З імкненнем да поспеху

Мая гераіня — чалавек рознабаковы. Уяўляю, наколькі цікава родным, сябрам і калегам назіраць за рознымі гранямі яе асобы. Жвавая, мудрая, добрая, прыгожая, творчая, патрабавальная — такой яна паўстала перада мной падчас інтэрв’ю. Знаёмцеся — загадчык аддзела асноў бяспечнай жыццядзейнасці і здароўезберажэння Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” Мінска Аксана Вітальеўна ЛАСКОВА.

Чаго хочуць дзеці

“Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (на той час інстытут культуры) па спецыяльнасці “Рэжысёр самадзейнага тэатральнага калектыву”. Спачатку працавала на кафедры, потым быў перапынак, а ў 1998 годзе я прыйшла ў Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Партызанскага раёна на пасаду культарганізатара. Я атрымала каласальны вопыт, бо цяпер аддзел у нашым цэнтры — гэта каля шасці культарганізатараў, а там была толькі я. Рэжысёр працуе па гатовым матэрыяле, таму я навучылася пі­саць сцэнарыі. Мне вельмі падабалася гэта рабіць, бо можна было даць волю фантазіі. Пазней супрацоўніца цэнтра “Вікторыя” стала дырэктарам “Маяка” і сабрала там сваю каманду наймацнейшых”, — расказвае Аксана Вітальеўна.

У 2005 годзе яна прыйшла ў “Маяк” на пасаду рэжысёра. Першым заданнем было паставіць навагодняе свята для адораных дзяцей на базе сталічнага ліцэя № 2. Справілася. Потым стала культарганізатарам, а ў 2008 годзе, пасля перамогі яе выхаванца на рэспубліканскім конкурсе культарганізатараў, — загадчыкам аддзела культурна-адпачынкавай дзейнасці. Асноўнымі напрамкамі работы былі здароўе і маладосць.

“Я заўсёды пыталася, чаго хочуць дзеці, а яны прапаноўвалі свае варыянты. Не трэба казаць “Не, такога не будзе!”, лепш —“Мы падумаем над гэтым пытаннем”. На кожнае мерапрыемства я прыносіла сшытак і пускала яго па зале. Так, пісалі глупствы, але былі і добрыя ідэі. Мы іх апрацоўвалі ўсім аддзелам і выпускалі ў жыццё”. Напрыклад, так з’явілася ток-шоу “Пляцоўка зносін”, куды прыходзілі знакамітыя людзі, пачынаючыя і вопытныя спарт­смены, урачы, салдаты і інш. Яны абмяркоўвалі з дзецьмі пытанні, якія тых хвалявалі.

Цэнтр павінен развівацца, таму яго цяперашні дырэк­тар Алена Міхайлідзі прапанавала стварыць новы аддзел — асноў бяспечнай жыццядзейнасці і здароўезбе­ражэння. Ён працуе ўжо два гады пад кіраўніцтвам Аксаны Вітальеўны і прытуліў пад сваім дахам шмат розных гурткоў: “Пілатас”, клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Веруш”, “Спартыўны мечавы бой”, “ДрайвПарк” (тэорыя ваджэння матацыкла), “Прававая Ліга”, КВЗ, GYM і “Атлетычная гімнастыка” (трэнажорныя залы), “Фітнес-мікс”, “Тэрыторыя творчасці” (жывапіс і малюнак) і “Дабра­дзеі” (індывідуальная работа з дзецьмі-інвалідамі).

“Калісьці адзін мудры чалавек мне сказаў: “Перш чым нешта забараніць, сядзь і падумай, чаму ты гэта забараняеш”. Напрыклад, мама не дазваляе пайсці дзіцяці на вуліцу. А чаму яна пазбаўляе яго свежага паветра? Значыць, прыдумай нешта іншае, зрабі так, каб дзіця само не захацела туды пайсці, а захацела заняцца тым, што ты яму прапануеш”.

Крытыка і самакрытыка

“Не люблю навязваць дзецям сваё меркаванне. Я выслухоўваю іх пазіцыю і прымаю, нават калі яна крыху няправільная. А пазней раблю так, каб яны выйшлі на правільную. Такі падход у мяне і да нашых выхаванцаў, і да ўласных дзяцей і ўнукаў”.

Другі важны момант у рабоце з дзецьмі — узнагарода. Яна можа быць зусім невялікай (стыкер, флаер, значок), але для выхаванца і гэта прыемна. Таму Аксана Вітальеўна ўручае па 56 грамат за конкурс: 5 першых, 45 другіх і 6 трэціх месцаў. Для дзіцяці важна бачыць ацэнку сваёй работы. Такім метадам выхавання мая гераіня навучылася дзякуючы інстытуту культуры, вопытным калегам і практыцы.

“Па-першае, у інстытуце былі такія прадметы, як псіхалогія і педагогіка. Менавіта на педагогіцы я больш за ўсіх чула заўвагі ў свой адрас. Мне заўсёды хацелася выказацца, штосьці аспрэчыць. Па-другое, у нашым цэнтры ёсць педагогі, якія працуюць ужо больш за 30 гадоў. Мы абменьваемся вопытам, нешта ад аднаго возьмеш, нешта ад другога. Па-трэцяе, я вучуся, наведваю шмат курсаў, нават калі яны зусім не па маёй тэме. Мне падабаецца вучыцца. Я чытаю. Не заўсёды спецыяльную літаратуру, але якую б літаратуру ты ні чытаў, нешта для сябе ўсё роўна знойдзеш. Я і на дзецях вучуся. Некаторыя могуць вельмі добра навучыць. Напрыклад, мае ўнукі: па іх мяркую, як педагогу трэба рэагаваць на розныя сітуацыі”.

Да крытыкі Аксана Вітальеўна ставіцца адмоўна. Напэўна, як кожны эмацыянальны чалавек, спачатку ўспрымае яе ў штыкі, можа пакрыўдзіцца, расплакацца. З часам разумее, што крытыка была заслужанай, але ўсё роўна працягвае нешта даказваць. “Калі я бачу, што вылажылася па максімуме, выканала ўвесь рэжысёрскі, тэкставы ход, падабрала касцюмы, фон, музыку, падключыла мультымедыя, мне крыўдна чуць дрэнныя водгукі. Калі нумар не заіскрыў на сцэне, вядома, гэта мая віна, трэба было зняць яго з паказу, але я так не магу, бо пакрыўджу 15 дзяцей і 30 бацькоў. Таму стараюся падсвяціць гэты нумар, скараціць яго, за што чую крытыку накшталт “дзеці ў параўнанні з узорным ансамблем выглядалі слаба”. Такое цяжка прыняць. Але трэба сказаць, мяне рэдка крытыкуюць за творчасць, часцей усё ж хваляць і дзякуюць”.
Самы галоўны крытык Аксаны Ласковай — яна сама. Жыве адным днём, кожны панядзелак пачынае займацца спортам, а ў аўторак заканчвае. Гэта кампенсуюць ранішнія і вечаровыя прагулкі з лабрадорам Боні, хочаш ці не хочаш — прыйдзецца рухацца.

Абараніць кубак

Новы аддзел — вялікія надзеі, якія Аксана Вітальеўна стараецца апраўдваць. Летась яе аддзел падняўся ў конкурсным руху сярод раёнаў сталіцы па кірунку АБЖ на 3-е месца, а сёлета атрымаў кубак за 1-е месца ў гарадской выставе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прытрымліваемся законаў дарог”. Гераіня кажа, што пастараецца не ад­даць лідарства.

“Зараз мы запусцілі праект “Школа бяспекі”, запрашаем некалькі школ раёна для работы на адзін месяц. Ад зін педагог з 15 да 17 гадзін пяць дзён на тыдзень працуе з дзецьмі па кірунку МНС. За месяц у яе прайшлі навучанне амаль усе вучні. Другі педагог робіць тое ж, толькі па кірунку першай дапамогі і два разы на тыдзень. Дзеці засвойваюць матэрыял у вельмі дэмакратычным фармаце: праз гульню, размовы, віктарыны. Да канца мая ўсе школы раёна будуць ведаць, што такое надзвычайныя сітуацыі, якія яны бываюць, як у іх дзейнічаць і г.д. Самае цікавае, што ўжо пайшлі заказы. Мне тэлефануюць з адной школы і просяць падоўжыць заняткі на месяц: дзецям падабаецца”.

Яшчэ адзін цікавы праект — віртуальны адпачынкава-пазнавальны дзіцяча-бацькоўскі клуб “ДомаМаяк. by”. Гэта пляцоўка з пяццю напрамкамі: мастацкая творчасць, інтэлектуальнае развіццё і творчасць, тэхнічная творчасць і спорт, культурна-забаўляльная дзейнасць, АБЖ і здароўезберажэнне. За апошні адказвае Аксана Вітальеў­на са сваімі супрацоўнікамі. Яны напоўнілі віртуальны “пакой” ролікамі пра гульні на будоўлі, правілы карыстання вогнетушыцелем, бяспечныя паводзіны на вадаёме зімой і інш. У здымках удзельнічалі дзеці і спецыялісты.

“Калі адпраўляла сваіх дзяцей у школу, не казала ім: “Прынясіце маме пяцёрку”. “Галоўнае — бяспека”, — казала я. Напэўна, таму і стала загадчыкам аддзела АБЖ і здароўезберажэння”.

Да сумеснай дзейнасці прыцягваюць і бацькоў. На кожных канікулах арганізоўваюцца 2—3 мерапрыемствы з іх удзелам. Часам зносіны пачынаюцца нечакана. Па серадах у цэнтры праходзяць заняткі школы ранняга развіцця і якраз па серадах Аксана Вітальеўна дзяжурыць да 9 вечара. У калідоры сядзяць каля 40 бацькоў — цудоўны момант, каб прыцягнуць іх увагу. Вось нядаўна яна выйшла да іх, павіталася і спытала: “А ці ведаеце вы, які цяпер праходзіць тыдзень? Адзіны тыдзень бяспекі. Давайце паразважаем, што гэта такое”. Не ўсе рэа­гуюць правільна, хаця незразумела чаму: гэта магчымасць і свае веды ўзнавіць, і дзіцяці потым карысныя факты расказаць.

“Чым падсілкоўваецца фантазія? У мяне, напэўна, нешта з галавой, у добрым сэнсе гэтага слова. Я бяру сюжэты з жыцця. Напрыклад, мяне, як аўтамабіліста, вельмі хвалюе праблема замены гумы на зіму. Я прыдумала малюнак на конкурс: ляжыць снег, на заднім плане стаіць машына, а на пярэднім бачны ногі таты ў тапачках. І подпіс: “Тата, пераабуйся!”. Яшчэ адзін выпадак: гулялі з сабакам летам на дачы, убачылі невялікі вадаём. Боні туды нырнула, вылезла ўся зялёнага колеру. Я патэлефанавала ў МНС, а мне кажуць, што гэты вадаём павінен быць закрыты. Ён патрэбны для таго, каб пажарныя маглі адтуль браць ваду. Прыдумаем нешта і на гэтую тэму.

Магчыма, ува мне памёр пісьменнік-фантаст. Мне ўжо некалькі разоў прапаноўвалі пісаць кнігу або сцэнарыі, калі я выйду на пенсію”.

“З калегамі ў аддзеле ў мяне даверлівыя адносіны. Усе мы людзі, у кожнага ёсць праблемы, якія можна абмеркаваць. Але тое, што тычыцца працы, павінна выконвацца бездакорна і ў пастаўленыя тэрміны. Я не буду рабіць тое, што павінны яны. Магу штосьці ім падказаць, падправіць, параіць, дзе шукаць. І мяне пакуль не падводзілі”.

На сваім месцы

Летам вольны час Аксана Вітальеўна Ласкова право­дзіць на дачы, дзе збіраецца ўся сям’я. Там яны працуюць, а яшчэ бяруць гумовую лодку і плаваюць па Вячы, гуляюць па лесе. У працоўныя дні гераіня любіць адпачыць у саўне, у добрае надвор’е пакатацца на машыне па пустой трасе, схадзіць на шопінг, пагуляць па батанічным садзе. Яна любіць глядзець тэлевізар, бо гэта дапамагае развіваць фантазію, можна ўзя ць для сябе штосьці цікавае з адной праграмы, з другой. Яшчэ любіць праводзіць час з унукамі, адны выхадныя прысвячае ўнучцы, другія — брацікам-унукам.

“Мне здаецца, для сваіх 55 гадоў я даволі паспяховая. У мяне ёсць сям’я, дзеці, унукі, праца, на якую я еду з радасцю. Мне падабаецца, што я раблю. Дзень прахо­дзіць плённа, творча, мы не сядзім склаўшы рукі. Мне падабаецца, што ад маёй працы ёсць вынік, што яна ацэньваецца ўзнагародамі. Усё ў мяне атрымалася. Я на сваім мес цы”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва гераіні матэрыялу.