З дыпломамі і ўпэўненасцю ў сваіх магчымасцях

Больш чым палова школьнікаў Гомельскай вобласці, якія прынялі ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды 2021 года, вярнуліся дадому з дыпломамі пераможцаў. 

Навучэнцаў 8—11 класаў было 229, а дыпломаў — 121. Гэта на 20 больш, чым у 2019 годзе. Летась з-за неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыі ў алімпіядзе ўдзельнічалі толькі навучэнцы 11-х класаў.

Як расказала галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Сурава, навучэнцам вобласці ўручана 25 дыпломаў I ступені, 40 дыпломаў II ступені, 56 дыпломаў III ступені.

— Сярод узнагароджаных дыпломамі I ступені 7 навучэнцаў з’яўляюцца абсалютнымі пераможцамі алімпіяды ў сваіх паралелях па фізіцы, матэматыцы, астраноміі, інфарматыцы, рускай мове і літаратуры, французскай мове. У параўнанні з 2019 годам у нас на 7 дыпламоў больш па беларускай мове і літаратуры, на 6 — па хіміі, на 5 — па фізіцы, на 4 — па нямецкай мове, на 3 — па біялогіі, на 2 — па гісторыі, астраноміі, на 1 дыплом больш па рускай мове і літаратуры, іспанскай мове і геаграфіі, — адзначыла Алена Сурава. 

Добра выступілі каманды Гомельскай вобласці па працоўным навучанні (9 дыпламоў з 13), інфарматыцы (11 з 16), кітайскай мове (2 дыпломы з 3), грамадазнаўстве і фізічнай культуры (па 5 з 10). 

Самыя лепшыя вынікі сёлета ў прадстаўнікоў Савецкага і Чыгуначнага раёнаў Гомеля — па 19 дыпломаў, 16 дыпломаў — у прадстаўнікоў Цэнтральнага раёна Гомеля. Мазырскі раён узяў 14 дыпломаў, а Жлобінскі — 12. У школьнікаў Светлагорскага — 6 дыпломаў, Рэчыцкага — 5, Акцябрскага і Петрыкаўскага раёнаў, а таксама Навабеліцкага раёна Гомеля — па 2 дыпломы. Навучэнцы Буда-Кашалёўскага, Добрушскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Лоеўскага, Нараўлянскага, Рагачоўскага раёнаў заваявалі па 1 дыпломе.

Сярод устаноў адукацыі лідарам гэтага года стаў Гомельскі абласны ліцэй — 8 дыпламантаў. У гімназію № 14 Гомеля прывезлі 7 узнагарод, у гімназіі №№ 10, 51 Гомеля — па 6. Гомельскі гарадскі ліцэй № 1, гімназія № 46 Гомеля маюць па 5 дыпламантаў, а сярэдняя школа № 8 Гомеля, гімназія № 56 Гомеля, Цэнтр юных пажарных Мазыра — па 4 дыпламанты.

Сярод пераможцаў сёлетняй алімпіяды — два школьнікі з сельскай мясцовасці. Гэта навучэнцы Гусявіцкай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна і Козенскай сярэдняй школы Мазырскага раёна. 

Па выніках алімпіяды 49 адзінаццацікласнікаў вобласці могуць без удзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні стаць студэнтамі самых прэстыжных устаноў вышэйшай адукацыі краіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.