З карысцю для сябе і грамадства

- 12:23Навіны рэгіёнаў

На базе Жамчужненскай і Гарадзішчанскай сярэдніх школ Баранавіцкага раёна прайшоў абласны семінар начальнікаў аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі рай(гар)выканкамаў, прысвечаны сацыяльна значнай дзейнасці вучняў.

— Сучасная школа павінна арыентаваць дзяцей не толькі на атрыманне трывалых ведаў, але і на набыццё навыкаў сацыяльна значнай дзейнасці, якая развівае важныя маральныя якасці і прыносіць карысць грамадству, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

— У Баранавіцкім раёне дзейнічаюць 43 установы адукацыі, — расказаў начальнік раённага аддзела па адукацыі С.М.Вінаград. — Школы і яслі-сады актыўна ўдзельнічаюць у інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці. Так, у Гарадзішчанскай і Вольнаўскай сярэдніх школах, Мірнаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умовы прафесійнага самавызначэння вучняў, а ў Жамчужненскай сярэдняй школе — эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У прафарыентацыйнай рабоце, накіраванай на падрыхтоўку выпускнікоў да атрымання найперш прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, улічваюцца запыты сучаснага рынку працы. З году ў год павялічваецца колькасць дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў, якія працягваюць навучанне ва ўстановах прафесійнай адукацыі (сёлета іх было 47% і каля 66% адпаведна). Вышэйшую адукацыю атрымліваюць каля 30% выпускнікоў.

— Асаблівая ўвага ўдзяляецца арыентацыі вучняў на набыццё прафесій, запатрабаваных рэгіянальным аграпрамысловым комплексам, — заўважыў С.М.Вінаград. — Так, па выніках сёлетняй уступнай кампаніі каля 13% колішніх дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў паступілі ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю.

У школах раёна ўкараняюцца сучасныя формы прафарыентацыі, якія падтрымліваюць прадпрымальніцкія ініцыятывы вучняў і фарміруюць у іх адпаведныя навыкі. Так, на базе шэрага ўстаноў адукацыі дзейнічаюць вучэбныя бізнес-кампаніі.

У Русіноўскай сярэдняй школе працуе інтэлектуальна-творчае аб’яднанне “Школьная майстэрня інавацый”, створанае на базе кафедры педагогікі факультэта педагогікі і псіхалогіі БарДУ з мэтай папулярызацыі праектнай дзейнасці сярод студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей і вучняў, развіцця іх творчага патэнцыялу, сацыяльнай актыўнасці, навыкаў прадукцыйнага сацыяльнага ўзаемадзеяння і ўключэння ў асэнсаваную сацыяльную практыку. Работа аб’яднання павінна разнастаіць сацыяльна значную дзейнасць школьнікаў і дапамагчы атрымаць ім карысны вопыт.

— Важную ролю ў паспяховай сацыялізацыі выпускнікоў адыгрывае ўдзел у сацыяльна значнай дзейнасці розных напрамкаў, — адзначыў С.М.Вінаград. — Так, у рамках грамадзянска-патрыятычнага напрамку працуюць 10 школьных музеяў. На іх базе праходзяць урокі мужнасці і сустрэчы з ветэранамі, праводзіцца пошукавая работа. Вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню гісторыі роднага краю праз экскурсіі, паходы і экспедыцыі.

Экалагічны напрамак сацыяльна значнай дзейнасці ўключае ўдзел у экалагічных акцыях, конкурсах, зборы другаснай сыравіны і азеляненні, супрацоўніцтва з Баранавіцкім лясгасам, дзейнасць школьных лясніцтваў і экалагічных гурткоў.

У рамках духоўна-маральнага напрамку рэалізоўваецца праграма супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі і праваслаўнымі прыходамі Баранавіцкага благачыння, якая дапамагае фарміраваць у вучняў талерантнасць і верацярпімасць. Арганізоўваюцца турыстычныя паходы для азнаямлення школьнікаў з гісторыяй і архітэктурай храмаў раёна, калядныя і велікодныя кірмашы і інш. У шэрагу ўстаноў праводзяцца факультатывы “Біблія як помнік гісторыі і літаратуры”, “Асновы праваслаўных ведаў” і “Асновы рэлігіязнаўства”.

Важнае месца ў сацыяльна значнай дзейнасці займае валанцёрскі рух. Валанцёрскія атрады ўдзельнічаюць у грамадзянска-патрыятычных і дабрачынных акцыях, суботніках і працоўных дэсантах, тэатралізаваных паказах і дыскусіях на тэму здаровага ладу жыцця, гутарках і калектыўных творчых справах па выхаванні гуманізму і міласэрнасці, дапамагаюць састарэлым людзям, пацыентам бальніц, інвалідам і ветэранам. Так, на рахунку атрада “Данка” з Гарадзішчанскай сярэдняй школы шмат цікавых і карысных спраў. Вучні разам з ветэранамі заклалі Алею Памяці ў гонар Вялікай Перамогі, арганізавалі калектыўна-творчую справу “Дарогамі Вялікай Перамогі”, стварылі аўдыя- і відэаальбомы. Асабліва значнай стала акцыя “Доўг і памяць”, у рамках якой валанцёры даглядаюць воінскія пахаванні. Школьнікі цесна ўзаемадзейнічаюць з Гарадзішчанскім домам-інтэрнатам для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Наша ўстанова карыстаецца аўтарытэтам у пасёлку, бо дае якасныя веды, якія дазваляюць паспяхова паступаць у прэстыжныя УВА, — расказала дырэктар Жамчужненскай сярэдняй школы А.Г.Гардзей. — Вельмі важна, каб выпускнікі ўстаноў вышэйшай і прафесійнай адукацыі вярталіся на малую радзіму і замацоўваліся ў сельскай мясцовасці. У нашым пасёлку размешчана буйное сельскагаспадарчае прадпрыемства ААТ “Птушкафабрыка “Дружба”, якому патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты шырокага профілю. З улікам запытаў мясцовага рынку працы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Т.Л.Бакунец і педагог-псіхолаг А.В.Гладкая распрацавалі прафарыентацыйны праект шостага школьнага дня “Захаваем жыццё ў вёсцы!”, накіраваны на кансалідацыю намаганняў школы, ПТНУ, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, соцыуму і бацькоў вучняў на іх арыентацыю на рабочыя спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю. У 2015 годзе праект атрымаў гран-пры Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.

У рамках праекта праводзіцца шоу-конкурс “Сям’я рабочых — гэта гучыць горда!”, які складаецца з 3 этапаў і ўяўляе сабой творчую прэзентацыю сем’яў — прадстаўнікоў рабочых сельскагаспадарчых прафесій. Падчас шоу-конкурсу “Тэатр прафесій” каманды вучняў 5—7 класаў ладзяць тэатралізаваны паказ, прысвечаны пэўнай рабочай прафесій. Творчыя мерапрыемствы, арганізаваныя ў цікавай форме, ствараюць умовы для прафесійнага самавызначэння вучняў з улікам рэгіянальных патрэб у кадрах.

Выпускнікі Жамчужненскай сярэдняй школы выходзяць з індывідуальнымі картамі вакансій рэгіёна, адаптаваных да іх асобасных і прафесійных кампетэнцый. Для гэтага ажыццяўляецца псіхолага-педагагічнае і медыка-фізіялагічнае суправаджэнне дзяцей, вывучаюцца іх здольнасці, інтарэсы і схільнасці.

— Пры арганізацыі прафарыентацыйнай работы мы сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі, — адзначыла А.Г.Гардзей. — Многія бацькі не жадаюць арыентаваць дзяцей на атрыманне рабочых спецыяльнасцей сельскагаспадарчага профілю і добра не ўсведамляюць ролю сям’і ў прафесійным самавызначэнні. Гэтыя праблемы вырашаюцца шляхам інфармавання бацькоў пра сітуацыю на рынку працы і прафесіі, запатрабаваныя ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах. Педагогі імкнуцца пераканаць мам і татаў у важнасці набыцця рабочых спецыяльнасцей, неабходнасці цеснага супрацоўніцтва сям’і і школы. Акрамя таго, мы своечасова інфармуем бацькоў пра ход рэалізацыі праекта і прафарыентацыйную работу ў школе. Яе вынікі неадназначныя. Так, калі ў 2011 годзе каля 21% выпускнікоў прадоўжылі навучанне ва ўстановах адукацыі сельскагаспадарчага профілю, у 2012 годзе — каля 28%, а ў 2015 — 38%, то ў 2017 годзе — каля 14%, а ў 2018 годзе — каля 18%. Працаваць яшчэ ёсць над чым.

Сёння ў сельскай мясцовасці патрабуюцца не толькі рабочыя спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, але і ветэрынары, аграномы, заатэхнікі. На працягу 2012—2015 гадоў у школе рэалізоўваўся інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У рамках праекта быў распрацаваны алгарытм прафесійнага самавызначэння вучняў, асаблівае месца ў якім займала ўзаемадзеянне сям’і і школы.

— Адна з актуальных задач — арганізацыя эфектыўнай сістэмы выяўлення і прыцягнення ў педагагічную прафесію матываванай, інтэлектуальна і духоўна развітой моладзі з актыўнай грамадзянскай і сацыяльна значнай пазіцыяй, — лічыць А.Г.Гардзей. — Для гэтага неабходна якасная дапрофільная і профільная падрыхтоўка вучняў. Наша ўстанова з’яўляецца школай-лабараторыяй вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, што дазваляе цесна супрацоўнічаць з БарДУ (аб’ядноўваць рэсурсы, сістэмна выкарыстоўваць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, выяўляць, падтрымліваць і вучыць высокаматываваных старшакласнікаў, арганізоўваць дапрофільную і профільную падрыхтоўку), каб своечасова фарміраваць аснову для будучых прафесійных кампетэнцый педагогаў.

З 2016 года ў школе вядзецца эксперыментальная дзейнасць па апрабацыі мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі вучняў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі для далейшага навучання ў профільных педагагічных групах. Дзеці актыўна ўдзельнічаюць у педагагічных спробах, якія арганізоўваюцца штомесяц у рамках дзён школьнага самакіравання, тыдняў важатых у пачатковых класах і інш. Асобасныя дасягненні вучняў адлюстроўваюцца ў партфоліа.

У 2018 годзе адбыўся першы выпуск вучняў, якія наведвалі педагагічную групу. 5 з 7 выпускнікоў выбралі педагагічныя спецыяльнасці ва УВА: лагапедыю, алігафрэнапедагогіку, пачатковую і дашкольную адукацыю.

Вялікую ролю ў фарміраванні лідарскіх, творчых і іншых якасцей, неабходных будучаму педагогу, адыгрывае дзейнасць БРПА і БРСМ. У 2016 годзе пярвічная арганізацыя БРСМ Жамчужненскай сярэдняй школы стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу на лепшую пярвічку сярод устаноў адукацыі.

У школе рэалізоўваецца валанцёрскі праект “Добрае сэрца”, які праз карысныя справы вучыць дзяцей міласэрнасці, фарміруе важныя маральныя якасці, навыкі зносін з людзьмі, развівае ініцыятыўнасць і талерантнасць. Клоўна- і лялькатэрапія, форум-тэатр, аквагрым — далёка не поўны пералік напрамкаў работы валанцёрскага атрада “Рука ў руцэ”.

Гарадзішчанская, Вольнаўская, Крошынская, Мірнаўская і Русіноўская сярэднія школы ўдзельнічаюць у інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі бесперапыннай прафесійнай арыентацыі вучняў на спецыяльнасці рэгіянальнага аграпрамысловага комплексу.

— Прафарыентацыя арганізавана сеткавым спосабам, — расказаў дырэктар Гарадзішчанскай сярэдняй школы Д.У.Якубовіч. — Акрамя школ, у праекце задзейнічаны сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, установы прафесійнай і вышэйшай адукацыі, мясцовыя органы выканаўчай улады. За час рэалізацыі праекта былі вызначаны групы вучняў, зацікаўленых у аграрных спецыяльнасцях, уведзены факультатыў “Мая прафесійная будучыня”, абсталяваны кабінеты прафарыентацыі і стэнды “Зрабі свой выбар!” для школьнікаў і іх бацькоў, створаны віртуальныя кабінеты прафарыентацыі на сайтах, арганізаваны працоўныя лагеры, складзены рэестр аграпрамысловых прадпрыемстваў Брэстчыны, вывучаны попыт на іх спецыяльнасці, класіфікаваны сельскагаспадарчыя спецыяльнасці айчынных УВА, вызначаны формы і метады арыентацыі вучняў на рабочыя спецыяльнасці, арганізаваны сустрэчы з прадстаўнікамі Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Ляхавіцкага і Навагрудскага дзяржаўных аграрных каледжаў, Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, БарДУ, БДАТУ і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, а таксама з кіраўніцтвам і спецыялістамі гаспадарак Баранавіцкага раёна.

У рамках праекта былі заключаны дамовы аб супрацоўніцтве і наладжана партнёрскае ўзаемадзеянне з шэрагам устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Вынікам гэтага стала станоўчая матывацыя вучняў да атрымання прафесій тыпу “чалавек — прырода”. Так, на працягу некалькіх апошніх гадоў цікавасць да іх павялічылася з 28% да 33%.

Пры падтрымцы Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа на тэрыторыі школьнага доследнага ўчастка быў закладзены яблыневы сад, дзе выкладчыкі каледжа вучаць школьнікаў правілам догляду дрэў. Для высокаматываваных вучняў арганізаваны факультатывы “Асновы садаводства” і “Асновы аграноміі”. Дзеці далучаюцца да сумеснай навукова-даследчай дзейнасці.

У Мірнаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе прафесійнае самавызначэнне пачынаецца з дашкольнага ўзросту. Праграма ранняй прафарыентацыі дашкольнікаў уяўляе сабой сістэму ўзаемазвязаных заняткаў, накіраваных на фарміраванне ў дзяцей неабходных ведаў пра сельскую гаспадарку і яе прафесіі.

Па словах Д.У.Якубовіча, выпускнікі школ-удзельніц праекта аддаюць перавагу такім спецыяльнасцям, як вадзіцель, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, слесар па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчых машын, аператар птушкафабрык і механізаваных ферм і інш. Калі ў 2015 годзе ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю паступілі каля 26% выпускнікоў, у 2016 годзе — каля 33%, то ў 2017 годзе — каля 44%. Радуе, што многія з іх вяртаюцца пасля атрымання прафесійнай і вышэйшай адукацыі на малую радзіму.

Па словах Д.У.Якубовіча, вопыт сеткавага ўзаемадзеяння школ даказаў сваю эфектыўнасць. Але патрэбы раёна ў працоўных рэсурсах па-ранейшаму захоўваюцца. Па даных цэнтра занятасці, сёння ў рэгіёне амаль 800 вакансій. Найбольшы попыт на спецыялістаў у сельскай і лясной гаспадарцы (каля 37%), апрацоўчай прамысловасці (каля 19%), ахове здароўя і сацыяльных паслугах (13,5%), адукацыі (каля 8%), гандлі (6%) і дзяржаўным кіраванні (каля 7%).

У бягучым навучальным годзе ў Гарадзішчанскай сярэдняй школе была створана аграрная профільная група дзесяцікласнікаў, якія наведваюць факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Педагогі спадзяюцца, што яны выберуць адпаведныя спецыяльнасці і вернуцца працаваць на малую радзіму.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жамчужненскай сярэдняй школы Т.Л.Бакунец засяродзіла ўвагу на духоўна-маральным выхаванні вучняў і іх сацыяльна значнай дзейнасці ў рамках праекта “Храм тваёй душы”. Педагог-арганізатар В.А.Жыхарка з гэтай жа школы вяла гаворку пра фарміраванне сацыяльных кампетэнцый дзяцей у валанцёрскай дзейнасці. Дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Баранавіцкага раёна Ю.В.Вінаград прэзентавала работу аб’яднанняў па інтарэсах.

На выставе-прэзентацыі і майстар-класах удзельнікі семінара азнаёміліся з дзейнасцю школьных бізнес-кампаній раёна, якія дапамагаюць у сацыяльнай і прафесійнай арыентацыі вучняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.