З фізкультурай на ты

- 16:01Спартыўныя падзеі

Метад курца: кінуць мяч у натоўп студэнтаў і пачакаць, пакуль яны самі што­небудзь прыдумаюць. Плюсы — прасцей няма куды. Мінусы — нікога нічому не навучыш. Метад здаровага чалавека: узяць той жа самы мяч і з яго дапамогай інтэграваць лепшыя практыкаванні з гульнявых відаў спорту ў звычайныя заняткі па фізкультуры. Плюсы — развіццё спрытнасці і каардынацыі. Мінусы — прыйдзецца ўключыць фантазію.

Анатоль Іванавіч Берташ практыкуе і кругавую трэніроўку. Размяркоўвае групу студэнтаў па некалькіх станцыях, дзе яны выконваюць практыкаванні адно за адным. За кошт гэтага фізічная нагрузка становіцца больш функцыянальнай.

Станцыя — “Кругавая”

Выкладчык фізічнай культуры Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Іванавіч Берташ выбраў другі варыянт. Ён распрацаваў некалькі методык, у якіх асновы фізічнага выхавання спалучаюцца з элементамі з камандных дысцыплін. Дзякуючы такому падыходу, можна не толькі падтрымліваць арганізм у тонусе, але і развіваць карысныя навыкі.

— Цяпер усё мяняецца вельмі хутка, таму трэба адпавя­даць, — расказвае выкладчык. — Я ўвесь час вучуся нечаму новаму: выкарыстоўваю на сваіх занятках сучасны спартыўны інвентар, дадаю разнастайныя практыкаванні з баскетбола, валейбола, гандбола, падбіраю найбольш функцыянальныя фарматы, якія спрыяюць паляпшэнню рухальна-каардынацыйных здольнасцей.

Напрыклад, работа з некалькімі мячамі. Яна развівае пачуццё гульнявога снарада. Або тая ж каардынацыйная лесвіца. Такую методыку выкарыстоў­ваюць пры падрыхтоўцы прафесіянальных спартсменаў, таму што з яе дапамогай можна пракачаць і хут­касць, і скачковую тэхніку, і спрыт. Усё дзякуючы разнастайнасці рухаў: кручэнне, пранос мяча, перасоўванне ва ўпоры лежачы. Гэта развівае мышцы плечавога пояса і кора.

Майкл Джордан ухваляе

Асноўны кірунак навукова-даследчай дзейнасці Анатоля Іванавіча таксама звязаны з гульнявымі відамі спорту: “Асаблівасці методыкі падрыхтоўкі баскетбалістаў 19—24 гадоў”. Выкладчык інтэграваў лепшыя практыкаванні з гэтай дысцыпліны ў адукацыйны працэс:


— Калі праводжу заняткі са студэнтамі, часта ўключаю ў іх элементы з баскетбола. Напрыклад, дрыблінг, або вядзенне мяча, жангліраванне некалькімі гульнявымі снарадамі, разнастайныя скачковыя і кідковыя тэхнікі. Гэты від спорту адносіцца да складана-каардынацыйных — прадугледжвае наяўнасць рэзкіх паваротаў, імклівыя рухі ў прасторы, спецыфічныя рухі. Усё гэта спрыяе развіццю вестыбулярнага апарату, бо ён чуйна рэагуе на змены становішча цела ў прасторы.

Таксама падчас трэніроўкі з выкарыстаннем тэхнік з баскетбола працуюць усе мышцы арганізма. У яе ўключаны асноўныя практыкаванні для прапрацоўкі мускулатуры: бег, прысяданні, скачкі, павароты, кідкі. Пасля такіх заняткаў маладыя людзі адчуваюць эфект. Бачаць, што становяцца больш моцнымі, зграбнымі, больш упэўненымі ў сабе. Таму фізкультура пачынаецца з аздараўленчай гімнастыкі, а затым ператвараецца ў відавочную карысць. Напрыклад, у рост мышачнай масы або паляпшэнне вынослівасці.


Прыйшоў? Працуй!


Методыкі Анатоля Іванавіча ўносяць разнастайнасць у класічныя заняткі фізкультурай — студэнты ставяць лайк! Не толькі з задавальненнем наведваюць пары, але і запісваюцца ў спартыўныя секцыі, якія працуюць ва ўніверсітэце.

— Моладзь сёння жыве значна больш актыўна, думае хутчэй, таму яе не так проста заціка­віць, — расказвае выкладчык. — Але калі навучэнцы бачаць нешта незвычайнае, у іх уключаюцца цікавасць, прага паспрабаваць новае. Таму заўсёды знаходжуся ў пошуку дадатковых варыянтаў вырашэння класічных задач па ўмацаванні здароўя падапечных.

Пасля таго як удалося здзівіць, уключаецца наступны фактар поспеху — спартыўная матывацыя.

А.І.Берташ: “У мяне ёсць прынцып: “Прыйшоў? Працуй!”. Усё ж фізічнае развіццё немагчыма без дысцыпліны, таму заўсёды трымаю баланс. Важны і індывідуальны падыход. Бываюць выпадкі, калі зацікавіць і матываваць мала, трэба дзесьці падбадзёрыць, каб маладыя людзі паверылі ў сябе. Сустракаюцца і прыроджаныя спартсмены, якія схопліваюць на ляту. У такіх студэнтаў каардынацыя і спрыт на вельмі высокім узроўні — якраз падыходзяць для гульнявых відаў спорту. Калі бачу, што чалавек матываваны і хоча развівацца, запрашаю ў разнастайныя спартыўныя секцыі, якія ёсць у нас ва ўніверсітэце”.


Галоўнае, быць пачутым


Як і належыць выкладчыку камандных дысцыплін, Анатоль Іванавіч заўсёды імкнецца стварыць з разрозненых асоб адзіны калектыў. Тут нікуды без вопыту і прафесіяналізму. Але, калі прымя­ніць індывідуальны падыход, вынік перасягне самыя смелыя чаканні — студэнты навучацца слу­хаць і чуць.

— Будаваць дружыну не прос­та, але цікава, — расказвае выкладчык. — Па-першае, трэба знайсці падыход да кожнага члена каманды — нала­дзіць кантакт і заваяваць давер. Таксама неабходна вызначыцца з капітанам. Ім павінен быць сапраўдны лідар, які зможа павесці за сабой. Праз яго лягчэй узаемадзейнічаць з калектывам, даносіць інфармацыю. Ён свайго роду злучальнае звяно. Акрамя таго, у любой дружыне могуць узнікаць канфлікты. Ні ў якім разе нельга пускаць сітуацыю на самацёк. Варта выступіць парламенцёрам, які можа згладзіць канфрантацыю. Затое калі разам праходзіце скрозь церні да зорак, узнікае ўсведамленне, што вынік таго варты.

Тут галоўнае, каб студэнты цябе пачулі. Для мяне гэта найважнейшы паказчык добрай работы. Тады будзе і вынік, і выступленні на спаборніцтвах, і павышэнне ўзроўню агульнай фізічнай падрыхтоўкі навучэнцаў.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота з асабістага архіва А.І.Берташа.