З фізікай — праз пакаленні

- 11:57Адукацыйная прастора

Аднойчы падчас напісання чарговага артыкула па навуковай тэматыцы мне пашчасціла сустрэцца з цудоўным чалавекам — кандыдатам тэхнічных навук старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага НАН Беларусі Наталляй Вінідзіктавай. Менавіта тады Наталля Сяргееўна расказала мне гісторыю сваёй сям’і, дзе з пакалення ў пакаленне паступаюць на фізічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, працуюць педагогамі і вучонымі. Вядома, я не магла пакінуць па-за ўвагай нашых чытачоў цудоўную гісторыю дынастыі фізікаў з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.

Дзед працаваў настаўнікам

Настаўніцкая дынастыя Наталлі Вінідзіктавай пачалася ад дзеда — настаўніка фізічнай культуры Мікалая Сцяпанавіча Лаўрэненкі. Спачатку ён сам вучыў дзяцей, а ў сярэдзіне 60-х стаў дырэктарам Буда-Кашалёўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, дзе фарміраваў у юных спартсменаў адказныя адносіны да ўласнага здароўя і ладу жыцця. Мікалай Сцяпанавіч змог прывіць правільныя погляды і сваім дзецям — старэйшай Але і малодшаму Сяргею. Абодва яны ў свой час паступілі на фізічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, паспяхова скончылі яго і да пенсіі працавалі настаўнікамі фізікі ў Буда-Кашалёўскай сярэдняй школе № 2, якая пазней стала гімназіяй.

— У школе маёй настаўніцай фізікі была мая родная цётка — Ала Лаўрэненка. Я лічу, што менавіта яна і настаўніца матэматыкі Паліна Дудзянкова заклалі моцны фундамент, які паслужыў стартавай пляцоўкай для майго далейшага жыцця, — прызнаецца Наталля Сяргееўна. — Падчас святкавання чарговага Дня горада маёй цётцы Але Мікалаеўне было прысуджана званне “ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёва”.

Працягнула сямейную дынастыю і дачка Алы Лаўрэненка, якая скончыла фізічны факультэт ГДУ і зараз працуе настаўніцай фізікі і інфарматыкі ў сярэдняй школе № 12 Жлобіна.

40 гадоў педагагічнага стажу

Бацька маёй гераіні — Сяргей Мікалаевіч Лаўрэненка — ужо на пенсіі, аднак працягвае настаўніцкую дзейнасць, выкладае фізіку ў Патапаўскай сярэдняй школе Буда-Кашалёўскага раёна. У Сяргея Мікалаевіча шмат узнагарод і дасягненняў. Асабліва ганарыцца настаўнік поспехамі апошніх гадоў. Так, у 2014 годзе яго навучэнцы атрымалі дыплом III ступені на Рэспубліканскім конкурсе школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання” (навукова-даследчы праект “Магчымасць выкарыстання энергіі ветру ў Буда-Кашалёўскім раёне”. У 2016 годзе прайшлі адбор на Рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару па фізіцы. Тады сярод 240 прадстаўленых на конкурс работ у фінал трапілі толькі 30, у тым ліку і праект вучняў Сяргея Мікалаевіча “Цяпло XXI стагоддзя”. А летась яго выхаванцы сталі ўладальнікамі дыплома II ступені на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання” (тэма навукова-даследчага праекта — “Кавітацыйны парагенератар”.

— Бацька з дзяцінства прывіў мне любоў на фізічнай навукі. Ён тлумачыў, адкуль з’яўляецца раса, чаму ў небе вясёлка, чаму кіпіць чайнік. Усё ў жыцці можна патлумачыць законамі фізікі, — дзеліцца ўспамінамі Наталля Сяргееўна. — І хаця ў дзяцінстве я марыла стаць юрыстам, калі прыйшоў час, выбрала дакладную навуку. Нездарма ж кажуць, што, калі ў сям’і пакаленне ў пакаленне вырастаюць фізікі, наўрад ці ты станеш медыкам. (Усміхаецца.) І я, і мой брат паступілі на фізічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны.

Круты паварот да навукі

Наталля Вінідзіктава — дачка, унучка і пляменніца настаўнікаў — па ўсіх законах (фізічных і чалавечых) павінна была працягнуць сямейную традыцыю, тым больш што дзяўчына вучылася на педагагічным аддзяленні. Аднак лёс склаўся інакш. Наталля адгукнулася на прапанову вядомага гомельскага даследчыка Мікалая Цішкова прыняць удзел у навукова-даследчых работах у Інстытуце механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага НАН Беларусі.

— Я памятаю свае пачуцці, калі прыйшла працаваць у інстытут, — гаворыць Наталля Сяргееўна. — Вакол мяне былі знакамітыя вучоныя, энцыклапедысты, якія на той момант пісалі ўжо кнігі. Я з захапленнем працавала побач з Юрыем Плескачэўскім, Леанідам Пінчуком (маім навуковым кіраўніком у аспірантуры), Мікалаем Мышкіным, Віктарам Гальдадэ і многімі іншымі.

Нядаўна ў адным з найбуйнейшых выдавецкіх дамоў свету Elsevier выйшла ў свет манаграфія Наталлі Вінідзіктавай у суаўтарстве з доктарам тэхнічных навук прафесарам кафедры радыёфізікі і электронікі ГДУ Віктарам Гальдадэ “Крэйзінг у техналогіі поліэфірных валокнаў”. Наталля Сяргееўна — кандыдат тэхнічных навук, аўтар больш як 60 навуковых артыкулаў і 30 патэнтаў на вынаходствы. Яна вучоны сакратар спецыяльнага Савета па абароне доктарскіх дысертацый ІММС імя У.А.Белага НАН Беларусі.

Наталля Сяргееўна — шчаслівая жанчына. Усё ў яе атрымалася не толькі на ніве навукі, але і ў асабістым жыцці. Уважлівая жонка і маці дваіх сыноў, на першае месца яна заўсёды ставіць інтарэсы сям’і. Старэйшы сын даследчыцы сёлета паступіў на той жа факультэт, на якім вучыліся многія члены яго сям’і. Зараз ён называецца факультэтам фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ імя Францыска Скарыны. Малодшы толькі пайшоў у 1 клас. Магчыма, ён у будучыні таксама працягне сямейную дынастыю фізікаў.

Я спытала ў Наталлі Вінідзіктавай, у чым жа сакрэт поспеху ў рабоце і жыцці.

— У моцных сямейных традыцыях, грунтоўных ведах, неабыякавых адносінах да людзей і жыцця, зацікаўленасці і актыўнай жыццёвай пазіцыі!

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.