Нататкі карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з Чашніцкага раёна пра тое, як мясцовыя настаўнікі робяць невялічкія адкрыцці, эфектыўна гаспадараць і самі адкрытыя да навучання.
Ад Васіля Мікалаевіча да Віктара Аляксеевіча
Вось яна, школа ў Цяпіне: двухпавярховая, з белай цэглы, з вялікімі вокнамі. За веснічкамі сустракае нас Віктар Шалухін, дырэктар. Уздоўж дарожкі справа цвітуць аксаміткі, зелянее траўка-мурог футбольнага поля. Някідкая прыгажосць. І Васіль Цяпінскі з вялікага партрэта на сцяне школы нібы з даўніны ў сучаснасці вітае кожнага, хто ўваходзіць на сядзібу.
Цікава, што было тут у 1570-я: лес і поле? Тады, як сцвярджаюць гісторыкі, спадар Васіль зладзіў на свае грошы друкарню і, пэўна, у Цяпіне: руіны сядзібы Цяпінскіх-Слушкаў ад школы непадалёк. Збіраўся рабіць пераклады, выдаваць кнігі на старабеларускай мове — у працяг таго, што рабіў Францыск Скарына. Ці шмат паспеў зрабіць? Невядома, на жаль. Адно яго выданне Евангелля (1570) ацалела і захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. З прадмовы да яго і ведаем, што Васіль Мікалаевіч высока цаніў свой “зацный, славный, острий, довстипный” народ, з якога і сам выйшаў. Тагачасны заняпад нацыянальнай культуры і асветы, духоўнасці ў грамадстве ён звязваў з агульным заняпадам навукі, маралі, таму заклікаў паноў і духавенства дапамагаць паспалітаму люду, адкрываць школы і ўздымаць навуку “занедбаную”. Нават шырэй, чым Скарына, Цяпінскі разгарнуў думкі пра значэнне асветы на роднай мове, неабходнасць стварэння нацыянальных школ.
Пра вядомага земляка ёсць старонка на школьным сайце, створаны ў школе і музей імя Васіля Цяпінскага, на сядзібе ўстаноўлены камень з мемарыяльнай дошкай. Калі я пабачыў на ёй прыкладныя гады жыцця Васіля Мікалаевіча (1540—1604), то суаднёс іх з годам 2003-м: тады ў Цяпіне Віктар Аляксеевіч стаў дырэктарам. 400 гадоў прайшло, а клопаты пра тое, каб выхаваць юных грамадзян працавітымі, нацыянальна свядомымі, па-ранейшаму актуальныя. І цяпер не заклікамі ды развагамі — канкрэтнымі справамі тое робяць педагогі Цяпінскай школы на чале з дырэктарам.
Ці з’есць дырэктар свой капялюш?
Пакуль ідзём у школьны сад, Віктар Аляксеевіч прыгадвае, як гадоў сем назад загадчыца раённага метадычнага кабінета Алена Кашпер падказала яму, што ў грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж” ёсць цікавы праект “Школьны сад”. З падказкі той вырас іх сад. Сам дырэктар пасля заканчэння фізмата Мінскага педінстытута быў дырэктарам станцыі юных тэхнікаў у Чашніках, адслужыў у войску і прадоўжыў працаваць на СЮТ метадыстам: ракетамадэльны спорт, секцыя картынга. Гадоў праз пяць энергічнага, удумлівага метадыста запрасілі ў райаддзел адукацыі. Потым ён узначаліў калектыў Пачаеўскай школы (якой ужо няма), а 21 год назад быў назначаны дырэктарам у Цяпіна. “28 гадоў дырэктарскага стажу ў мяне”, — гаворыць Віктар Шалухін. І пакуль я захоплена разглядваю ў двары цяпліцу, кветкі, сосны (любімае дрэва дырэктара), ён інтрыгуе: “Гэта яшчэ што!.. Вось пакажу вам сакрэт…”
Пад кустом дырэктар нешта павярнуў ці націснуў — і з’явіўся фантан! З-пад зямлі труба, з насадкай-сеткай, і фантан-дожджык з яе б’е больш чым на два метры.
Віктар Аляксеевіч парадаваўся нашаму захапленню, быў падобны да шчаслівага фокусніка, якому ўдалося здзівіць публіку. Смяяўся, запрашаў нас з Наталляй Уладзіміраўнай Бурмак, намесніцай начальніка райаддзела па адукацыі, змыць пад фантанам гарачыню і стому спякотнага дня: “Калі нехта ў іншай школе раёна вам пакажа такі фантан, то я тады… з’ем свой капялюш!”
Хто прыме выклік, шаноўныя гаспадары школьных сядзіб? І можа, калі ўжо леты ў нас такія спякотныя сталі, некаму захочацца запусціць і свой школьны фантан.
А мая фантазія адразу той “сакрэт” уладкавала ў традыцыю: каб кожны навучальны год вучні школы пачыналі ля фантана. Так і бачу: сімвалічна змочваюць і мыюць рукі, а можа, і галовы, каб з чыстымі рукамі, светлымі галовамі, прасветленымі сэрцамі рухацца ў краіну ведаў. А між тым фантан зрабілі гадоў 10—15 назад для вырашэння тэхнічнай праблемы. Летам патрэбен быў разбор вады са школьнай бязвежавай свідравіны, каб яна ў трубах не застойвалася.
“Гэта называецца “самаачышчэнне”, — тлумачыць дырэктар. — Зрабілі такі сакрэтны фантанчык, які час ад часу ўключалі. А потым да свідравіны іншыя будынкі падключыліся, то няма ўжо летам застою вады. А фантанчык застаўся: мы яго, як правіла, у святочныя дні ўключаем. Прыгожа!”
Сад, бахча, маліннік…
Пачуўшы падказку пра сад, Віктар Шалухін сам унік у справу і настаўніка працоўнага навучання Сяргея Валер’евіча Магнуса да яе падключыў. Вызначылі перспектывы, склалі праект і абаранілі ў першы ж год. Атрымалі дыплом ІІІ ступені.
“Тады ў Цяпіна прыехалі эксперты з Беларускага зялёнага крыжа, усё агледзелі, выслухалі нас уважліва, — прыгадвае дырэктар. — Відаць, пераканаліся, што не толькі на паперы мы разумныя, што людзі працавітыя і дзелавыя, таму выдзелілі пад рэалізацыю праекта тры з паловай тысячы рублёў. На такую суму перадалі нам інструменты, саджанцы. Тады ж і першыя чатыры грушы завіталі ў будучы сад”.
Цяпер у ім больш за 60 груш і яблынь, як позніх, так і ранніх гатункаў. І збудавалі школьны склеп, каб лепш плады зберагаліся.
На дэгустацыю груш, аднак, мы спазніліся. Ды і май сёлета, казаў дырэктар, на Чашніччыне быў з начнымі замаразкамі, шмат чаго вымерзла. Яблыкаў у садзе значна менш, чым звычайна. Нягледзячы на гэта, курс на садаводства стабільны.
Віктар Шалухін акцэнтуе: толькі загаварылі ў краіне, што пры кожнай школе варта б мець свой сад, а ў Цяпіне ён ёсць і пладаносіць.
А неяк з семінара, які праводзіў Беларускі зялёны крыж, прывёз дырэктар кусты рэмантантнай маліны, якія і ў кастрычніку з ягадамі, прычым вельмі салодкімі: “Гэта якраз тое, што трэба для школы. У рост пайшлі, ужо кустоў 40 у нас. Увосень іх школьнікі “падмятаюць”: вітамінізуем усіх прама з кустоў! І менш потым хварэюць”.
Прыжыліся ў Цяпіне і кавуны гатунку “бедуін” — таксама дзякуючы спонсарству Беларускага зялёнага крыжа, да якога школа штогод звяртаецца з прапановамі, праектамі. Зялёны крыж цалкам забяспечвае школу насеннем, за што атрымлівае справаздачы. Школе гэта выгадна. Праводзілі эксперыменты з вырошчваннем цыбулі. Назіралі, дзе лепшы ўраджай будзе: з цыбулі-сяўка ці з насення.
“Ад нас патрэбен дослед з фотафіксацыяй работ, якія праводзім, — гаворыць дырэктар. — Сабраўшы ўраджай, робім выснову, якія гатункі, тэхналогіі тут аптымальныя, дзе большая ўраджайнасць, што лепш захоўваецца. Гэтым займаецца Сяргей Валер’евіч з вучнямі. Ён былы афіцэр, скончыў вышэйшае ваеннае вучылішча, а з 2021-га ў школе яшчэ і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні”.
…Пабачыўшы пры цяпліцы, у садовых міжраддзях градку з буракамі, я здзівіўся: растуць занадта шчыльна. Варухнуўся досвед вясковага дзяцінства: што ж не прарваныя? Дырэктар: “А навошта?” — “Ну, каб раслі большыя. Ці ў вас з бацвіннем ядуць?” Усміхаецца: “У нас ёсць хітрасць. Калі адразу, як узышлі, прарэдзіць, то іх будзе менш і вырастуць вялікія. А навошта? Большыя ж не такія смачная. Са жніўня, калі прыходзяць у садок дзеці, забіраем буйнейшыя. Потым іншыя за месяц падрастаюць. Гэта не таму, што я прагны. Разумны разлік”.
Малайчына, дырэктар! Усе каноны земляробства скіраваны на большыя памеры агародніны, але ёсць школьная спецыфіка: для дзяцей патрэбен смачны, салодкі, невялічкі бурачок.
“…І давайце зробім цяпліцу разам”
На спробу Наталлі Уладзіміраўны заглянуць у цяпліцу дырэктар папярэджвае: там усё апрацавана, агуркі яшчэ ў чэрвені адышлі. Сёлета зменьваюць глебу: за восем гадоў рэсурс выпрацавала, дадуць ёй адпачыць — завязуць новую. Падрыхтавалі ўжо.
Калі Віктар Шалухін стаў дырэктарам, то, аглядаючы гаспадарку, пабачыў перакошаную цяпліцу, пакрытую з аднаго боку кавалкамі шкла, з другога — шыферам.
“Я тады сабраў калектыў і сказаў: будзе ў нас новая цяпліца, і давайце зробім яе разам, — прыгадвае Віктар Аляксеевіч. — То мы ўзяліся і талакою ўсё зарабілі, гаспадарчым спосабам. А гады праз чатыры былы старшыня мясцовай гаспадаркі тут быў, даў грошай на апгрэйд, як цяпер кажуць. Паднавілі корпус, пакрылі полікарбанатам. Пазней за кошт Беларускага зялёнага крыжа зрабілі аўтаправетрыванне: калі тэмпература +25 і вышэйшая, фрамугі адчыняюцца, калі ніжэйшая за +25 — зачыняюцца. І кропельны паліў ад БЗК атрымалі, толькі разводку шлангаў выканалі самі. Грошай ад грамадскага аб’яднання мы ні капейкі не ўзялі: насенне, матэрыялы, інструменты. Па накладных усё: давалі тое, што мы заказвалі. Трэба 10 рыдлёвак і дзве тачкі — вазьміце, распішыцеся. І сістэму паліву з усімі шлангамі нам прывезлі. Пад кожную расліну свая кропельніца. Карацей, разумная атрымалася цяпліца, бо школьная. Цалкам сябе апраўдвае. З сакавіка засяваем, пачынаем праграваць — а зроблена так, што менавіта глебу праграваем. І ў маі ўжо агуркі — у сталоўцы”.
Дырэктар-трактарыст
Шмат цікавага паказаў Віктар Шалухін у школьнай гаспадарцы. А напрыканцы хочацца прывесці паказальны факт: сёлета ўсе чатыры выпускнікі Цяпінскай школы паспяхова здалі ўсе экзамены на правы трактарыста. Споўніцца 18 — атрымаюць. Як хлопцы, так і дзяўчаты. І ўсе яны (100%!) паступілі на бюджэт у розныя УВА краіны. Вось такая школа ў Цяпіне. Мяркую, Васіль Цяпінскі якраз пра такія і марыў калісьці, у тое і ўкладваў сілы. І Віктар Аляксеевіч з калегамі, вядома ж, нямала на тое працавалі. Пра некаторых калег дырэктара, пра педагагічны дуэт з Цяпінскай школы яшчэ раскажам у хуткім часе.
Дарэчы, і Віктар Шалухін у свае 60 ад моладзі не адстае: таксама вывучыўся на трактарыста і летась дакумент адпаведны атрымаў. “Гаспадарка вялікая, трактар у школе ёсць, плугі, акучнікі… А цяпер і свой трактарыст!” — усміхаецца дырэктар.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара