З году ў год вучні гімназіі № 1 Брэста з’яўляюцца аднымі з лідараў у вобласці па колькасці дыпломаў, атрыманых у алімпіядным руху. Так, па выніках заключнага этапу сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды гімназісты атрымалі 10 дыпломаў рознай вартасці, з якіх 4 — на рахунку выхаванцаў настаўніцы геаграфіі Алены Арнольдаўны Сакалоўскай. Яе вучні на працягу многіх гадоў паспяхова выступаюць у розных інтэлектуальных спаборніцтвах.
Станавіцца настаўніцай А.А.Сакалоўская не планавала. У школьныя гады марыла атрымаць прафесію, не звязаную з педагогікай. Але ўсё склалася інакш. За 25 гадоў настаўніцкай дзейнасці Алена Арнольдаўна ні разу не пашкадавала, што не здзейсніла школьную мару. Педагагічная прафесія дапамагла жанчыне стаць самой сабой.
Пасля заканчэння факультэта геаграфіі і біялогіі Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна А.А.Сакалоўская працавала ў Клейніцкай сярэдняй школе Брэсцкага раёна і сярэдняй школе № 2 Брэста (сённяшняя гімназія № 5). У гімназіі № 1 настаўніца шчыруе з 1998 года.
— У інстытуцкія гады мне вельмі падабалася вучыцца, а перспектыва працаваць у школе не пужала, — прызнаецца Алена Арнольдаўна. — Працуючы ў сельскай установе адукацыі, хацелася быць для дзяцей лепшым педагогам, які дае добрыя веды. Толькі ўкладваючы ў вучняў усе сілы, можна штосьці ад іх атрымаць узамен. Для гэтага трэба пастаянна трымаць сябе ў прафесійным тонусе, быць эталонам у працы і паводзінах. Сакрэт ідэальнага педагога просты. Па-першае, настаўнік павінен быць прафесійна кампетэнтным і здольным да самаўдасканалення. Па-другое, валодаць харызмай, унутраным светам і энергіяй, якія добра павышаюць у вачах дзяцей імідж педагагічнай прафесіі. Па-трэцяе, ніколі не хлусіць дзецям. Па-чацвёртае, быць фанатам свайго прадмета. Каб зацікавіць сённяшніх вучняў геаграфіяй, кажу ім: “Я ніколі не была ў многіх экзатычных краінах, але магу расказаць пра іх так, што вы абавязкова захочаце ў іх пабываць, бо перад вачыма паўстане яркая і пераканаўчая карціна”. Задача настаўніка геаграфіі — сфарміраваць у дзяцей цэласнае ўспрыманне свету. А для гэтага трэба, каб яны паверылі педагогу.
А.А.Сакалоўская лічыць, што прыродазнаўчыя веды ляжаць у аснове прафесійнай кампетэнцыі многіх сацыяльна значных прафесій: урачоў, біятэхнолагаў, генетыкаў, эколагаў, біяхімікаў, геадэзістаў, спецыялістаў у галіне міжнародных адносін і інш. Таму члены гімназічнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі, біялогіі і хіміі пад кіраўніцтвам Алены Арнольдаўны знаходзяцца ў пастаянным пошуку адказаў на пытанні “Як зрабіць сучасны ўрок найбольш эфектыўным?”, “Як дапамагчы дзецям авалодаць элементамі рэфлексіўнага мыслення?”, “Як развіць у вучняў гнуткасць мыслення і варыятыўнасць дзеянняў?”, “Як дапамагчы дзецям творча рэалізаваць сябе на ўроку?”, “Як самавыявіцца вучням на ўроках і ў пазаўрочнай рабоце, суаднесці свае вынікі з мэтамі і зразумець сэнс уласнай дзейнасці?”. Для гэтага А.А.Сакалоўская актыўна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя і інтэрактыўныя тэхналогіі, якія дапамагаюць эфектыўна арганізаваць вучэбны працэс ва ўмовах скарачэння гадзін па праграмах і змены зместу школьнага курса геаграфіі, а таксама падтрымліваць устойлівую матывацыю і цікавасць да яе паглыбленага вывучэння. На працягу некалькіх гадоў Алена Арнольдаўна працуе над стварэннем электронных сродкаў навучання для мультымедыйнай дошкі. Вялікую ўвагу настаўніца ўдзяляе развіццю агульнавучэбных навыкаў вучняў, уменняў абагульняць, аналізаваць і рабіць вывады.
Важнае месца ў педагагічнай рабоце А.А.Сакалоўскай займаюць навукова-даследчая дзейнасць і алімпіядны рух. Настаўніца ўпэўнена, што пачынаць працаваць у гэтым напрамку варта як мага раней. Будучых алімпіяднікаў Алена Арнольдаўна шукае ўжо сярод шасцікласнікаў. Займаецца з імі на дадатковых занятках. Выхаванцы педагога — неаднаразовыя пераможцы навукова-практычных канферэнцый і алімпіяд рознага ўзроўню.
— Адной з перспектыўных форм адукацыі з’яўляецца распрацоўка і рэалізацыя прадметных праектаў, якія развіваюць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці вучняў, прычым у міжпрадметным напрамку, — гаворыць А.А.Сакалоўская. — Метадычнае аб’яднанне рэалізавала шэраг цікавых праектаў. Так, дзякуючы праекту “Музейная педагогіка”, быў створаны музейны мінералагічны куток. На працягу 3 гадоў рэалізоўваліся праекты па экалагічным выхаванні, што дапамагло актывізаваць дзейнасць у прыродазнаўча-біялагічным напрамку, стварыць зімовы сад і дэндралагічны куток, выклікаць устойлівую цікавасць да прыродазнаўчых прадметаў і інш. Сёння ажыццяўляецца праект па практычным вывучэнні гідратэхнічных збудаванняў (каналаў) у Беларусі. Работа мае экспедыцыйны характар і накіравана на комплекснае вывучэнне тэмы, збор матэрыялу і ўдзел у розных конкурсах.
Алену Арнольдаўну засмучаюць скарачэнне колькасці гадзін на вывучэнне геаграфіі, якасць вучэбных праграм і падручнікаў. На думку педагога, іх аўтары павінны лепш прадумваць мэтазгоднасць пэўных метадычных рэкамендацый і адаптаваць матэрыял да ўзроставых асаблівасцей дзяцей.
Педагагічная дзейнасць А.А.Сакалоўскай адзначана на высокім узроўні. Алена Арнольдаўна двойчы станавілася лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў і чатыры разы — лаўрэатам прэміі Брэсцкага аблвыканкама за падрыхтоўку пераможцаў алімпіяднага руху. Акрамя таго, настаўніца ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Беларусі.
Да шматлікіх узнагарод А.А.Сакалоўская адносіцца раўнадушна. Галоўнае для яе — атрымліваць задавальненне ад любімай працы і бачыць поспехі сваіх вучняў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.