З добрым стымулам да навучання

- 10:35Адукацыйная прастора

Зрабіць адукацыйны працэс прыцягальным і па-сапраўднаму сучасным, індывідуалізаваць навучанне малодшых школьнікаў, аб’ектыўна і своечасова праводзіць кантроль ведаў настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 49 Мінска Аксане Васільеўне Бялятка дазваляе выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Летась педагог абагульніла вопыт работы па тэме “Развіццё пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі ІКТ” і атрымала прэмію Мінгарвыканкама.

Не нашкодзь!

— Стаць настаўніцай пачатковых класаў мне, мабыць, было наканавана лёсам, — расказвае Аксана Васільеўна. — У свой час у школе ў нас праходзілі дні самакіравання. І нам, старшакласнікам, прапаноўвалі праводзіць урокі ў малодшых класах. Мне вельмі падабалася ўзаемадзейнічаць з дзецьмі. Гэта і паўплывала на выбар прафесіі. А чаму менавіта пачатковыя класы? Мабыць, ні адзін прадмет са старшай школы мяне не ўразіў і не зацікавіў так, як усё тое, што выкладае настаўнік у пачатковых класах. Мне падалося гэта блізкім і простым. Спачатку я скончыла педагагічнае вучылішча, а потым педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. І вось больш за трыццаць гадоў працую з пачаткоўцамі.

Першыя прафесійныя крокі маладая настаўніца рабіла ў сваёй роднай мінскай 87-й школе. А дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Перажыванні, хваляванні адыходзілі на другі план, бо побач былі вопытныя калегі, сярод якіх і яе першая настаўніца Соф’я Кузьмінічна Савіч, якая дапамагала добрай парадай і словам.
— Дзеці — заўсёды дзеці. Яны і сёння мала чым адрозніваюцца ад тых, што былі на пачатку маёй прафесійнай дзейнасці, такія ж актыўныя, шчырыя, непасрэдныя, — заўважае педагог. — Што тычыцца магчымасцей агульнага развіцця, мне падаецца, сучасныя дзеці адстаюць ад тых, якія былі раней, за кошт вучэбных праграм. Напрыклад, раней паняцце “назоўнік” уводзілася адразу, а зараз мы знаёмім дзяцей са словамі, якія абазначаюць прадмет, а потым ужо называем іх. Гэтак жа і з вусным лічэннем. Мы паслабілі да яго патрабаванні ў 1 класе. Камусьці гэта патрэбна, а камусьці — не. І вось для тых, хто хоча ісці наперад, даводзіцца прапаноўваць індывідуальныя заданні, каб гэтыя дзеці не разгубілі тое, што маюць, і развіваліся далей.

Асноўны прынцып, якім кіруецца настаўніца, — “не нашкодзь!”. Яна імкнецца зрабіць вучобу малодшых школьнікаў максімальна камфортнай, каб яны адчувалі сябе ў калектыве ўпэўнена, спакойна, каб маглі расці.

— Неяк прачытала, што нішто не ўплывае на жыццё дзіцяці так жыватворна і так згубна, як сіла асабістага прыкладу. А дзеці ў пачатковай школе сапраўды імітуюць сваіх настаўнікаў, імкнуцца пераймаць іх звычкі, інтанацыю, жэсты, — заўважае педагог. — Таму заўсёды імкнуся быць на вышыні. Хочацца, каб, пасталеўшы, школьнікі сталі ў першую чаргу сапраўднымі людзьмі, а потым ужо спецыялістамі ў пэўнай прафесіі.

Па перакананні А.В.Бялятка, сучасны ўрок — гэта ўрок, на якім навучэнец з пасіўнага слухача пераўтвараецца ў актыўную дзеючую асобу. Гэты ўрок павінен быць накіраваны на самастойнае здабыванне вучнямі ведаў (педагогу трэба не прадаставіць школьніку гатовыя веды, а навучыць яго вучыцца), вырашэнне пэўнай праблемы, прымяненне сваіх ведаў у нестандартнай сітуацыі, навучанне суседа таму, чаму навучыўся сам, тлумачэнне засвоенага ўсяму класу. Усё гэта дапамагае замацаваць веды і рухацца наперад. Сучасны ўрок павінен быць крэатыўным: на ім павінна адбывацца захапляльнае дзейства, якое па-сапраўднаму зацікавіць дзяцей. Правільна пастаўленыя мэты, дасканала падабраны матэрыял і форма яго падачы прывядуць да поспеху. Калі мэты на ўроку будуць дасягнуты, то ўрок сапраўды будзе эфектыўным.

Аксана Васільеўна будуе заняткі ў розных формах. Значнае месца ў рабоце педагога адводзіцца і традыцыйным урокам, дзе без крэйды і дошкі не абысціся, а прымяненне іншых сродкаў адцягвае ўвагу навучэнцаў ад галоўнага і перашкаджае ім засвоіць матэрыял. Звычайна гэта ўрокі засваення новых ведаў. Калі ж школьнкі зразумелі, чаго настаўніца ад іх патрабуе, далей для замацавання навыкаў педагог прапаноўвае віктарыны, тэсты і г.д.

Педагог аддае перавагу элементам адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам” (работа ў цэнтрах, праектная дзейнасць, гульня “Супердзіця”), інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям і праблемнаму навучанню. Апошняе вельмі актывізуе і стымулюе навучэнцаў. І калі на першых этапах выкарыстання праблемнага навучання дзеці з цяжкасцю разумеюць, чаго ад іх хочуць, то пасля прапаноўваюць вырыянты выйсця з праблемнай сітуацыі, якія нават настаўнік не можа прадугледзець.

Ад прэзентацыі — да тэстаў

Больш за дзесяць гадоў назад Аксана Васільеўна пачала выкарыстоўваць у рабоце камп’ютар.

— У свой час я выконвала грамадскую функцыю ў школе — была адказная за харчаванне школьнікаў, таму даводзілася рабіць шматлікія падлікі. Каб аблягчыць мне работу, муж купіў камп’ютар і навучыў працаваць з дапамогай табліц Exсel. Работа з камп’ютарам мне вельмі спадабалася, і я пачала самастойна асвойваць яго магчымасці. Тады і заўважыла, што любы від дзейнасці, звязаны з выкарыстаннем сродкаў ІКТ, выклікае цікавасць у навучэнцаў і абуджае іх да актыўнай дзейнасці, — гаворыць А.В.Бялятка.

Спачатку настаўніца выкарыстоўвала прэзентацыі PowerPoint, гатовыя мультымедыйныя дапаможнікі. Убачыла, што навучэнцы, якія звычайна былі пасіўнымі, станавіліся больш актыўнымі, выказвалі свае меркаванні, разважалі. Нагляднасць матэрыялу павышае яго засваенне, бо задзейнічаны ўсе каналы ўспрымання навучэнцаў: зрокавы, механічны, слыхавы і эмацыянальны.

Мультымедыйныя дапаможнікі выкарыстоўваюцца А.В.Бялятка на розных этапах вучэбных заняткаў: на этапе знаёмства і замацавання вывучанага матэрыялу для яго ілюстравання рознымі нагляднымі сродкамі, пры праверцы і кантролі атрыманых ведаў (камп’ютарнае тэсціраванне — гэта самаправерка і самарэалізацыя, гэта добры стымул для навучання, гэта спосаб дзейнасці і выяўлення сябе). Яны прымяняюцца і як сродкі эмацыянальнай разгрузкі: падчас правядзення вучэбных заняткаў педагог выкарыстоўвае відэазастаўкі, слайд-шоу ці ўрыўкі з мультыплікацыйных фільмаў. У навучэнцаў знікае стомленасць, з’яўляецца зацікаўленасць, яны зараджаюцца новай энергіяй, задаюць пытанні. Многія слайд-шоу складзены настаўніцай самастойна.

Са з’яўленнем камп’ютараў павялічыліся магчымасці заняткаў, на якіх прымяняецца індывідуальна-дыферэнцыраваны падыход, калі ўвесь клас выконвае пэўнае заданне, а найбольш паспяховы вучань працуе па асобнай праграме за камп’ютарам ці, наадварот, найменш паспяховы выконвае заданне, якое адпавядае яго ўзроўню. Напрыклад, падчас праверкі дамашняга задання па літаратурным чытанні, па рускай мове або па прадмеце “Чалавек і свет” адзін навучэнец адказвае каля дошкі, а другі ў гэты час выконвае тэст за камп’ютарам. На ўроку матэматыкі пры хуткім і правільным выкананні задання, прапанаванага ўсяму класу, навучэнец атрымлівае магчымасць выканаць дадатковае заданне за камп’ютарам. Гэта можа быць тэст па тэме, што вывучаецца, аналагічныя задачы, матэматычныя выразы, трэнажор. Або на занятках па рускай мове пры паўтарэнні напісання слоўнікавых слоў навучэнцы могуць выконваць гэтую работу за камп’ютарам, дзе ім прапаноўваецца ўставіць літары. Пры няправільным адказе камп’ютар у гульнявой форме паведамляе дзіцяці аб памылцы і прапаноўвае змяніць свой выбар. Гэты тэст можа выкарыстоўвацца як трэніровачны і як кантрольны. Па гукавым сігнале можна прасачыць за колькасцю дапушчаных памылак.

Іншы від вучэбных заняткаў з выкарыстаннем некалькіх камп’ютараў часцей за ўсё праходзіць у групавой форме і выкарыстоўваецца для замацавання ведаў. Клас падзяляецца на 2—3 групы, работа ажыццяўляецца папераменна кожнай групай навучэнцаў.

Мабільны вучань — мабільны настаўнік

Заняткі з выкарыстаннем камп’ютара пачынаюцца з першых вучэбных дзён. Яшчэ некалькі гадоў назад такія ўрокі праходзілі ў спецыяльна абсталяваным класе, потым — са з’яўленнем камп’ютара — у вучэбным кабінеце Аксаны Васільеўны, а ўжо другі год настаўніца можа выкарыстоўваць мабільны клас з выхадам у інтэрнэт. Навучэнцы працуюць з такімі электроннымі дадаткамі, як вучэбны комплекс “Матэматыка. Пачатковая школа”, “Руская мова. Пачатковая школа” (серыя “Школьны настаўнік”), ЭСН “Матэматыка. 2—4 класы”, “Чалавек і свет”, “Свет вакол мяне”, рознымі трэнажорамі.

На этапе азнаямлення з новым матэрыялам на літаратурным чытанні, курсе “Чалавек і свет” навучэнцы самастойна здабываюць інфармацыю ў сетцы інтэрнэт. Напрыклад, вывучаючы жывёльны і раслінны свет саван, клас падзяляецца на групы, кожная з якіх знаходзіць інфармацыю аб пэўнай жывёле ці расліне, вывучае яе, а потым адзін з навучэнцаў прадстаўляе матэрыял усяму класу. Дзецям вельмі падабаецца такі від дзейнасці, і яны з вялікай цікавасцю працягваюць гэтую работу дома, больш падрабязна вывучаюць дадатковы матэрыял.

Трэнажоры педагог прымяняе для замацавання ведаў, удасканальвання ўменняў і навыкаў, напрыклад, вусных вылічэнняў, для фарміравання арфаграфічнай пільнасці. На занятках па матэматыцы ў 3 класе пры вывучэнні табліцы множання для адпрацоўкі навыкаў вуснага ліку Аксана Васільеўна прапаноўвае дзецям дыдактычныя камп’ютарныя гульні “Матэматычны трэнажор”, “Хто хутчэй”, “Табліцу ведаю”. З іх дапамогай праводзіцца індывідуальная і калектыўная работа, работа ў парах. Так, дыдактычная гульня-спаборніцтва “Хто хутчэй” эфектыўна прымяняецца пры вывучэнні таблічных выпадкаў множання і дзялення. Сутнасць дадзенай гульні ў тым, што навучэнец, правільна рашыўшы прыклад, запісвае адказ з дапамогай камп’ютара, атрымлівае бал; калі дапушчана памылка, у іншага навучэнца з’яўляецца магчымасць адказаць. Перамагае той, хто набраў найбольшую колькасць балаў. У гэтай гульні развіваецца ўвага, памяць, хуткасць рэакцыі.

Пры калектыўнай рабоце А.В.Бялятка выкарыстоўвае праектар. З яго дапамогай можна эфектыўна праводзіць работу па ўдасканаленні вылічальных навыкаў. Выконваючы матэматычны дыктант з абмежаваннем часу, навучэнцы бачаць заданне на экране некалькі секунд. За гэты час яны павінны знайсці значэнне выразу і напісаць атрыманы адказ. Абмежаванне ў часе стымулюе да канцэнтрацыі ўвагі і хуткага лічэння. Адказ называецца калектыўна ўсімі навучэнцамі з затрымкай у некалькі секунд.

З дапамогай праграмы “Дзесяцібальны маніторынг” настаўніца прымяняе тэставы кантроль на этапе праверкі ведаў і ўменняў. За кароткі адрэзак часу малодшыя школьнікі могуць прааналізаваць свае няправільныя адказы і знайсці правільнае рашэнне. Напрыклад, з дапамогай тэставых заданняў складаны для чацвёртакласнікаў курс “Мая Радзіма — Беларусь” выклікае цікавасць і імкненне актыўна працаваць не толькі на ўроках, але і дома.

Для развіцця пазнавальнай актыўнасці

Назапашаны матэрыял па выкарыстанні ІКТ на ўроках настаўніца паклала ў аснову ўласных электронных сродкаў навучання. Работа над слоўнікавымі словамі па рускай мове праводзіцца сістэматычна на працягу навучання ў пачатковай школе. Каб зрабіць гэтую работу больш разнастайнай і павысіць якасць напісання слоўнікавых слоў, А.В.Бялятка распрацавала ЭСН па рускай мове “Слоўнікавыя словы. 2 клас”, “Слоўнікавыя словы. 3 клас”, “Слоўнікавыя словы. 4 клас”. У іх сабраны матэрыял па кожным слове, што вывучаецца ў канкрэтным класе (відэаролікі, урыўкі з мультфільмаў, прыказкі, загадкі, вершы). Ён можа выкарыстоўвацца пры падрыхтоўцы да ўрока.

Для таго каб дзеці маглі свабодна валодаць камп’ютарам і выкарыстоўваць яго не толькі для гульняў, але і ў адукацыйных мэтах, А.В.Бялятка ўжо каторы год праводзіць заняткі гуртка “Камп’ютарны свет”. Навучэнцы знаёмяцца з праграмамі Word, Excel, PowerPoint, графічным рэдактарам Paint, а таксама вучацца карыстацца глабальнай сеткай інтэрнэт. Заняткі прадугледжваюць работу з адукацыйнымі і развіццёвымі праграмамі. Дзеці ўдасканальваюць свае арфаграфічныя навыкі пры наборы тэксту, вылічальныя навыкі, развіваюць уяўленне, лагічнае мысленне пры маляванні ў графічным рэдактары Pаint. Развіццю пазнавальнай актыўнасці садзейнічаюць заняткі па стварэнні мультымедыйных прэзентацый у PowerPoint і відэаролікаў у Movie Maker. Набытыя школьнікамі практычныя навыкі замацоўваюцца падчас стварэння рэальнага прадукту па тэме.

Навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах, конкурсах “Відэаўрок”, “Інфазнайка” і іншых. Са стварэннем сайта класа “Чамучкі” і ўласнага блога http://sch49minsk.jimdo.com з’явілася магчымасць дзяліцца сваім вопытам у інтэрнэце, забяспечваць новыя эфектыўныя ўмовы арганізацыі вучэбнага працэсу для навучэнцаў і іх бацькоў.

— Выкарыстанне сродкаў ІКТ дазваляе перайсці ад тлумачальна-ілюстраванага спосабу навучання да дзейснага, забяспечвае нагляднасць, прыцягненне вялікай колькасці дыдактычнага матэрыялу, садзейнічае павышэнню якасці вынікаў вучэбнай дзейнасці, — адзначае Аксана Васільеўна. — Для педагога таксама адкрываюцца вялікія магчымасці: камп’ютар бярэ на сябе функцыю кантролю ведаў, дапамагае сэканоміць час на вучэбных занятках, цяжкія для разумення моманты паказаць у дынаміцы, паўтарыць навучэнцам тое, што выклікала цяжкасці, дыферэнцыраваць вучэбныя заняткі ў адпаведнасці з індывідуальнымі асаблівасцямі кожнага навучэнца.

У найбліжэйшай перспектыве настаўніца плануе далей праводзіць факультатыўныя заняткі “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scratch”, якія распачаліся з гэтага навучальнага года, стварыць тэматычны сайт для сваіх калег, на якім падзяліцца назапашаным вопытам, а таксама паўдзельнічаць ў праекце па дыстанцыйным навучанні на платформе МОODLE.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.