З’есці слана за семестр

- 11:52Вышэйшая школа

Напярэдадні новага навучальнага года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшлі сустрэчы першакурснікаў з дэканамі факультэтаў. На сустрэчу з рэктарам установы адправілася каля 50 прадстаўнікоў адоранай моладзі.

Сёлета мерапрыемства прайшло ў фармаце круглага стала, дзе ў нязмушанай атмасферы студэнты маглі задаць надзённыя пытанні. Першым з паступленнем у БДУІР маладых людзей павіншаваў рэктар Вадзім Богуш.

— На факультэтах вы неаднойчы пачуеце жарт пра тое, што галоўная задача студэнта на семестр — з’есці слана (ведаў, канечне), — звярнуўся да прысутных Вадзім Анатольевіч. — Але трэба рабіць гэта за ўвесь перыяд навучання. Нават калі ў вас добры апетыт і моцныя зубы, не трэба спрабаваць з’есці яго за два дні да экзамену. Гэта вельмі складана і амаль немагчыма.

Вадзім Богуш адзначыў, што структура ўніверсітэта настолькі вялікая, што за чатыры гады вучобы тут студэнты змогуць пабыць далёка не ўсюды.

— Але я спадзяюся, што ўсе прысутныя тут атрымаюць чырвоныя дыпломы, — выказаў надзею Вадзім Богуш.
Таксама перад моладдзю выступілі прарэктар па выхаваўчай рабоце Дзмітрый Кузняцоў і прарэктар па навуковай рабоце Анатоль Осіпаў. Дзмітрый Фёдаравіч пазнаёміў першакурснікаў з асаблівасцямі студэнцкага жыцця ва ўніверсітэце, спартыўнымі і творчымі мерапрыемствамі, матэрыяльна-тэхнічнай базай, студэнцкімі арганізацыямі і асвятліў пытанні арганізацыі адпачынку. А Анатоль Мікалаевіч расказаў моладзі пра некаторыя партнёрскія праекты з замежнымі краінамі, звярнуў увагу на аспекты навуковай дзейнасці ў будучыні.

— Пастарайцеся, каб у вас не заставалася вольнага часу. Не трэба ісці ў будучыню, лежачы на канапе, тым больш што ва ўніверсітэце будзе шмат магчымасцей рэалізаваць сябе, — даў параду прарэктар па вучэбнай рабоце. Таксама Анатоль Осіпаў адзначыў дадатковыя моманты навуковай дзейнасці ў межах універсітэта.

— Навука не адрываецца ад адукацыі, таму, прыходзячы працаваць на кафедры, вы зможаце рэалізаваць уласныя ідэі, у той жа час, працуючы на пэўным прадпрыемстве, прыйдзецца выконваць ужо кімсьці распрацаваныя праекты.

Пасля завяршэння сустрэчы маладыя людзі атрымалі з рук рэктара студэнцкія білеты і сувеніры, а таксама запусцілі паветраныя шары ў гонар пачатку навучальнага года.

— БДУІР цяпер — гэта вы. Не забывайце пра гэта, — адзначыў Вадзім Богуш.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.