З кампетэнтнасным падыходам

Настаўніцкая прафесія захапляла Жанну Анатольеўну Кузняцову з дзяцінства дзякуючы таленавітым школьным педагогам. Таму дзяўчына паступіла ў Баранавіцкае педагагічнае вучылішча. Пасля яго заканчэння ў 1991 годзе маладая настаўніца пачатковых класаў прыйшла ў сярэднюю школу № 19 Баранавіч, дзе працуе да сённяшняга часу.

— У прафесіі не расчаравалася, — прызнаецца Ж.А.Кузняцова. — Праўда, давялося змяніць профіль выкладання. Пасля работы ў пачатковых класах зразумела, што хачу вучыць дзяцей старэйшага ўзросту. Паступіла на біялагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна. У педагагічнай прафесіі больш за ўсё падабаюцца зносіны з дзецьмі, дзякуючы якім адчуваеш сябе заўсёды маладой і імкнешся да пастаяннага самаразвіцця і самаўдасканальвання. Цяжкасці не пужаюць, а наадварот, дапамагаюць выйсці на новы ўзровень.

— Жанна Анатольеўна — надзвычай цікавы і рознабаковы педагог, які добра валодае методыкай выкладання свайго прадмета, метадамі даследчай і эксперыментальнай работы, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 19 Баранавіч Ю.М.Шыманскі. — Настаўніца стварае належныя ўмовы для якаснай і даступнай школьнай біялагічнай адукацыі. З гэтай мэтай педагог звяртаецца да розных прыёмаў навучання: складання кластараў і сінквейнаў, структуравання інфармацыі пры дапамозе табліц і схем, работы ў статычных і дынамічных парах, чытання з перапынкамі, метаду вуглоў і ролевых гульняў. Прыярытэтнымі напрамкамі работы Жанны Анатольеўны з’яўляюцца арганізацыя даследчай і праектнай дзейнасці біялагічнага, валеалагічнага і экалагічнага зместу, выхаванне экалагічнай культуры школьнікаў шляхам іх актыўнага далучэння да розных акцый і інш. Урокі педагога заўсёды цікавыя, насычаныя і запамінальныя. У сваёй рабоце Жанна Анатольеўна паспяхова прымяняе педагагічную тэхналогію супрацоўніцтва, мэта якой заключаецца ў засваенні ведаў і ўменняў з улікам патрэб і магчымасцей развіцця вучняў. Выхаванцы педагога — пераможцы і прызёры абласной алімпіяды па пытаннях здаровага ладу жыцця, раённых і абласных этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

— З мэтай фарміравання прадметных кампетэнцый вучняў выкарыстоўваю тэхналогію развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо з апорай на электронныя сродкі навучання, — гаворыць Ж.А.Кузняцова. — Дзякуючы гэтаму, павышаецца цікавасць да прадмета і эфектыўнасць яго засваення: дзеці вучацца працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, аналізаваць і структураваць матэрыял, рабіць высновы па пэўнай тэме, выказваць і адстойваць уласны пункт гледжання, рэалізоўваюць творчы патэнцыял, атрымліваюць правільныя ўяўленні пра свет жывой прыроды, метады пазнання навакольнага свету, правілы паводзін у прыродзе і месца чалавека ў біясферы. Будую вучэбны працэс на аснове індывідуальнай зацікаўленасці школьнікаў. Далучаю іх да пазнавальнай дзейнасці на кожным этапе ўрока, арыентаваным на самастойнае пазнанне і асобаснае ўспрыманне вучэбнага матэрыялу. Галоўнае — зацікавіць, дазволіць выказваць свае думкі і дзяліцца атрыманымі ведамі.

На першым этапе ўрока актуалізуюцца ўсе веды вучняў па пэўнай тэме: “Значэнне раслін і жывёл” (у 6 класе), “Характэрныя рысы бактэрый, грыбоў і раслін” (у 7 класе), “Земнаводныя” (у 8 класе), “Уласцівасці жывога” (у 10 класе) і г.д. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя прыёмы. Дзеці падбіраюць ключавыя словы, складаюць табліцы і схемы, вызначаюць правільныя і памылковыя меркаванні. Вучні расказваюць усё, што ведаюць, вылучаюць гіпотэзы, задаюць пытанні.

На другім этапе пытанні задае і настаўнік. Звычайна яны пачынаюцца са слова “чаму”. На дапамогу прыходзіць прыём “тонкія і тоўстыя пытанні”. У пошуках адказаў на іх дзеці вывучаюць матэрыял падручніка і прапанаваны дадатковы. Для замацавання ведаў выкарыстоўваюцца апорныя канспекты, схемы, алгарытмы і абагульняльныя табліцы.

На трэцім этапе ўрока вучні пры дапамозе педагога вяртаюцца да сваіх першапачатковых выказванняў па тэме заняткаў. Дзеці суадносяць новую інфармацыю з ранейшай, ацэньваюць уласныя веды, атрымліваюць творчыя і даследчыя заданні на аснове набытага вопыту і па асобных пытаннях. На гэтым этапе вельмі важна паказаць сувязь вучэбнага матэрыялу з жыццёвай практыкай і сацыяльнай значнасцю пазнання.

— У рамках тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення можна выкарыстоўваць розныя сродкі інтэрактыўных тэхналогій: ЭСН, прэзентацыі, відэафрагменты і іншае, — заўважае Ж.А.Кузняцова. — Камп’ютар выконвае на ўроку ролю крыніцы інфармацыі, выступае ў якасці сродку стымулявання пазнавальнай дзейнасці вучняў. Шырока прымяняю на занятках мультымедыйнае абсталяванне, інтэрактыўныя метадычныя комплексы і вучэбныя праграмы.

Галоўным вынікам сваёй дзейнасці настаўніца лічыць зацікаўленасць вучняў прадметам, іх актыўную работу на ўроках. Так, сярэдні бал па біялогіі нават сярод слабаматываваных дзяцей не апускаецца ніжэй за 5. Важна, што вучні не толькі актыўна працуюць на занятках, але і ахвотна адказваюць на пытанні і задаюць іх, гатовы да дыялогу-абмеркавання, не баяцца выказваць уласныя думкі і памыліцца. Падчас работы ў дзяцей задзейнічаны ўсе віды памяці, фарміруецца адэкватная ацэнка сябе і іншых. А паколькі інфармацыя абмяркоўваецца з розных пунктаў гледжання, гэта павялічвае колькасць асацыятыўных сувязей, дзякуючы чаму веды засвойваюцца больш трывала.

— Выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення з апорай на ЭСН дапамагло істотна павысіць выніковасць вучэбнага працэсу, — адзначае Ж.А.Кузняцова. — Радуе, што многія дзеці выбіраюць біялогію ў якасці профільнага прадмета, паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне і паступаюць ва ўніверсітэты па выбраным профілі навучання. У планах — выкарыстанне воблачных тэхналогій і праграмы Smart Notebook, якая дазваляе выкарыстоўваць экран тэлевізара, падключанага да камп’ютара, як інтэрактыўную дошку.

Ж.А.Кузняцова знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, ахвотна дзеліцца вопытам на гарадскіх педчытаннях і семінарах, адкрытых уроках і майстар-класах. Жанна Анатольеўна як член абласной творчай групы настаўнікаў біялогіі ўдзельнічала ў распрацоўцы дыдактычных матэрыялаў да абагульняльнага факультатыўнага курса па біялогіі. Педагог узначальвае не толькі школьнае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў біялогіі, геаграфіі і хіміі, але і гарадское метадычнае аб’яднанне настаўнікаў біялогіі. У рамках метадычнай работы арганізоўвае вучобу калег па розных тэмах, з’яўляецца куратарам маладых спецыялістаў. На працягу некалькіх гадоў рыхтуе гарадскую каманду школьнікаў да абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, распрацоўвае заданні для гарадской алімпіяды “Юны біёлаг”. Высокія прафесійныя здольнасці дапамаглі Жанне Анатольеўне стаць лаўрэатам абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *