З дзецьмі трэба размаўляць простымі шчырымі словамі

- 12:12Людзі адукацыі

Мой сённяшні суразмоўнік — асоба вядомая, нават медыйная. Некалькі гадоў назад многія сачылі за гісторыяй двух настаўнікаў, якія добраахвотна паехалі працаваць у вясковую школу. Гэта былі Дзмітрый Макарчук і Сяргей Бародзіч — сябры, калегі і паплечнікі. Цяпер яны працуюць у Ліцэі БДУ, у якім, дарэчы, самі некалі вучыліся, і атрымліваюць новы вопыт. Мая гутарка з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Дзмітрыем Макарчуком не столькі пра значэнне асобы педагога ў жыцці вучня, колькі пра метадычныя аспекты выкладання яго прадмета, хоць насамрэч усё ўзаемазвязана, бо настаўнік заўсёды працуе дзеля сваіх вучняў.

Фота да матэрыялу: З дзецьмі трэба размаўляць простымі шчырымі словамі.Дзмітрый Маратавіч з самага пачатку хацеў працаваць у школе, прычым выключна ў сваёй краіне. Справа ў тым, што ён скончыў філалагічны факультэт Вільнюскага педагагічнага ўніверсітэта (цяпер гэта Літоўскі ўніверсітэт адукацыйных навук) і мог застацца настаўнічаць у Вільнюсе. Але малады педагог вярнуўся дадому, бо хацеў працаваць на карысць беларускай адукацыі. Дарэчы, яго дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта ў Літве прызнаецца ў нас афіцыйна, бо паміж Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка і ўніверсітэтам у Вільнюсе заключаны адпаведны дагавор.

На момант пачатку працоўнай дзейнасці, акрамя ўніверсітэцкай адукацыі, у Дзмітрыя Маратавіча быў пэўны вопыт дзейнасці ў галіне нефармальнай адукацыі, таму ў яго не было страху, калі ўпершыню пераступіў парог класа. Настаўнік ужо валодаў некаторымі прыёмамі і тэхналогіямі, якія дапамаглі не толькі наладзіць узаемаадносіны з дзецьмі, але і будаваць эфектыўныя ўрокі. Разам з тым патрэбнага эфекту давялося чакаць, бо рэаліі разыходзіліся з уяўленнямі маладога педагога.

Мова пачынаецца з лексікі

“У вясковай школе, куды мы прыехалі працаваць, дзеці, безумоўна, ужо мелі некаторую базу па прадмеце. Я ішоў у клас з думкамі, што мне трэба арыентавацца на навуковы падыход у выкладанні беларускай мовы, трэба грунтоўна вывучаць часціны мовы, члены сказа, даваць усю граматыку, пунктуацыю. Разглядаць усё падрабязна і дасканала, і, натуральна, у канцы чвэрці мае вучні павінны дэманстраваць трывалыя веды.

Але сутыкнуўся з тым, што немагчыма будаваць веды па граматыцы або арфаграфіі, пакуль няма разумення простых слоў. Пачынаць трэба з вывучэння лексікі, назапашвання беларускіх слоў. Напрыклад, у 5 класе, калі мы вучыліся пісаць слова “камюніке”, дзе е не пераходзіць ні ў э, ні ў я (акрамя таго, слова ілюструе, што не толькі “о” ці “э” могуць быць пад націскам), дзецям найперш трэба было патлумачыць значэнне гэтага слова. І тут неабходна ўлічваць, што яго сэнс абстрактны і належыць да высокіх дзелавых адносін. Гэта запазычанае слова, і каб зразумець яго, трэба перакласці і выкарыстаць некалькі разоў у сказах. І такіх слоў шмат.

Да таго ж узнікаюць праблемы і з простымі беларускімі словамі і паняццямі, напрыклад, “зэдлік”, “канапа”, “патэльня”. Перш чым дзеці навучацца правільна пісаць такія словы, трэба навучыць іх разумець. Дарэчы, гэтая праблема яднае самую маленькую вясковую школу з вялікай гарадской. На жаль, нашы дзеці не разумеюць чыстай беларускай мовы, таму, зноў-такі перш чым навучыць іх пісаць тыя ж словазлучэнні і знаходзіць прымыканне ці кіраванне, трэба патлумачыць значэнні слоў.

Калі гаварыць пра вывучэнне мовы ў адпаведнасці з ростам чалавека, то дзіця спачатку слухае бацькоў, успрымаючы іх словы ў дачыненні да пэўных прадметаў. Яно ўвесь час сочыць за сваімі бацькамі, за іх паводзінамі ў розных сітуацыях маўлення і зносін, а пасля імкнецца імітаваць бацькоўскую маўленчую дзейнасць у сваёй жыццядзейнасці. Пройдзе шмат гадоў, пакуль дзіця пачне пісаць словы і сказы. А мы імкнёмся на ўроках спачатку даць вучням пісьмовую частку. Дзеці шчыра не разумеюць, чаму вось гэтае слава я называю прыслоўем, а вось гэтае, якое гучыць аднолькава з папярэднім, назоўнікам.

Маё разуменне, як выкладаць беларускую мову, крышталізавалася ад моманту працы ў вясковай школе да выкладання ў ліцэі. У выніку прыйшоў да высновы, што пачынаць трэба з вывучэння лексікі, таму мае вучні шмат працуюць са словамі, складаюць і разыгрываюць дыялогі, устаўляюць прапушчаныя словы. Лексіка — гэта падмурак, без якога немагчыма пабудаваць сцены”.

Змест урока вызначаюць аператыўныя мэты

“Калі мы звернемся да тэорыі педагогікі, то ў нас ёсць мэты стратэгічныя, тактычныя і аператыўныя. Я прыходжу ў клас, і мая стратэгічная мэта — веданне навучэнцамі структуры мовы, але ў іх няма падмурка, бо структура мовы — шырокае паняцце і ўключае шмат моўных раздзелаў. Гэта азначае, што стратэгічная мэта адыходзіць на стратэгічнае аддаленне, а мы працуем з мэтамі аператыўнымі. Даводзіцца ўзгадняць сваё каляндарна-тэматычнае планаванне з рэаліямі кожнага канкрэтнага класа. Паўтаруся, калі няма падмурка, ты не маеш права будаваць сцены.

У ліцэі ёсць факультатыўныя заняткі па беларускай мове для навучэнцаў няпрофільных класаў (нефілалагічнага напрамку), якія я магу будаваць зыходзячы з рэальных патрэб дзяцей. Калі гэта вучэбныя заняткі, то адна частка прысвячаецца вывучэнню лексікі, а другая — той тэме, якая ідзе па праграме згодна з каляндарна-тэматычным планаваннем. Наколькі гэта эфектыўна, пакажа час, а дакладней — узровень валодання навучэнцамі беларускай мовай. Пакуль бачу, што ліцэістам няпроста, бо не хапае моўнага асяроддзя.

Напрыклад, вы заходзіце ў кнігарню і найперш бачыце рускамоўную літаратуру. Каб дабрацца да беларускамоўнай, трэба прайсці каля некалькіх вітрын. Акрамя таго, моладзь цікавяць сусветныя навінкі, таму будзе выдатна, калі яны пачнуць існаваць і ў беларускамоўнай версіі. Тое самае можна сказаць і пра кіно. Добра, што з’явіліся “Беларускія ўік-энды”, дзе можна ўбачыць сусветнае кіно на беларускай мове. Але гэтага недастаткова.

За кнігамі і фільмамі ідуць канцэрты. Вельмі цяжка знайсці беларускага выканаўца, які мог бы сабраць, напрыклад, “Мінск-Арэну” ці хаця б Палац Рэспублікі. Радуе сучасны рэпертуар аркестраў, у прыватнасці, выдатныя канцэрты дае Прэзідэнцкі аркестр.

Нельга сказаць, што мы не развіваемся. У грамадстве з’яўляюцца ініцыятыўныя людзі, дзякуючы якім, напрыклад, можна прачытаць “Хронікі Нарніі”, “Маленькага прынца” ці “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса” на беларускай мове”.

Мова і літаратура непадзельныя

“Мы не можам раздзяліць мову і літаратуру і разглядаць іх паасобку, бо валоданне лексікай наўпрост уплывае на тое, як хутка дзеці чытаюць і як разумеюць прачытанае. І калі мы ставім мэту навучыць дзяцей пераказваць тэксты, то найперш павінны забяспечыць разуменне гэтых тэкстаў. Трэба рабіць даслоўны разбор, бо ўзнікае рызыка, што дзеці не захочуць выконваць заданні, тлумачачы: “Я не буду рабіць, бо не разумею”.

Калі гаварыць пра методыкі, то я канцэнтруюся на выпрацоўцы ў сваіх навучэнцаў чытацкіх уменняў і навыкаў. Гэтыя ўменні і навыкі пералічаны ў пэўнай частцы РІSA, ёсць яны і ў PIRLS. Як гэта адбываецца на практыцы? Чытаю твор сам, бо лічу, што да 7 класа настаўнік павінен абавязкова чытаць твор навучэнцам. Я прыхільнік таго, каб у класе знаходзіліся і слабыя, і моцныя вучні, бо калі слабае ў чытанні дзіця слухае хуткае чытанне больш паспяховага аднакласніка, то пачынае само ў гэтым працэсе ўдасканальвацца.

Пасля прачытання твора настаўнікам яго чытаюць дзеці. Затым па гэтым творы (апавяданне, верш, урывак з аповесці ці рамана) рыхтую 10 пытанняў і адказаў. Усё гэта раздрукоўваю і раздаю. Сутнасць у тым, што побач са слупкамі пытанняў і адказаў ёсць месца, дзе таксама ў слупок будуць запісвацца старонкі, на якіх былі знойдзены адказы на пастаўленыя пытанні.

Раней асноўны акцэнт рабіўся на тое, што ты запомніў з прачытанага тэксту. Акрамя таго, пытанні ў падручніках, прыдуманыя аўтарамі, не заўсёды стыкуюцца з тым, што насамрэч запамінаюць дзеці. У кожнага навучэнца свой узровень свядомасці, свой жыццёвы вопыт, таму кожны з іх пры прачытанні твора звяртае ўвагу на нешта сваё. Я на ўроках забараняю адказваць па памяці, таму ў нас на занятках існуе абавязковая работа з тэкстам.

Вяртаюся да задання са слупкамі: каб знайсці адказ на пытанне, трэба пазначыць старонку. А каб яе пазначыць, трэба перачытаць пэўны ўрывак (абзац, сказ), што дапаможа даць правільны і дакладны адказ. Гэтае заданне на разуменне тэксту, якое сведчыць пра першы ўзровень чытацкіх уменняў, пазначаных у РІSA ці PIRLS.

Другі ўзровень — гэта ўжо разуменне падзей: што ў творы здараецца. Калі навучэнец з тэкстам працуе дома, то на дапамогу могуць прыйсці бацькі або можна звярнуцца да слоўніка, каб высветліць значэнне незразумелага слова. Пасля мы пераходзім да высокага ўзроўню чытацкіх уменняў і навыкаў — разумення прычынна-выніковых сувязей падзей у творы. А вяршыняй з’яўляецца інтэрпрэтацыя тых ці іншых з’яў і падзей з прачытанага мастацкага твора. Тут мы адказваем на пытанне: “Якія я магу зрабіць высновы, зыходзячы з тых ці іншых дзеянняў персанажаў?”

Калі гаварыць пра ліцэістаў, то яны вельмі цікаўныя маладыя людзі, таму чытаюць не толькі праграмныя творы. Яны актыўна сочаць за літаратурнымі навінкамі — чытаюць “Мову” Віктара Марціновіча, “Радзіва “Прудок” Андруся Горвата. Апошняе — цікавая з’ява для беларускага літаратуразнаўства, бо ўяўляе сабой інтэрнэт-дзённік пад кніжнай вокладкай. Але мы з ліцэістамі абмяркоўваем усё новае, што з’яўляецца ў беларускай літаратуры, бо навучэнцам вельмі важна мець зваротную сувязь са сваімі педагогамі. Для настаўніка няма нічога больш прыемнага, чым тое, калі вучань спрачаецца з ім па тэме”.

Адзнака — не матывацыя

“Я прыхільнік нефармальнага ацэньвання. Ведаю пра актыўную ацэнку, але не карыстаюся ёй у поўнай меры, магчыма, толькі некаторымі тэарэтычнымі аспектамі. Як матывую?

Першае — гэта цікавыя ўрокі. Шмат у чым метады, методыкі і формы, якія мы выкарыстоўваем на ўроках, матывуюць дзяцей. Часам я нават не мог уявіць, што гэта можа так моцна ўплываць. Калі праводжу ўрок-гульню, то мае вучні ведаюць, што ў мяне ў шафе ляжыць капялюш. Кожны ў класе атрымлівае 8 маленькіх паперак, на якіх піша словы. Пасля паперкі са словамі трапляюць у капялюш, перамешваюцца там.

Затым вучань выцягвае паперку са словам і тлумачыць яго значэнне свайму напарніку так, каб той здагадаўся, пра якое слова ідзе гаворка. Я нічога не гавару пра адзнакі. Навучэнцы проста гуляюць, бо ім цікава. Гэта чэлендж, як цяпер гавораць: “А ці здолею я патлумачыць і адгадаць?” Так, тут ёсць невялічкі момант спаборніцтва паміж дзецьмі, але галоўнае тое, што ідзе актыўная кагнітыўная дзейнасць, актыўная пазнавальная дзейнасць. І цікава не толькі вясковым вучням, але і ліцэістам. І такіх гульняў вельмі шмат.

Пасля ўрока дзеці яшчэ будуць абмяркоўваць, чаму ты мне патлумачыў так, а трэба было так, бо я хутчэй бы здагадаўся. Іх гэта чапляе, а не адзнака. Адзнака, як гаворыць мой напарнік, дагоніць пасля і пастукае па плячы. Карысць гульні і ў тым, што яна дапамагае разварушыць кожнага вучня ў класе: слабага і моцнага, цікаўнага і абыякавага. Гульнявая форма работы дапамагае ацэньваць, прычым высока, бо з’яўляецца творчай дзейнасцю.

Пытанне ў тым, што мы хочам ацаніць. Канечне, я магу прыйсці на ўрок, даць навучэнцам дыктоўку, праверыць яе і паказаць, што яны нічога не ведаюць. Але ні адна педагагічная плынь ці філасофія адукацыі не скажа, што так правільна, бо гэта дэматывуе дзяцей. Калі яны разумеюць, што беларуская мова — гэта цікава, а часам і весела, то нават дэматываваныя навучэнцы могуць уцягнуцца ў працэс. І ўжо за гэта я гатовы іх высока ацаніць. Мне не шкада добрых адзнак.

Іншым разам адзнаку параўноўваюць з заробкам. Я не згодны, бо гэта спрыяе падмене паняццяў і з’яўляецца лагічнай памылкай. Ёсць фраза, да якой я часта звяртаюся: “Мы вучым таму, пры дапамозе чаго вучым”. І калі я дзецям пры дапамозе лагічных памылак тлумачу іх матывацыю да вывучэння беларускай мовы, я не вучу іх матывацыі. Я вучу іх лагічным памылкам, якія яны мне пасля вернуць, калі, напрыклад, пачнуць выдумляць прычыну, па якой не зрабілі дамашняе заданне. З дзецьмі трэба размаўляць простымі шчырымі словамі. Яны гатовы працаваць, калі ты іх не падманваеш.

Дарэчы, сёння бацькі таксама з’яўляюцца настаўнікамі. У рознай ступені, але тым не менш. Дык вось, бацькі вельмі часта карыстаюцца такімі лагічнымі памылкамі. Гэта добра відаць па некаторых дзецях, калі яны прыходзяць і гавораць: “Давайце я зраблю практыкаванне, а вы мне паставіце адзнаку”. Атрымліваецца гандлярства. Але настаўнік не гандляр. Я стаўлю адзнаку не за тое, што вучань нешта выканаў для мяне, а за тое, што ён зрабіў для сябе, свайго развіцця”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота ўзята з адкрытых інтэрнэт-крыніц.