З жыццёвым прынцыпам эканоміць і зберагаць

Энергазберажэнне — адна з прыярытэтных задач дзяржавы. Дэфіцыт асноўных энергарэсурсаў, нарастаючы кошт іх здабычы, глабальныя экалагічныя праблемы дыктуюць новы стыль жыцця грамадства — стыль эканоміі і беражлівасці. Як навучыцца захоўваць і эканоміць энергію? Адказ на гэтае пытанне добра ведаюць удзельнікі абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.

У магілёўскіх навучэнцаў сфарміравана выразная сацыяльная пазіцыя ў дачыненні да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і зберажэння навакольнага асяроддзя. Сёлета яны прадставілі на конкурс звыш 450 разнастайных работ. Найбольшую зацікаўленасць рэсурcазберажэннем праявілі прадстаўнікі Магілёва, Крычаўскага, Круглянскага, Слаўгарадскага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Мсціслаўскага і Магілёўскага раёнаў.

— Заўтра сённяшнія школьнікі стануць рабочымі і спецыялістамі. Ад таго, як яны будуць валодаць навыкамі эфектыўнага энергаспажывання, наўпрост залежыць плённасць працы прадпрыемстваў у будучыні. Чым менш энергетычна затратнай будзе вытворчасць прадукцыі, тым больш выгадна будзе працаваць арганізацыя, адпаведна, павялічацца падаткі ў бюджэт, актывізуецца развіццё сацыяльнай сферы і палепшыцца дабрабыт грамадзян. Для нас, дарослых, гэта вядомыя ісціны, а дзеці павінны гэтаму навучыцца. Творчыя формы тут падыходзяць як нельга лепш. Навучэнцы набываюць неабходныя веды самі і вучаць гэтаму іншых. І, што важна, творчыя ідэі дзяцей і іх педагогаў не заканчваюцца. Штогод колькасць удзельнікаў конкурсу ўзрастае. У гэтым годзе іх у два разы больш, чым летась, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.

Характэрнай аказалася не толькі цікавасць дзяцей да эканомнага рэсурсаспажывання, але і тое, што канкурсанты сапраўды прадстаўляюць значныя праекты, якія заслугоўваюць увагі і практычнай рэалізацыі. Так, навучэнка сярэдняй школы № 15 Магілёва Настасся Іванюшына распрацавала аўтарскі механічны прэс “Аплікар”, з дапамогай якога можна без асаблівых намаганняў атрымаць паліўныя брыкеты з кардону і пілавіння.

— Брыкеты можна вырабляць у звычайных хатніх умовах. Па выпрацоўванні цяпла яны параўнальны са спальваннем каменнага вугалю ці драўніны. Аднак гэтае паліва аднаўляльнае і экалагічна чыстае, — расказала дзяўчынка.

Навучэнец Магілёўскага політэхнічнага каледжа Арцём Малюцін прадставіў на конкурс камп’ютарны комплекс вучэбнай праграмы і гульні. На яго думку, такая сукуп-насць можа стаць выніковым інструментам для навучання дзяцей асновам энергазберажэння, таму распрацоўшчыкі актыўна ўкараняюць яе ў практыку. Праграма ўжо актыўна распаўсюджваецца ў сетцы інтэрнэт.

А вось Сяргей Доўгі з Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа расказаў журы пра эфектыўнасць выкарыстання ў кацельнях газагенератарных утылізацыйных установак на мясцовых відах паліва.

— Згодна з праведзеным намі даследаваннем, такія агрэгаты здольны паменшыць спажыванне паліва ў два разы. А яшчэ яны наносяць мінімальную шкоду экалогіі, — падкрэсліў Сяргей.

Спосабы эканоміі паліўных рэсурсаў ляглі ў аснову праекта і навучэнца Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Паўла Мікалуцкага. Біягазавая ўстаноўка, якую прадстаўляў юнак, дазваляе атрымліваць біягаз з розных арганічных адходаў.

— Біягаз можна выкарыстоўваць у якасці альтэрнатывы звычайнаму прыроднаму газу — ужываць яго для гатавання ежы, абагрэву памяшканняў. Яшчэ ад зін плюс біягазавых установак — арганічныя ўгнаенні, якія атрымліваюцца пры закісанні. Яны цалкам ачышчаны ад бактэрый і насення пустазелля, што робіць угнаенні вельмі карыснымі ў сельскай гаспадарцы, — перакананы падлетак.

Дзейсныя прапановы наконт беражлівых адносін да рэсурсаў агучвалі і многія іншыя канкурсанты. Навучэнец абласнога ліцэя № 3 Аляксей Чудоўскі і вучні сярэдняй школы № 21 Віктар Шыбека і Раман Карабейнікаў пераканалі прысутных у тым, што людзі могуць быць не толькі спажыўцамі электраэнергіі, але і яе вытворцамі. Хлопцы знайшлі спосаб ператварэння механічнай энергіі ад рухаў чалавека ў электраэнергію. Прадстаўнікі гімназіі Глуска Ілья Ісламаў і Канстанцін Костка разважалі пра магчымасці атрымання электрычнай энергіі за кошт цячэння ў рацэ. Навучэнкі магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Аліна Цітова і Ганна Гарадзецкая падзяліліся рэкамендацыямі па зніжэнні энергазатрат у прыватным жылым доме.

Акрамя практычных распрацовак, у конкурсе былі прадстаўлены і іншыя намінацыі. Педагагічныя калектывы дзяліліся вопытам у арганізацыі вучэбнага працэсу ў сферы энергазберажэння. А дзеці адлюстроўвалі сваё бачанне гэтага важнага жыццёвага аспекту ў плакатах, малюнках, лістоўках, відэароліках і выступленнях спецыяльных агітбрыгад.

Кампетэнтнае журы выбрала з усіх прадстаўленых праектаў самыя адметныя. Сярод практычных распрацовак па энергазберажэнні пераможным дыпломам адзначылі сумесную работу навучэнца абласнога ліцэя № 3 Аляксея Чудоўскага і вучняў сярэдняй школы № 21 Магілёва Віктара Шыбекі і Рамана Карабейнікава. Лепшае культурна-відовішчнае мерапрыемства прадставілі навучэнцы абласнога Цэнтра творчасці. У намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” вызначылі некалькіх пераможцаў. Самыя крэатыўныя відэаролік, лістоўку, плакат і малюнак прадставілі выхаванцы ясляў-сада № 19 Крычава, навучэнец Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Мікіта Салаўёў, вучань сярэдняй школы № 40 Магілёва Арсеній Шышлін, а таксама навучэнкі Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Кацярына Макаранка і Надзея Лісава. А пераможцам у намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” прызнаны праект “Выхаванне культуры энергаспажывання ў дзяцей дашкольнага ўзросту падчас гульнявой дзейнасці”, распрацаваны педагогамі ясляў-сада № 116 Магілёва.

Усе пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі ад упраўлення адукацыі аблвыканкама. Усяго ж узнагародамі былі адзначаны больш за сорак канкурсантаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *