З думкай пра фінансы і будучыню

- 11:46Навіны рэгіёнаў

“Задумацца пра свае грошы адзін дзень у месяц важней, чым трыццаць дзён іх зарабляць” — такую параду даваў Джон Ракфелер. Меркаванню чалавека, чыё прозвішча стала сімвалам багацця і поспеху, можна верыць. І сапраўды, правільна распараджацца грашыма гэтак жа важна, як і атрымліваць іх. А для гэтага патрэбны пэўныя веды. Менавіта такія веды дэманструюць штогод удзельнікі алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. Абласны этап гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва прайшоў на Міншчыне.

Фота да матэрыяла: З думкай пра фінансы і будучыню.Жадаючых атрымаць веды пра фінансы з кожным годам становіцца больш, як і жадаючых свае веды прымяніць. Сёлета ў Мінскай вобласці ў першых двух этапах удзельнічала больш за 4 тысячы навучэнцаў. У абласны этап прайшоў 71 удзельнік. Каб справіцца з заданнямі абласнога этапу, трэба было валодаць разнастайнымі глыбокімі ведамі пра фінансы. Былі пытанні аб сямейным бюджэце, зберажэннях і ўкладах, лічбавым банкінгу, манітарнай палітыцы, аб падатках і зборах, інвестыцыях.

— Рынак фінансавых паслуг становіцца ўсё больш складаным і разнастайным, чалавеку важна разбірацца ў фінансавых інструментах, паняццях, аперацыях. І дзеці з вялікай цікаўнасцю звяртаюць увагу на гэтую тэму, таму кожны год мы адзначаем і рост колькасці ўдзельнікаў алімпіяды, і павышэнне ўзроўню іх ведаў, — гаворыць старшыня журы начальнік аддзела эканомікі МАІРА Ірына Мікалаеўна Вецяорац.

З алімпіяднымі заданнямі навучэнцы справіліся годна: сярэдні бал, набраны ўдзельнікамі пры выкананні заданняў, у параўнанні з мінулым годам павялічыўся.

Дарэчы, атрымаць карысныя веды падлеткі маглі не толькі пры падрыхтоўцы да алімпіяды, але і падчас удзелу ў абласным этапе — яны ўзялі ўдзел у інтэрактыўнай лекцыі “Стартап-школа: магчымасці для навучэнцаў і настаўнікаў”. З карысцю правялі гэты час і педагогі — іх запрасілі паўдзельнічаць у вучэбна-дзелавой гульні “Інтэрактыўныя метады навучання асновам фінансавай дасведчанасці”.

Пераможцай абласнога этапу стала Аляксандра Кукраш, навучэнка сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага. Дыплом II ступені атрымаў Сямён Мініч, навучэнец Бараўлянскай гімназіі Мінскага раёна. Дыпломам III ступені ўзнагароджана Дар’я Ламейка, якая вучыцца ў Зажэвіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Салігорскага раёна. Дарэчы, Аляксандра Кукраш і ў мінулым годзе была сярод прызёраў на абласным этапе — атрымала дыплом III ступені.

— Калі я пачала рыхтавацца да алімпіяды, то зразумела, што гэта вельмі карысна для штодзённага жыцця, — расказвае Аляксандра. — Пасля таго як атрымала дыплом на абласным этапе ў мінулым годзе, да мяне нават сталі звяртацца па парады. Чым далей — тым цікавейшая для мне гэтая тэма, і я рада, што магу адчуваць сябе больш упэўненай у фінансавых пытаннях.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.