З інавацыйным падыходам

У горадзе над Бугам падвялі вынікі рэспубліканскага тыдня дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які з 2005 года праходзіць у розных рэгіёнах краіны з мэтай паказу лепшага педагагічнага вопыту, пошуку інавацыйных форм і метадаў работы, абмеркавання і вырашэння актуальных праблем выхаваўчай дзейнасці. Сёлета сваімі напрацоўкамі з калегамі дзяліліся прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі Брэстчыны.

У рамках тыдня, заключныя мерапрыемствы якога ладзіліся на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, адбылося пасяджэнне рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Падчас пасяджэння прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі, абласных упраўленняў адукацыі, рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў дадатковай адукацыі абмеркавалі дасягненні, задачы і перспектывы развіцця айчыннай сістэмы дадатковай адукацыі, а таксама праблемы ў арганізацыі цікавага, карыснага і змястоўнага вольнага часу дзяцей.

— Прыярытэтнымі напрамкамі развіцця адукацыйнай галіны Брэстчыны з’яўляюцца далейшае ўдасканаленне сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў адпаведнасці з запытамі навучэнцаў, іх бацькоў і дзяржавы, павышэнне якасці адукацыйных паслуг і арганізацыя выніковай работы ўстаноў адукацыі ў шосты школьны дзень, — расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. — На Брэстчыне створана аптымальная сетка ўстаноў дадатковай адукацыі. Сярод іх 29 мнагапрофільных цэнтраў, 12 устаноў турыстычна-краязнаўчай і 2 эколага-біялагічнай накіраванасці. У адукацыйным працэсе задзейнічаны больш за 1,9 тысячы педагогаў дадатковай адукацыі, з якіх амаль 50% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педкалектывы пастаянна папаўняюцца маладымі кадрамі.

У вобласці налічваецца больш за 10 тысяч аб’яднанняў па інтарэсах, дзе займаецца каля 145 тысяч дзяцей (амаль 91% ад іх агульнай колькасці): у школах — каля 57%, ва ўстановах дадатковай адукацыі — каля 34%. Павялічваецца колькасць тэхнічных, турыстычна-краязнаўчых, эколага-біялагічных і спартыўна-масавых аб’яднанняў. 114 творчых калектываў з’яўляюцца ўзорнымі і народнымі (па іх колькасці Брэстчына займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне).

— Сёння ў аб’яднаннях па інтарэсах актыўна выкарыстоўваюцца інавацыйныя формы навучання, сучасныя тэхнічныя сродкі, камп’ютарныя тэхналогіі і інфармацыйныя магчымасці інтэрнэту, — адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. — Сучасны педагог дадатковай адукацыі павінен ісці ў нагу з часам, гаварыць з моладдзю на адной мове, умець карыстацца сучаснымі тэхнічнымі і інфармацыйна-камунікацыйнымі сродкамі, інакш нельга зацікавіць сённяшніх школьнікаў.

Пры арганізацыі вучэбных заняткаў педагогі звяртаюцца да трэнінгавых тэхналогій, праектнага метаду, віртуальных экскурсій, навучання па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” і навукова-даследчай дзейнасці дзяцей. У Пінску, Баранавічах, Брэсце і Пружанах рэалізоўваецца міжнародная ініцыятыва ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Абласное ўпраўленне адукацыі, абласны ІРА і абласны цэнтр маладзёжнай творчасці рэалізавалі праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Удасканаленне работы з падлеткамі дэвіянтных паводзін” па праграме “Польшча — Беларусь — Украіна”. Сёння на базе абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці дзейнічае падлеткавы цэнтр сацыяльнай адаптацыі “Знайдзі сябе”.

Па словах Ю.М.Прасмыцкага, вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы аб’яднанняў па інтарэсах у шосты школьны дзень. У мінулым навучальным годзе па суботах працавала амаль 47% аб’яднанняў. У планах — удасканаленне рэгіянальных праграм, праектаў і мадэлей арганізацыі шостага школьнага дня.

— Адным з вынікаў эфектыўнай занятасці навучэнцаў у вольны час з’яўляецца прафарыентацыя, — расказаў Ю.М.Прасмыцкі. — Магчымасць паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці дазваляе школьнікам разам з бацькамі вызначыць будучы род заняткаў пры выбары прафесіі. З гэтай мэтай праводзяцца розныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы: сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, дзелавыя гульні, трэнінгі і майстар-класы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі.

— Прыярытэтным напрамкам развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца работа па павышэнні яе якасці, даступнасці і эфектыўнасці, — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Беларусі А.М.Мацюшонак. — Сёння ў краіне дзейнічае 297 устаноў дадатковай адукацыі, дзе раскрывае творчыя здольнасці больш за 380 тысяч школьнікаў.

А.М.Мацюшонак падкрэсліў, што аптымізацыя ўстаноў дадатковай адукацыі павінна закранаць найперш установы са слабай матэрыяльна-тэхнічнай базай, нестабільным кадравым патэнцыялам педагогаў і кантынгентам навучэнцаў з улікам запытаў і запатрабаванасці гэтых адукацыйных паслуг у насельніцтва. Пры аптымізацыі сеткі аб’яднанняў па інтарэсах ва ўстановах дадатковай адукацыі важна ўлічваць рэальныя магчымасці школ у арганізацыі гуртковай работы. Акрамя таго, застаецца актуальным пытанне, звязанае з развіццём пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі, найперш за кошт павелічэння аб’ёмаў аказання і пашырэння відаў платных паслуг.

— Важным рэсурсам далейшага развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўмовах профільнага навучання ў школах з’яўляецца выкарыстанне патэнцыялу дадатковай адукацыі для арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў, іх усвядомленага прафесійнага выбару з улікам запытаў рынку працы, — заўважыў А.М.Мацюшонак. — Сёння абноўлены змест тыпавых праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па ўсіх профілях дзейнасці. З мэтай задавальнення індывідуальных адукацыйных патрэб навучэнцаў неабходна працягваць работу па рэалізацыі праграм аб’яднанняў па інтарэсах з павышаным узроўнем вывучэння адукацыйнай галіны, тэмы, вучэбнага прадмета ці дысцыпліны.

Па словах А.М.Мацюшонка, апошнім часам даволі часта гучаць пытанні, звязаныя з актуальнасцю традыцыйных напрамкаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, неабходнасцю іх мадэрнізацыі. Гэтая праблема вырашаецца за кошт прыцягнення кадраў, абнаўлення вучэбна-праграмнай дакументацыі, набыцця сучаснага абсталявання і інвентару. Задача ўстаноў — развіваць новыя запатрабаваныя аб’яднанні па інтарэсах, заснаваныя на інавацыйным стылі мыслення і актыўным выкарыстанні сучаснай тэхнікі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і сістэм. Так, у мінулым навучальным годзе ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізоўваліся 5 рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, а таксама шэраг абласных і рэгіянальных. У новым навучальным годзе рэалізоўваюцца ўжо 12 праектаў. Сярод іх “Укараненне мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара як рэсурс развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” (Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі), “Укараненне адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў галіне робататэхнікі” (Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці), “Апрабацыя мадэлі пераемнасці дапрофільнай і профільнай прыродазнаўчанавуковай падрыхтоўкі ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” (Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства) і інш.

— Не трэба забываць пра магчымасці фінансавай (грантавай) падтрымкі лепшых праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — адзначыў А.М.Мацюшонак. — Установам дадатковай адукацыі неабходна актыўна ўкараняць аўтарскія распрацоўкі, методыкі і праекты па розных профілях дзейнасці. Важнымі напрамкамі работы з’яўляюцца прафесійнае развіццё кадраў і прыцягненне да яе таленавітых педагогаў, якія любяць дзяцей і ўмеюць з імі працаваць. Сёння ва ўстановах дадатковай адукацыі працуе больш за 14 тысяч педагогаў, з якіх амаль 46% мае вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Задача ўстаноў — ствараць належныя ўмовы для росту прафесійнага майстэрства педагогаў і развіцця іх прафесійнай кампетэнтнасці, актыўна ўкараняючы новыя формы работы з імі (праектна-даследчыя школы-лабараторыі эфектыўнай педагагічнай практыкі, дыстанцыйныя курсы, анлайн-клубы, метадычныя форумы, цэнтры прафесійных зносін і ўзаемадзеяння, конкурсы метадычных фарміраванняў педагогаў, анлайн-кансультацыі, вэбінары, адкрытыя віртуальныя выставы метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту).

Установы дадатковай адукацыі павінны каардынаваць арганізацыю шостага школьнага дня. Актуальны напрамак дзейнасці ўстаноў — арганізацыя работы вучэбна-доследных участкаў, грамадска карыснай працы навучэнцаў, фарміраванне іх прадпрымальніцкіх кампетэнцый у галіне сельскай гаспадаркі, правядзенне палявых і вучэбных практык школьнікаў і студэнтаў УВА.

Кіраўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў дадатковай адукацыі гаварылі пра вынікі іх работы і праблемы ў ёй. Так, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Л.А.Ісачкіна спыніла ўвагу на развіцці мастацка-творчай дзейнасці навучэнцаў, падтрымцы ўзорных і народных калектываў. Пра развіццё дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, эколага-біялагічную дзейнасць расказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства А.У.Ануфровіч. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці С.М.Сачко гаварыў пра развіццё інавацыйных напрамкаў у тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Н.А.Алейнік падзялілася вопытам работы па выяўленні і развіцці дзіцячага патэнцыялу ў сферы інавацыйных тэхналогій на прыкладзе дзіцячага цэнтра навуковых адкрыццяў “Інапарк”.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі Міжнародны валанцёрскі цэнтр юных ратавальнікаў-пажарных Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, дзе азнаёміліся з вопытам трансгранічнага супрацоўніцтва ў рамках дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Таксама госці пабывалі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе ўсклалі кветкі да Вечнага агню і наведалі Пост Памяці № 1. Ён з’яўляецца структурным падраздзяленнем Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста і адыгрывае важную ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі. На працягу 45 гадоў брэсцкія навучэнцы нясуць у крэпасці вахту памяці. У ёй задзейнічаны 45 мемарыяльных атрадаў. Штогод праз Пост Памяці № 1 праходзіць 1,5 тысячы навучэнцаў школ, ПТНУ і ССНУ.

Завяршыўся рэспубліканскі тыдзень дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вялікай выставай-прэзентацыяй дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага, фізкультурна-спартыўнага, эколага-біялагічнага, турыстычна-краязнаўчага і тэхнічнага напрамкаў. Шмат прыемных уражанняў пакінула канцэртная праграма дзіцячых і маладзёжных калектываў устаноў дадатковай адукацыі Брэстчыны. Сімвалічны кубак тыдня быў перададзены Мінску.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *