяць аб пачатку новага навучальнага года. Да свята Дня ведаў рыхтуюцца не толькі вучні, але і педагогі. Для настаўніцкай грамадскасці канец жніўня — час традыцыйных жнівеньскіх канферэнцый, на якіх падводзяцца вынікі работы, вызначаюцца прыярытэты на будучыню. У мінулы аўторак для дыялогу ў адкрытым фармаце сустрэліся педагогі Магілёўшчыны.

Жнівеньская канферэнцыя сабрала разам прадстаўнікоў педагагічных калектываў, старшынь, намеснікаў старшынь, начальнікаў упраўленняў і аддзелаў адукацыі рай(гар)выканкамаў, кіраўнікоў навучальных устаноў рэгіёна. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, памочнік прэзідэнта галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка.У раённым цэнтры Асіповічы ўспаміналі пра справы і поспехі абласной сістэмы адукацыі ў мінулым навучальным годзе, пазначалі задачы на год надыходзячы. Удзельнікі педагагічнага форуму наведалі Асіповіцкую гімназію, раённы цэнтр фізічнай падрыхтоўкі, спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат, дэталёва пазнаёміліся з іх дзейнасцю і зазірнулі на разнапланавыя секцыі, дзе лепшыя педагогі вобласці разглядалі найбольш актуальныя напрамкі ў адукацыі. Настаўніцтва Магілёўшчыны абменьвалася вопытам, думкамі і меркаваннямі наконт эфектыўнага кіравання навучальнымі ўстановамі, методык выкладання вучэбных прадметаў, фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця ў школьнікаў, развіцця інклюзіўнай адукацыі, удасканалення якасці вучэбнага працэсу.
Усім гэтым тэмам была ўдзелена павышаная ўвага і падчас пленарнага пасяджэння, якое адбылося ў раённым выканаўчым камітэце. Да прыходу ўдзельнікаў канферэнцыі ў фае будынка разгарнулася выстава дасягненняў адукацыйнай галіны рэгіёна. Дашкольная, агульная сярэдняя, прафесійная, спецыяльная, вышэйшая, дадатковая адукацыя, фізкультура і спорт, навукова-метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу — усюды ёсць свае, значныя поспехі. Але, нягледзячы на гэта, па-ранейшаму прысутнічаюць і праблемныя моманты, якія патрабуюць вырашэння. Іх агучыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.— Органамі кіравання, установамі адукацыі забяспечана стабільнае функцыянаванне галіны, дасягнуты добрыя вынікі. Існуючая сетка навучальных устаноў цалкам задавальняе запыт насельніцтва, значна ўдасканалена матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, назіраецца і шмат іншых станоўчых аспектаў развіцця. Лепшае пацвярджэнне гэтага — бліскучыя перамогі, атрыманыя магілёўскімі школьнікамі на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Але ёсць і праблемы, галоўная з якіх — кадравае забеспячэнне, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.
Па словах Уладзіміра Рыжкова, аб кадравым дэфіцыце пакуль гаварыць рана. Нягледзячы на недахоп настаўнікаў асобных профіляў, у цэлым установы адукацыі педагогамі забяспечаны. Але значная частка педагагічных работнікаў — сталага, а то і пенсійнага ўзросту. Выпускнікі не гараць жаданнем атрымліваць педагагічныя спецыяльнасці, а маладыя спецыялісты — заставацца ў сістэме адукацыі. Для пералому сітуацыі неабходна актывізаваць работу па павышэнні прэстыжу прафесіі педагога, прафарыентацыі школьнікаў, заключэнні мэтавых дагавораў на навучанне. Не варта забываць і пра пачынаючых педагогаў, аказваючы ім дапамогу. Шэраг стымулюючых мер па падтрымцы маладых настаўнікаў у вобласці ўжо прыняты, і іх замацавальнасць узрасла. Сёння яна складае звыш 60 працэнтаў.— Неабходна і далей плённа працаваць у гэтым кірунку. Тады і цікавасць да прафесіі настаўніка з’явіцца, і вяртацца працаваць маладыя людзі будуць у родную вобласць, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.
Адпаведны падыход да работы ўсебакова выкарыстоўваюць у Бабруйску. І вынік дасягнуты той, да якога трэба імкнуцца астатнім. Практычна ва ўсіх установах адукацыі горада педагогамі зараз працуюць былыя выпускнікі. У некаторых жа навучальных установах выпускнікі складаюць чвэрць педагагічнага калектыву. Як адзначыла начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама Ірына Рынейская, яны спадзяюцца на павелічэнне гэтага паказчыка, бо сёлета на базе сярэдняй школы № 4 адкрываецца профільны педагагічны клас.
Станоўчых напрацовак настаўнікі Бабруйска дасягнулі і ў рабоце з адоранымі навучэнцамі. У горадзе выбудавалі пакрокавую сістэму работы з таленавітымі дзеткамі, якая пачынаецца з дашкольнага ўзросту. Уключаны ў гэтую сістэму не толькі педагогі, але і бацькі. Ім расказваюць, як правільна аказаць маральна-псіхалагічную падтрымку сваім юным вундэркіндам. Ну а настаўнікі вырашылі працаваць у адным ключы. У горадзе стварылі адзіную сетку метадычных аб’яднанняў педагогаў-прадметнікаў, цэнтры па рабоце з адоранымі навучэнцамі, спецыяльныя трэнерскія клубы. Аб эфектыўнасці такой сістэмы лепш за ўсё гавораць дасягненні дзяцей. Вучні бабруйскіх школ з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, міжнародных алімпіяд. Выніковасць іх удзелу ў алімпіядным руху літаральна за некалькі гадоў павысілася ў два разы. Годны прыклад для пераймання, таму яго вырашана было актыўна ўкараняць у іншых раёнах.
Станоўчага вопыту ў пэўных кірунках дасягнулі многія. Так, у Дрыбіне стварылі эфектыўную мадэль работы па прадухіленні сацыяльнага сіроцтва, дзякуючы якой удаецца пазбегнуць адабрання дзяцей з сем’яў. У Магілёўскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці плённа працуюць над арганізацыяй платных адукацыйных паслуг. Ва ўстанове дзейнічаюць платныя групы на аснове частковай самаакупнасці, прапануюцца платныя паслугі звыш базавага кампанента. Бацькі задаволены паслугамі, якія аказваюцца за дадатковую плату. А дашкольнай установе сродкі, заробленыя за кошт пазабюджэтнай дзейнасці, дазваляюць удасканальваць матэрыяльую базу, а таксама павялічваць заработную плату выхавальнікаў. Плюсы відавочныя. Таму падобныя станоўчыя напрацоўкі ў бліжэйшы час будуць распаўсюджаны па ўсёй вобласці.Тое, што ў Магілёўшчыны нядрэнныя паказчыкі работы, заўважыла і намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка. Вядома, ёсць і недапрацоўкі. Але гэта значыць, што ёсць куды рухацца далей. Асаблівую падзяку намеснік міністра выказала старшыні аблвыканкама.
— Рэдкі выпадак, калі на канферэнцыі педагогаў можна ўбачыць усіх старшынь райвыканкамаў разам са сваімі намеснікамі. Значыць, тое, што адбываецца ў адукацыі, важна для кожнага жыхара рэгіёна, — адзначыла Раіса Станіславаўна.
Па яе словах, прыцягнуць моладзь у педагогіку можа толькі сам настаўнік, які павінен стаць наглядным прыкладам прэстыжнасці гэтай прафесіі. Для таго ж, каб моладзь вярталася на малую радзіму, неабходна працаваць з дзецьмі, дапамагаць ім знайсці сябе ў прафесійнай сферы.
Акрамя агляду вынікаў работы адукацыйнай галіны вобласці, Раіса Сідарэнка акрэсліла асаблівасці надыходзячага навучальнага года. Раіса Станіславаўна падрабязна растлумачыла, як будзе ажыццяўляцца профільнае навучанне, расказала пра новыя тыпавыя вучэбныя планы і праграмы.
Лейтматывам выступлення старшыні аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага таксама стала кадравае пытанне. Губернатар засяродзіў увагу прысутных на тым, што сфера адукацыі павінна ўлічваць патрэбы ў кадрах, хутка рэагаваць на запыты рынку працы, а таксама паляпшаць якасць падрыхтоўкі рабочых.
— Неабходна фарміраваць у дзяцей паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў розных прафесій. Важную ролю ў гэтым плане адыгрываюць установы дадатковай адукацыі, магчымасці якіх неабходна максімальна выкарыстоўваць, — сказаў Уладзімір Віктаравіч.
На думку кіраўніка рэгіёна, адным з рашэнняў кадравай праблемы стане стварэнне абласной мадэлі прафарыентацыі, якая будзе фарміраваць прафесійнае вызначэнне яшчэ з пачатковай школы. Выразна прадуманая сістэма дазволіць кожнаму маладому чалавеку правільна выбраць будучую прафесію.
Адметна, што асаблівая ўвага ў час пленарнага пасяджэння была ўдзелена педагогам, якія за мінулы навучальны год унеслі дастойны ўклад у развіццё адукацыі вобласці. Гэтыя настаўнікі былі адпаведна адзначаны. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі педагогі, якія падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу алімпіяды па вучэбных прадметах. Ганаровыя граматы ад Міністэрства адукацыі, абласнога выканаўчага камітэта былі ўручаны шматлікім настаўнікам за добрасумленную працу. А намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы — каледжа мастацтваў Бабруйска Алена Вяроўкіна, дырэктар Лапіцкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Мікалай Пісьмянкоў і настаўнік працоўнага навучання Асіповіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі функцый АРА Анатоль Невядомскі былі ўзнагароджаны нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі”.
На такой прыемнай ноце чарговая абласная педагагічная канферэнцыя была завершана. Цяпер эстафету падхопяць раёны, у кожным з якіх традыцыйна пройдуць свае педагагічныя форумы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.