З ІКТ- падтрымкай

- 14:15Якасць адукацыі

Рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі сістэмнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для развіцця адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” паставіла перад педагогамі першай ступені адукацыі сярэдняй школы № 1 Ашмян краевугольную задачу: змена прыярытэтаў у расстаноўцы мэт адукацыі для пачатковай школы.

Вынікамі навучання і выхавання павінны стаць гатоўнасць дзяцей да авалодання сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, іх здольнасць актуалізаваць атрыманую інфармацыю для далейшай самаадукацыі. Гэта адпавядае мэтам і задачам Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года.
Стварыць аптымальныя ўмовы для авалодання навучэнцамі пачатковых класаў ведамі, уменнямі, навыкамі, неабходнымі для павышэння ўзроўню навучанасці, развіваць пазнавальны інтарэс удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сучасных камп’ютарных тэхналогій можа настаўнік, які сам інфармацыйна кампетэнтны, мабільны ў інфармацыйнай прасторы.
Для шырокага доступу да інфармацыйных рэсурсаў усіх удзельнікаў працэсу навучання і выхавання, эфектыўнага выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў для членаў педагагічнага калектыву быў арганізаваны семінар-практыкум “Віртуальны клас: тэорыя і практыка прымянення” пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па інфармацыйна-аналітычнай рабоце міжгаліновага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БНТУ В.А.Юркевіча. Працягам семінара стала дыстанцыйнае навучанне групы настаўнікаў (з іх 6 удзельнікаў інавацыйнай дзейнасці) па тэме вышэйадзначанага семінара, што дазволіла ўвесці дыстанцыйную форму атрымання адукацыі для дзяцей як дапаўненне да асноўнай вучэбнай дзейнасці; арганізаваць індывідуальную работу з высокаматываванымі, інтэлектуальна развітымі навучэнцамі.
Члены інавацыйнай групы рэгулярна ўдзельнічалі ў раённым семінары “Інавацыйная карусель”, які дзейнічае пастаянна. У рамках вучэбнага практыкуму “З камп’ютарам на “ты” пад кіраўніцтвам настаўнікаў інфарматыкі ўдзельнікі інавацыйнай групы і ўвесь педагагічны калектыў на працягу трох гадоў удасканальвалі сваю інфармацыйна-камунікацыйную кампетэнтнасць, што, безумоўна, адбілася як на якасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і на яго канчатковым выніку. На сёння 100% настаўнікаў-наватараў (97% педагогаў школы) маюць сертыфікат ІТ-цьютараў у катэгорыі “Вучэбна-выхаваўчая работа”. Актыўнае ўключэнне ў адукацыйны працэс інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, факультатыўныя заняткі “Развіццёвая інфарматыка”, аб’яднанні па інтарэсах “Ад вігвама да Windows” павялічылі якасць ведаў навучэнцаў пачатковых класаў і выніковасць іх удзелу ў раённых алімпіядах, у міжнародных конкурсах “Інфамышка”, “Буслік”, “Кенгуру” і інш.
Аналіз праведзенага анкетавання сярод навучэнцаў паказаў, што вучням пачатковых класаў падабаюцца ўрокі, дзе выкарыстоўваюцца мультымедыйныя прэзентацыі, відэаролікі, камп’ютарныя вучэбныя праграмы, на такіх уроках дзеці працуюць актыўна, атрымліваюць вопыт самастойных вучэбных дзеянняў, самакантролю ў сітуацыі выбару, павышаецца ўзровень іх самаацэнкі. Апрацоўка вынікаў анкеты “Адносіны бацькоўскай грамадскасці да выкарыстання ІКТ у адукацыйным працэсе” выявіла, што 87% рэспандэнтаў лічаць неабходным далейшае сістэмнае выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе, паколькі гэта забяспечвае высокую якасць ведаў, спрыяе фарміраванню ініцыятывы і самастойнасці дзяцей малодшага школьнага ўзросту, фарміраванню іх інфармацыйнай культуры, што з’яўляецца важным кампанентам прафесійнай культуры будучага спецыяліста ў любой галіне.
Для прафесійнага росту педагогаў, якія рэалізуюць інавацыйны праект, у адукацыйнай прасторы школы арганізавана творчая група настаўнікаў-наватараў “КОМПАС”. У творчай групы настаўнікаў-наватараў “КОМПАС” ёсць свае вынікі. Створаны сеткавы кабінет настаўнікаў пачатковых класаў, дзе педагогам даецца магчымасць метадычнага абмену створанымі распрацоўкамі ўрокаў, выхаваўчых мерапрыемстваў з ІКТ-падтрымкай, дыдактычнымі матэрыяламі. Зараз вядзецца падрыхтоўка да пераўтварэння яго ў віртуальны кабінет. Створаны брашуры “Гласарый інавацыйнага праекта” (паняційны слоўнік тэрмінаў і азначэнняў, якія выкарыстоўваюцца падчас рэалізацыі інавацыйнага праекта) і памятка “Аналіз урока з ІКТ-падтрымкай”. У рамках раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў 3—4 класаў майстар-класы правялі настаўнікі пачатковых класаў Я.І.Жабінская, В.В.Купрыновіч па выкарыстанні ІКТ у рабоце з малодшымі школьнікамі і педагогі-дэфектолагі Н.Я.Самойленка, А.Б.Яхімовіч — для настаўнікаў-дэфектолагаў ПКПД раёна і настаўнікаў-дэфектолагаў інтэграваных класаў па выкарыстанні ЭСН, інтэрактыўнай дошкі. Педагогі школы актыўна ствараюць аўтарскія электронныя прадукты. Многія з іх былі адзначаны дыпломамі ў Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Гэта матэрыялы “Комплекс практыкаванняў па фарміраванні гука-літарнага аналізу” (Н.Я.Самойленка, А.Б.Яхімовіч); “Мадэль уліку паспяховасці навучэнцаў у жыцці класа (школы)” (Т.Л.Саўрыновіч); “Слоўнікавы калейдаскоп” (Л.В.Гардзей, Т.В.Мядзвецкая, Т.У.Бусловіч); “Вывучаем мову з Янкам: вучымся размаўляць па-беларуску” (В.У.Саванец).
На працягу трох гадоў настаўнікі пачатковых класаў актыўныя ў інтэрнэт-конкурсе метадычных распрацовак “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў”, падключыліся і выхавальнікі груп прадоўжанага дня (адпраўлена больш за 20 распрацовак).
Вывучэнне і глыбокі аналіз прадстаўленых матэрыялаў усіх удзельнікаў інтэрнэт-конкурсу метадычных распрацовак “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў” на інфармацыйна-метадычным сайце 1-4.by дазволіў дасягнуць выніковага ўдзелу ў ІІІ інтэрнэт-конкурсе: электронны дапаможнік “Слоўнікавы калейдаскоп” (Л.В.Гардзей, Т.В.Мядзвецкая, Т.В.Бусловіч) адзначаны дыпломам ІІІ ступені; распрацоўка бацькоўскага сходу для 4 класа “Як навучыцца разумець сваё дзіця?” В.У.Саванец таксама атрымала дыплом ІІІ ступені.
Рэалізацыя мадэлі сістэмнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій дазволіла педагагічнаму калектыву нашай школы забяспечыць новую якасць адукацыі, якая прадугледжвае шырокае выкарыстанне ІКТ, форм самастойнай групавой і індывідуальнай даследчай дзейнасці, арыентаванай на сучасныя формы навучання, высокую інтэрактыўнасць, фарміраванне вучэбнай самастойнасці школьнікаў; забяспечыць выніковасць адукацыйнага працэсу як у рамках асобных дысцыплін, так і ў міжпрадметных галінах на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі (2011/2012 н.г. — сярэдні бал — 7,4; 2012/2013 н.г. — 7,6; 2013/2014 н.г. — 7,7) і выніковасць удзелу навучэнцаў 1—4 класаў у раённых алімпіядах (2011/2012 н.г. — 21 прызавое месца, 2012/2013 н.г. — 23 прызавыя месцы, 2013/2014 н.г. — 28 прызавых месцаў).
Педагогі нашай школы ўпэўнены, што выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, з аднаго боку, напаўняе новым зместам методыку выкладання вучэбных дысцыплін, бо прапаноўвае новыя варыянты вырашэння педагагічных задач і новыя формы арганізацыі вучэбнага працэсу. З другога боку, метадычна правільна пабудаванае ўключэнне інфармацыйных тэхналогій у працэс навучання дазваляе рабіць разнастайнай пазнавальную дзейнасць школьнікаў, робіць вучэбнае ўзаемадзеянне навучэнцаў больш інтэнсіўным, узаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнем — больш дэмакратычнымі, выклікае ў дзяцей задавальненне ад самой работы на ўроку, узмацняе матывацыю навучання і эфектыўнасць успрымання вучэбнай інфармацыі.
Падчас правядзення інавацыйнага праекта былі выяўлены некаторыя праблемы:
— недастатковая колькасць вучэбных і факультатыўных заняткаў з выкарыстаннем ІКТ з-за занятасці камп’ютарных класаў: пошук спонсараў, далучэнне бацькоўскай грамадскасці да набыцця камп’ютарнай тэхнікі (камп’ютары, інтэрактыўныя дошкі) у кабінеты пачатковых класаў, што дазволіць арганізаваць адукацыйны працэс у ІКТ-насычаным і прадукцыйным вучэбным асяроддзі;
— недастатковае развіццё ключавой кампетэнцыі педагогаў — кампетэнцыі прагназавання, якое апярэджвае мысленне: удасканальванне гэтай кампетэнцыі праз метадычны практыкум “Інфармацыйны навігатар: праектаванне і арганізацыя адукацыйнага працэсу ў пачатковых класах”;
— недастаткова актыўны абмен вопытам інавацыйнай дзейнасці і прафесійна-педагагічнай камунікацыі з калегамі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў з выкарыстаннем сеткавых тэхналогій і інтэрнэт-сэрвісаў.
Разумеючы, што сучасную школу немагчыма ўявіць без інфармацыйнага асяроддзя, інтэграцыі сучасных адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій, лічым неабходным у перспектыве:
— забяспечыць умовы для пераемнасці ў змесце, метадах і формах прадметнага навучання на першай і другой ступенях агульнай сярэдняй адукацыі праз працяг практыкі актыўнага ўкаранення ІКТ;
— паспяхова рэалізаваць рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі суправаджэння сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” (2014—2016 гг.).

Святлана ЖУКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Ашмян.