З душой і любоўю

- 10:49Актуально, Апошнія запісы

Прыгожа, ярка і запамінальна горад над Бугам адзначыў 1000-гадовы юбілей. У трохдзённых святочных мерапрыемствах, арганізаваных на больш як 10 тэматычных пляцоўках, актыўна ўдзельнічалі педагогі і вучні, якія прызнаваліся ў любові да роднага Брэста ў вершах і песнях, дарылі яму музычныя, танцавальныя і спартыўныя нумары, творчыя вырабы і, канечне, бясконцыя ўсмешкі і вясёлы настрой.

Павіншаваць брэстаўчан з юбілеем прыехала шмат ганаровых гасцей. Сярод іх быў і міністр адукацыі І.В.Карпенка. Ігар Васілье­віч пабываў на ўрачыстым мерапрыемстве, якое праходзіла на цэнтральнай плошчы горада з удзелам Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі, і наведаў Астрамечаўскую сярэднюю школу ў Брэсцкім раёне, дзе азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, умовамі арганізацыі адукацыйнага працэсу і прафесійнай падрыхтоўкі старшакласнікаў, перадаў спартыўны інвентар для вучняў, абмеркаваў надзённыя пытанні з педагогамі, начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага абл­выканкама Ю.М.Прасмыцкім і намеснікам старшыні Брэсцкага райвыканкама П.І.Валынцом.

Нягледзячы на салідны ўзрост, Брэст малады душой. Колькасць дзяцей у горадзе з году ў год павялічваецца. Добрая дэмаграфічная сітуацыя патрабуе адпаведнай сацыяльнай інфраструктуры. Напярэдадні святкавання 1000-гадовага юбілею ў новых мікрараёнах адкрыліся сярэдняя школа і яслі-сад — пачатковая школа, якія сталі добрым падарункам юным жыхарам 350-тысячнага горада. Акрамя ўстаноў адукацыі, у Брэсце з’явілася і шмат іншых аб’ектаў: Заходні абход, новыя пуцеправод і аўтавакзал, адро­джаны Гарадскі сад, парк
1000-годдзя, фантаны…

Святочныя мерапрыемст­вы разгарнуліся ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў і парку “1 Мая”, мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, на Вяслярным канале і пляцоўцы каля Лядовага палаца, а таксама на цэнтральных вуліцах. Усюды было шматлюдна, гучалі звонкія дзіцячыя галасы і залівісты смех, якія стваралі радасную і шчаслівую атмасферу.

Горад-юбіляр прапанаваў жыхарам і гасцям наве­даць І Міжнародны дзіцячы фестываль тэатраў і кніг “Кніжны шкап”, абласное свята фальклорнага мастацтва “Таночак”, абласны агляд-конкурс вядучых гульнявых праграм “Берасцейскія забаўлянкі”, міжнародны парад аркестраў краін СНД, ІІ лёгкаатлетычны прабег, выставы рамеснікаў і народных майстроў, дэфіле-паказ этнакасцюмаў Брэстчыны “Модны стыль — народны тэкстыль”, фотавыставы і экспазіцыі айчынных мастакоў, паказальныя выступленні спартсменаў, фестывалі Дружбы, фарбаў, вулічных тэатраў і паветраных змеяў, аўтапарад, навукова-забаўляльныя шоу, экалагічныя акцыі, тэматычныя майстар-класы, рыцарскія турніры, музейныя выставы, рэканструкцыю сярэдневяковага побыту, гонкі на гіраскутарах, сямейнае свята “Каханне ёсць”, кірмашы-продажы, музычна-гістарычную кампазіцыю “Міленіум” і маштабны карнавал, які ў тэатралізаванай форме адлюстраваў 1000-гадовую гісторыю Брэста. Яго ўдзельнікамі, акрамя лепшых творчых калектываў горада, сталі студэнты краін СНД у нацыянальных касцюмах і музычныя калектывы з Беларусі, Расіі, Казахстана, Латвіі і Польшчы.  

Канцэртныя праграмы з удзе­лам школьнікаў выклікалі ў гледачоў станоўчыя эмоцыі. Юныя брэстаўчане ахвотна дэманстравалі спартыўныя і творчыя ўменні і навыкі, спаборнічалі ў конкурсах і інш. Кожнае мерапрыемства было арганізавана з душой і прасякнута любоўю да роднага горада з 1000-гадовай гісторыяй. А інакш нельга. Гэта ж малая радзіма.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота БелТА.