З канцэптуальнай падтрымкай

Абноўленыя Кодэкс аб адукацыі і правілы прыёму канцэптуальна падтрыманы, аб гэтым расказаў журналістам міністр адукацыі Ігар Карпенка пасля нарады ў Прэзідэнта. Спыніўся кіраўнік ведамства і на іншых пытаннях.

Узгоднена з усімі зацікаўленымі

“Як і дамаўляліся на Рэспубліканскім педагагічным савеце, што да разгляду ў другім чытанні (праект кодэкса падрыхтаваны да разгляду ў другім чытанні ў парламенце. — Заўвага БелТА.), правядзём нараду ў кіраўніка дзяржавы па Кодэксе аб адукацыі. І паралельна разгледзелі пытанне аб змяненні правіл прыёму ў вышэйшыя навучальныя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, якія таксама ўвязаны з навеламі кодэкса, — адзначыў міністр. — У цэлым кодэкс і правілы прыёму канцэптуальна падтрыманы. Нам даручана ў профільнай камісіі ў рамках рабочай групы яшчэ раз паглядзець на кодэкс пры падрыхтоўцы да другога чытання. Ёсць некаторыя тэхнічныя праўкі, якія ў найбліжэйшы час мы адрэгулюем. А ў цэлым кодэкс гатовы да разгляду. Правілы прыёму фактычна сёння ўжо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі. І ў найбліжэйшы час будуць унесены кіраўніку дзяржавы ў выглядзе адпаведнага ўказа на падпісанне”.

Што тычыцца перспектыў канчатковага прыняцця новай рэдакцыі кодэкса, Ігар Карпенка адзначыў, што тут справа за дэпутатамі. Мінадукацыі ў цесным кантакце працуе з дэпутацкім корпусам. Да другога чытання яшчэ раз будзе прааналізаваны і дашліфаваны шэраг навацый. “Кодэкс — 297 артыкулаў. Больш за 200 розных прапаноў, якія былі ўлічаны і ўносяцца. І 17 новых артыкулаў з’явілася. Гэта даволі аб’ёмны дакумент”, — расказаў міністр.

Пасля прыняцця ў другім чытанні ў Палаце прадстаўнікоў дакумент будзе накіраваны ў Савет Рэспублікі на адабрэнне і затым паступіць ужо на подпіс Прэзідэнту. “Пасля гэтага кодэкс уступіць у сілу. Там ёсць пераходныя артыкулы, з якога перыяду ён уступае ў сілу. Спадзяёмся, што да канца гэтага года мы кодэкс разгледзім і пастараемся разам з дэпутацкім корпусам пакласці яго на подпіс кіраўніку дзяржавы”, — дадаў Ігар Карпенка.

Залічэнне ў ССНУ прапануецца праводзіць без ЦТ

“Залічэнне ў ССНУ Беларусі прапануецца праводзіць па конкурсе дакумента аб адукацыі, адышоўшы ад цэнтралізаванага тэсціравання”, — заявіў міністр.

Ігар Карпенка адзначыў, што ў далейшым у тых, хто скончыў узровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ёсць магчымасць паступаць у ВНУ па адпаведнай спецыяльнасці для працягу навучання на больш высокай ступені. “Матываваны абітурыент, які скончыў сярэднюю спецыяльную адукацыю і хоча паступіць у ВНУ, не пазбаўляецца такой магчымасці. Наадварот, гэтыя магчымасці сёння пашыраюцца”, — сказаў ён.

Плануецца, што залічэнне ў ССНУ без ЦТ будзе садзейнічаць павышэнню прывабнасці такой адукацыі ў выпускнікоў, а таксама ў людзей, якія маюць стаж работы ў прафесіі.

Аб планах развіцця дыстанцыйнай формы навучання

Дыстанцыйная форма навучання ў ВНУ і ССНУ Беларусі будзе развівацца, аднак пакуль не вызначаны дакладны пералік напрамкаў і спецыяльнасцей, дзе гэта магчыма рэалізаваць. 

“Мы павінны разумець, што дыстанцыйная форма не зможа замяніць традыцыйную падрыхтоўку па ўсіх спецыяльнасцях вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Уся прафесійная адукацыя ў нас практыка-арыентаваная. А калі мы гаворым аб вышэйшай адукацыі, то са спалучэннем яшчэ і фундаментальнай падрыхтоўкі”, — адзначыў міністр.

Ён задаў рытарычнае пытанне, як, напрыклад, можна дыстанцыйна падрыхтаваць медыка. Разам з тым і ў гэтай сферы могуць быць задзейнічаны элементы дыстанцыйнай адукацыі.

“Хутчэй за ўсё, гэтыя дыстанцыйныя формы будуць развівацца. Мы не выключаем, што па некаторых відах адукацыі можа з’явіцца самастойная форма дыстанцыйнай падрыхтоўкі. Напрыклад, па гуманітарных спецыяльнасцях. Можа, па некаторых спецыяльнасцях перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі”, — сказаў Ігар Карпенка.

Адпаведныя пытанні адпрацоўваліся вельмі сур’ёзна, на базе БДУІР праводзіўся эксперымент, і ўжо ёсць сур’ёзныя напрацоўкі. “Таму ў найбліжэйшы час у некаторых правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы можа з’явіцца такі радок, што прыём ажыццяўляецца на дыстанцыйную форму навучання. Але па якіх спецыяльнасцях і наколькі мы зможам зрабіць вялікі ахоп гэтых спецыяльнасцей, залежыць ад таго, як спрацуюць прафесіяналы, якія будуць выбудоўваць траекторыю адукацыйнага працэсу. Планы, праграмы, адпаведна, будуць пад гэта адаптаваны”, — адзначыў міністр.

Ігар Карпенка ўдакладніў, што адпаведныя нормы, якія тычацца дыстанцыйнай формы навучання, закладзены ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі.

Сумешчаны з ЦТ адзіны экзамен — з 2023 года

Як расказаў журналістам міністр адукацыі па выніках нарады ў Прэзідэнта, сумешчаны з цэнтралізаваным тэсціраваннем адзіны экзамен у школах плануецца ўвесці з 2023 года. 

“Абмяркоўвалі вельмі доўга ўвядзенне адзінага экзамену, сумешчанага з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Прапрацоўвалі ўсе магчымыя падыходы. У цэлым, калі на дыялогавых пляцоўках абмяркоўвалі гэтую тэму, то знайшлі нармальнае разуменне і падтрымку з боку педграмадскасці, і на Рэспубліканскім педсавеце гэтая падтрымка выказвалася адпаведным чынам. Мы ў гэтым напрамку рухаемся, — расказаў міністр. — Доўга спрачаліся: будзем уводзіць гэта з 2022 або з 2023 года. І прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі з 2023 года ўвядзём, каб даць год як адаптацыйны перыяд для тых школьнікаў, якія ўжо змогуць па новай сістэме здаваць экзамены ў школе і выкарыстоўваць іх вынікі для паступлення ў ВНУ”.

“Для тых, хто будзе паступаць у 2022 годзе, пакуль нічога істотна не зменіцца. Можа быць, за выключэннем пашырэння мэтавага набору. Магчыма, будуць некаторыя льготы (у залежнасці, як будзе прыняты нарматыўны акт) пашыраны для ўдзельнікаў алімпіяд”, — заявіў кіраўнік ведамства.

Разам з тым, адзначыў Ігар Карпенка, пакуль яшчэ не прыйшлі да адзінай высновы, ці будуць дадаткова ў школе вусныя экзамены, аб якіх вялася размова. “Мы выходзім на беларускую або рускую мову па выбары і матэматыку — гэта будуць абавязковыя адзіныя экзамены ў выглядзе цэнтралізаванага тэсціравання ў пунктах ЦТ. З выдачай сертыфіката і з выстаўленнем сярэдняга бала ў атэстат паміж гадавой адзнакай і адзнакай, атрыманай на гэтым тэсціраванні, — заявіў міністр. — Але ўзнікла пытанне: ці будзем мы, дапусцім, праводзіць (у школе. — Заўвага БелТА.) вусны экзамен па замежнай мове? Узнікла пытанне, што, можа, трэба пакінуць гісторыю Беларусі — здаваць пасля 11 класа. Пакуль гэтае пытанне абмяркоўваецца. Думаю, у найбліжэйшы час мы расставім кропкі над i.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Вераніка КЛЮТЧЭНЯ.