З думкамі пра Беларусь

- 10:31Рознае, Якасць адукацыі

Нягледзячы на не зусім ветлівую раніцу, дзень абяцаў быць выдатным. Але не толькі ў плане надвор’я: наперадзе — багаты на падзеі дзень у Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, дзе ўжо другі тыдзень праходзіць II Міжнародная школа беларусістыкі.

Першае, што адкрылася нам у гэты дзень, — збор удзельнікаў. Час не зусім ранні — 8-я гадзіна, аднак яны ўжо на падыходзе да аўдыторый. Цешыць вока тое, што ўдзельнікі добра ведаюць адно аднаго, па-таварыску жартуюць. Чуюцца гукі розных моў, але ўсіх гэтых людзей аб’ядноўвае адна — мова, якая сабрала іх з розных куткоў свету, дала магчымасць зазірнуць у свае вытокі, — беларуская.

Лекцыя, якая адкрывала дзень, мела назву “Праблемы беларускай лексікаграфіі. Стварэнне тлумачальнага слоўніка беларускай мовы і Нацыянальнага корпуса беларускай мовы”. Перад удзельнікамі школы выступалі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў і навуковы супрацоўнік Уладзімір Кошчанка. Слухачы разам з прамоўцамі ўзгадалі, з каго пачыналася тлумачальная лексікаграфія, даведаліся пра асноўныя слоўнікі, якія паўплывалі на развіццё беларускай мовы, ацанілі цяжкасць працы па іх стварэнні. Ігар Капылоў расказаў пра цяжкасці, якія ўзнікаюць падчас работы над дапаможнікамі, а Уладзімір Кошчанка растлумачыў удзельнікам школы паняцце “корпус”.

Пасля ўдзельнікам была прапанавана тэма “Беларускі перакладны рыцарскі раман эпохі Адраджэння: сучасная рэфлексія. “Трышчан і Ізота”. У адрозненне ад папярэдняй лекцыі гэтая адносілася да той часткі праграмы, дзе выпрацоўваюцца навыкі камунікацыі на беларускай мове, — практыкі маўлення. Экскурс у свет Адраджэння праводзіла дацэнт Надзея Старавойтава. Яна пазнаёміла слухачоў з асаблівасцямі той эпохі, расказала пра ўплыў, які быў аказаны на ўсходніх славян. Дзякуючы выступоўцы, прысутныя змаглі ацаніць насычанасць, дасціпнасць і выразнасць беларускага перакладу “Трышчана і Ізоты”, дзе трагічнае суседнічае з камічным.

У межах праекта замежныя сябры змаглі сустрэцца з вядомымі беларускімі мова- і літаратуразнаўцамі: Аляксандрам Лукашанцам, Вольгай Гуцько, Ірынай Багдановіч, Сяргеем Запрудскім, Ігарам Капыловым, Анжалікай Садоўскай і іншымі навукоўцамі.

На чарговым перапынку было прыемна пагутарыць з замежнымі гасцямі, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі ад праекта. Алена Навасад, прадстаўніца Расіі, даведалася пра II Міжнародную школу беларусістыкі праз школу вывучэння моў-суседак у Маскве, дзе папярэдне 4 месяцы вывучала беларускую мову. “Больш за ўсё падабаецца, што першая лекцыя пачынаецца ў 8.15. Я сапраўды атрымліваю вялікае задавальненне, бо для мяне вельмі важна, каб дзень быў распісаны, — адзначае філолаг Алена і дадае: — Я тут, нібы ў сябе дома. Шчыра захапляюся людзьмі, якія акружаюць мяне: ім проста перайсці з адной мовы на іншую”.

Погляды Алены раздзяляе і госця з Аўстрыі — Марыя Катаржына Прэнер, студэнтка-аспірантка Венскага ўніверсітэта, якая сваю магістарскую дысертацыю абараніла па беларускіх матывах (“Мова газеты “Наша ніва” пачатку XX стагоддзя”). Яна заўважыла, што беларуская мова гучыць “кругленька і вельмі прыемна”. Акрамя таго, адзначыла добразычлівасць беларускіх валанцёраў: “Яны бескарысліва аддаюць душу, гатовы весці ў любую кропку горада, не лічацца са сваім вольным часам”. Госці запэўнілі, што калі ў наступным годзе выпадзе такая магчымасць, то яны абавязкова наведаюць Беларусь чарговы раз.

За двухгадовую гісторыю II Міжнароднай школы беларусістыкі яе наведала каля 90 удзельнікаў. Сярод іх — госці з Венгрыі, Чэхіі, Германіі, Кітая, Японіі, Польшы, Аўстрыі, Украіны і іншых краін.

Удзельнікаў школы беларусістыкі чакаюць заняткі па тэме “Тэмы і героі сучаснай беларускай літаратуры”, пасля — экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку, а мы накіроўваемся ў госці да добразычлівых, паводле слоў гасцей, арганізатараў праекта. Нас сустракае загадчык кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ Людміла Кажухоўская, якую просім больш падрабязна расказаць пра праект.

“Такія школы беларусістыкі ўпершыню пачалі праводзіцца яшчэ ў 90-я гады, — адзначае Людміла Сяргееўна. — Потым быў доўгі перапынак, пасля якога было вырашана аднавіць гэты праект на базе РІВШ. Для нас было прынцыпова, каб такая школа з’явілася менавіта ў Мінску, бо ў іншых краінах падобныя праекты існуюць даўно. Ужо другі год да нас прыязджаюць натхнёныя маладыя людзі, якіх цікавяць беларуская мова, гісторыя і культура. Што да культурнай праграмы, мы стараліся зрабіць яе нестандартнай, хацелі паказаць замежным гасцям тое, што любім і чым ганарымся, імкнуліся зрабіць праект атмасферным. Наша мэта — каб госці, паехаўшы дадому, ведалі, што ў Беларусі адметная гісторыя і шчырыя людзі”.

Удзельнікі II Міжнароднай школы беларусістыкі наведалі Чырвоны касцёл, музей “Дом Ваньковічаў”, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Янкі Купалы, Нацыянальны мастацкі музей, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, пабывалі на экскурсіях “Па слядах Адама Міцкевіча” і “Таямніца вялікага князя”.

Загадчык кафедры таксама праліла святло на жыццё праекта па-за межамі афіцыйнай праграмы. Свае ідэі наконт правядзення вольнага часу актыўна прапаноўваюць валанцёры. Разам з удзельнікамі школы беларусістыкі яны гатуюць нацыянальныя стравы, наведваюць творчыя імпрэзы, што яшчэ больш павышае ўзровень валодання беларускай мовай замежнымі сябрамі.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.