З добрым патэнцыялам

- 10:11Людзі адукацыі

Аляксандр Іванавіч Марук прыйшоў у настаўніцкую прафесію ўсвядомлена і плануе дасягнуць у ёй высокага майстэрства, а інакш, лічыць ён, займацца педагогікай не мае сэнсу. Гэты малады, актыўны, амбіцыйны, мэтанакіраваны і натхнёны чалавек уласным прыкладам паказвае, што сучасная школа — выдатнае месца для самарэалізацыі, творчасці і прафесійнага станаўлення.

— З ранняга дзяцінства любіў маляваць, танцаваць, спяваць, чытаць, лічыць і гуляць, таму, калі прыйшоў час выбіраць жыццёвую дарогу, дакладна вырашыў, што хачу перадаваць свае веды і ўменні іншым, — гаворыць настаўнік пачатковых класаў А.І.Марук з сярэдняй школы № 32 Брэста. — Сёння я займаюся любімай справай, якая, хоць і патрабуе шмат сіл і цярпення, але прыносіць вялікую радасць ад вясёлых, разумных і ўдзячных позіркаў дзяцей. Настаўнік пачатковых класаў — асаблівая прафесія, бо патрабуе вялікай адказнасці і вялікай любові, прычым не толькі да выхаванцаў, але і да штодзённай напружанай работы і жыцця ў цэлым. Без гэтага немагчыма стаць добрым педагогам, які будзе для дзяцей і бацькам, і прыкладам для пераймання.

Такім прыкладам для Аляксандра Іванавіча была маці Галіна Іванаўна, настаўніца пачатковых класаў. Цікавасць да маленькіх чамучак прывяла юнака на псіхолага-педагагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна. У школу А.І.Марук прыйшоў не адразу, а пасля тэрміновай службы ў арміі. Маладому спецыялісту даверылі 3 “Д” клас, які сёлета стаў выпускным.

— Самым складаным у пачатку прафесійнай дзейнасці аказалася знайсці падыход да кожнага дзіцяці і бацькоў, а таксама разабрацца ў дакументацыі, — прызнаецца Аляксандр Іванавіч. — Дзякуючы вялікай падтрымцы з боку дружнага калектыву, удалося даволі хутка набыць упэўненасць ва ўласных сілах і чарговы раз пераканацца ў правільнасці прафесійнага выбару. На працягу 2 гадоў я жыў лёсам сваіх вучняў і шчыра хваляваўся за кожнага з іх, бо яны сталі для мяне амаль роднымі. Прыемна было пачуць на адным з бацькоўскіх сходаў: “Для майго дзіцяці вы — самы аўтарытэтны чалавек”. Гэта абавязвае і падштурхоўвае да далейшага самаўдасканальвання і самаадукацыі. Калі адчуваеш падтрымку вучняў, іх бацькоў і калег, вырастаюць крылы. У тым, што заўсёды імкнуся стаць лепшым і не спыняцца на дасягнутым, — заслуга маіх выхаванцаў. Калі кожны з іх знойдзе сваё месца ў жыцці, то не будзе дрэнных настаўнікаў, урачоў і інжынераў.

А.І.Марук лічыць, што галоўная задача педагога — навучыць жыць у сучасным свеце, застаючыся самім сабой. А для гэтага настаўніку трэба пры-маць дзяцей такімі, якія яны ёсць, і даваць ім шанс паказаць сябе. Аляксандр Іванавіч выхоўвае ў кожным з іх станоўчыя маральныя якасці праз літаратуру, пазакласныя мерапрыемствы і калектыўныя творчыя справы. Педагог вучыць дзяцей і многаму вучыцца ў іх сам.

— Рыхтуючыся да заняткаў, імкнуся, каб яны былі цікавымі і зразумелымі, — гаворыць настаўнік. — Для гэтага выкарыстоўваю розныя тэхналогіі, у тым ліку ІКТ, неабходныя для актыўнай разумовай дзейнасці вучняў і развіцця іх камунікатыўных здольнасцей. Спрабую сябе як настаўнік-сцэнарыст, рэжысёр і партнёр. Аддаю перавагу інтэрактыўным формам навучання, праектнай дзейнасці, нестандартным і праблемным урокам. Вядомы педагог Канстанцін Ушынскі пісаў: “Галоўным вынікам навучання ў пачатковай школе павінна быць разумовае развіццё дзяцей: уменне выказваць свае думкі ў слоўнай і пісьмовай форме, імкненне да навучання і любоў да свету”. Відавочна, што гэтага немагчыма дасягнуць без чытацкіх уменняў і асэнсаванай работы з літаратурай, таму вялікую ўвагу ўдзяляю ўрокам чытання. Знаходжуся ў пастаянным пошуку эфектыўных метадаў, прыёмаў і сродкаў, якія зрабілі б іх цікавымі, карыснымі і захапляльнымі, такімі, каб дзецям хацелася даведвацца штосьці новае і каб у іх фарміраваліся навыкі ўсвядомленага, правільнага, беглага і выразнага чытання.

А.І.Марук шырока выкарыстоўвае на ўроках літаратурнага чытання метадычныя прыёмы творчага характару, якія ўключаюць заданні і практыкаванні з прыказкамі, літаратурныя гульні, сінквейны і інш. Гэтыя прыёмы далучаюць малодшых школьнікаў да чытання, замяняючы сучасныя гаджэты. Вучні з нецярпеннем чакаюць, што будзе новага і цікавага на наступных уроках.

— Больш за ўсё люблю выкарыстоўваць на занятках прыказкі, якія дазваляюць правесці ўрок не толькі цікава, але і з карысцю, — адзначае Аляксандр Іванавіч. — Дзецям вельмі падабаюцца літаратурныя гульні (“Я — ліса”, “Хто гэта быў?”, “Лішнія словы”, “Слова-магніт”, “Радкі пераблыталіся”, “Я пачну, вы прадоўжыце”, “Ці верыце вы, што…”) і прыём “Фотавока”, калі трэба па карцінках пазнаць казку і пераказаць яе, выбраць фотакарткі, звязаныя з пэўным творам, стварыць малюнкі да яго, скласці характарыстыкі герояў з выкарыстаннем рыс іх характару, расшыфраваць анаграмы. Усё гэта робіць урок больш яркім, насычаным і запамінальным. А галоўнае — дзеці ўсведамляюць, што чытаць — здорава!

У маладога педагога пакуль няма вялікіх дасягненняў і шматлікіх узнагарод, але можна не сумнявацца, што яны ў яго будуць. Для гэтага ў Аляксандра Іванавіча Марука ёсць неабходны патэнцыял.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.