З’езд прафесіяналаў

- 15:08World Skills

З 2014 года Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus з’яўляецца своеасаблівым з’ездам прафесіяналаў з усіх куткоў нашай краіны.

Беларуская каманда дастойна прадстаўляе краіну на чэмпіянатах свету дзякуючы міжнароднаму руху WorldSkills. Дзяржаўная сістэма прафесійнай адукацыі мае магчымасць развівацца з улікам сусветных прафесійных стандартаў, выкарыстоўваючы сучаснае інавацыйнае абсталяванне. У фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па выніках рэгіянальных адборачных этапаў выйшлі лепшыя прадстаўнікі прафесій, якія прадэманстравалі волю да перамогі, поспехі ў заваяванні вяршынь у сваёй справе. Удзельнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі сабраліся для таго, каб паспаборнічаць за медалі прэстыжнага конкурсу, які спрыяе павышэнню якасці прафесійнай падрыхтоўкі, прапагандзе значнасці рабочых прафесій, дазваляе раскрыць свой патэнцыял. У рамках гэтага спаборніцтва і навучэнцы агульнаадукацыйных школ змаглі пазнаёміцца з сапраўднымі прафесіяналамі, з найноўшымі тэхналогіямі, што дапаможа ім усвядомлена выбраць сваю будучую прафесію. Жадаю ўсім удзельнікам і экспертам рэспубліканскага конкурсу поспехаў у дасягненні пастаўленых мэт і максімальнага раскрыцця сваіх талентаў.

Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь А.У.КАБЯКОЎ.

Прэстыжна і перспектыўна

WorldSkills — стратэгічны рэсурс развіцця эканомікі краіны, удасканалення якасці падрыхтоўкі кадраў і інвестыцыйнай прывабнасці Рэспублікі Беларусь. Асновай развіцця лічбавай эканомікі з’яўляецца чалавечы капітал. Гэта выпускнікі ўстаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі, маладыя рабочыя і спецыялісты.

Правядзенне рэспубліканскага конкурсу ў такім фармаце стала магчымым дзякуючы ўступленню Беларусі ў 2014 годзе ў міжнародную арганізацыю WorldSkills International, якая ахоплівае 79 краін свету. Рэспубліка Беларусь двойчы ўдзельнічала ў сусветных чэмпіянатах: у Бразіліі ў 2015 годзе і ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах у 2017 годзе, дзе наша каманда заняла 16-е месца ў агульнакамандным рэйтынгу сярод 59 краін-удзельніц. Па колькасці набраных балаў Беларусь абышла многія еўрапейскія дзяржавы, уключаючы Швецыю, Фінляндыю, Нарвегію, Партугалію.

Рух WorldSkills актыўна развіваецца ў сферы прафесійнай адукацыі Беларусі і становіцца ўсё больш масавым і папулярным сярод моладзі. У параўнанні з першым Рэспубліканскім конкурсам у 2 разы павялічылася колькасць канкурсантаў — у трэцім чэмпіянаце прынялі ўдзел больш за 300 удзельнікаў, сярод якіх прадстаўнікі Расіі і Казахстана.

Конкурс WorldSkills ахоплівае новыя сферы дзейнасці — колькасць конкурсных кампетэнцый павялічылася з 20 да 37. У гэтым годзе ўпершыню была прэзентавана секцыя для асоб з абмежаваннем слыху па 2 кампетэнцыях: “Вэб-дызайн” і “Тэхналогія моды”.

WorldSkills — гэта перспектыўная адукацыйная пляцоўка, дзе мы рыхтуем сваіх экспертаў, якія заўтра будуць займацца навучаннем удзельнікаў гэтага руху і ўкараняць сучасныя тэхналогіі ў працэс падрыхтоўкі кадраў.

Спаборніцтвы WorldSkills Belarus дазваляюць удзельнікам прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства, а усім тым, хто збіраецца зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі — шчырую зацікаўленасць любімай справай. Да руху WorldSkills усё больш далучаюцца школьнікі, якія маюць магчымасць напрамую паспрабаваць свае сілы ў выбранай прафесіі. Сёння гэта каля 130 удзельнікаў конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills. Колькасць кампетэнцый JuniorSkills павялічылася да 10, большасць з іх арыентаваны на прымяненне інфармацыйных тэхналогій і забяспечваюць умовы для ранняй прафарыентацыі.

Я хацеў бы звярнуцца да кожнага ўдзельніка: памятайце, што вы ўжо лепшыя, паколькі прайшлі адборачныя этапы ў сваіх рэгіёнах, менавіта ў вашых руках будучыня нашай эканомікі, нашай краіны. Пераможцам III Рэспубліканскага конкурсу трэба будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародным чэмпіянаце ў 2019 годзе, які адбудзецца ў Расіі.

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.КАРПЕНКА.

Цудоўны рухавік

У любой сферы вельмі важна быць прафесіяналам, паважаць і любіць сваю справу. Сёння вядучай галіной у эканоміцы, якая аб’ядноўвае тэхнічныя прафесіі, з’яўляецца прамысловасць. Толькі ў сістэме Міністэрства прамысловасці прадстаўлена больш за 200 арганізацый, дзе працуюць звыш 155 тысяч чалавек. І для таго, каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, аказваць якасныя паслугі, кожны павінен быць сапраўдным прафесіяналам. Міжнародны рух WorldSkills з’яўляецца цудоўным рухавіком папулярызацыі прафесійнай адукацыі і павышэння статусу прафесіянала. Нішто так не стымулюе самаразвіццё асобы, як спаборніцтва. У гэтым я пераканаўся, калі наведаў Міжнародны чэмпіянат WorldSkills у Абу-Дабі. Наша каманда дастойна там выступіла, але хочацца атрымаць яшчэ больш якасны вынік. Таму спадзяюся, што мы зможам сабраць дастойную каманду Рэспублікі Беларусь, якая будзе ўдзельнічаць у міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у расійскім горадзе Казань.

Міністр прамысловасці Рэспублікі Беларусь В.М.ВОЎК.