З кіраўніцкім талентам

- 10:35Людзі адукацыі

Не кожнаму дадзена быць кіраўніком, асабліва такім, якога шчыра любяць і паважаюць падначаленыя. І справа тут не толькі ў высокім прафесіяналізме, душэўных якасцях і жыццёвай мудрасці, але і ў харызме. Менавіта ў іх удалым спалучэнні і хаваецца, на маю думку, сакрэт поспеху кіраўніка. Прыемна сустракаць людзей, якія цалкам валодаюць ім і дзеляцца з іншымі. Сярод іх — дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі Міхаіл Міхайлавіч Куіш.

— Шчыра кажучы, калі паступаў на фізіка-матэматычны факультэт тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, цьмяна ўяўляў сябе ў ролі педагога, — прызнаецца М.М.Куіш. — На прафесійны выбар паўплывала асоба школьнага настаўніка фізікі, вельмі строгага, патрабавальнага і эрудзіраванага педагога, які ўмеў захапіць сваім прадметам. Цікавасць да прафесіі з’явілася пасля педпрактыкі, калі зразумеў, што настаўнікам становяцца адразу ці ніколі. Да сённяшняга часу памятаю першую сустрэчу з вучнямі, з якімі, нягледзячы на невялікую розніцу ва ўзросце, адразу ўсталяваліся даверлівыя і паважлівыя адносіны. Калі быў 20-гадовым студэнтам, уладкаваўся ў родную сярэднюю школу № 17 Брэста, дзе працаваў і пасля заканчэння інстытута, пакуль не забралі ў армію. Першыя настаўніцкія гады — незабыўны час. Кожныя выхадныя хадзіў з вучнямі ў турыстычныя паходы.

Пасля армейскай службы Міхаіл Міхайлавіч працаваў у абкаме ЛКСМБ інструктарам аддзела прапаганды і культмасавай работы, камісарам абласнога штаба студэнцкіх будаўнічых атрадаў, затым — сакратаром камітэта камсамола ў адной з вайсковых часцей Брэста.

— Знаходзячыся на камсамольскай рабоце, увесь час марыў вярнуцца ў школу, — гаворыць Міхаіл Міхайлавіч. — У гарадскім аддзеле адукацыі прапанавалі пасаду арганізатара пазашкольнай і пазакласнай выхаваўчай работы ў сярэдняй школе № 11. Пагадзіўся не­ахвотна, бо хацеў працаваць настаўнікам фізікі. Работа арганізатара была складаная, але цікавая. Актыўна развіваў школьнае самакіраванне. У арганізацыі мерапрыемстваў заўсёды абапіраўся на дзяцей.

У 30-гадовым узросце М.М.Куіш узначаліў сярэднюю школу № 18, дзе праходзіла яго прафесійнае станаўленне як педагога і кіраўніка. Малады дырэктар выдатна ўсведамляў цяжкасці, з якімі сутыкнецца з-за адсутнасці неабходнага вопыту. Але з боку дружнага высокакваліфікаванага калектыву адчуваў шчырую і зацікаўленую падтрымку ва ўсім.

У далейшым Міхаіл Міхайлавіч кіраваў новай сярэдняй школай № 32, пасля чаго на працягу 7,5 года шчыраваў намеснікам старшыні Брэсцкага гарвыканкама.

— Працуючы на розных пасадах, зразумеў, што рэалізавацца можна на любым месцы. Было б толькі жаданне, — заўважае М.М.Куіш. — Дзяржаўная служба дала каштоўны вопыт кіраўніцкай дзейнасці, наладжвання эфектыўнай камунікацыі з людзьмі.

Але любоў да педагогікі ўсё ж перамагла. З вялікай радасцю Міхаіл Міхайлавіч вярнуўся ў 2003 годзе ў сістэму адукацыі, узначаліўшы Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі. Пад кіраўніцт­вам М.М.Куіша ўстанова трывала замацавалася на рэгіянальным рынку адукацыйных паслуг, пра што красамоўна сведчаць штогадовыя вынікі прыёмнай кампаніі і размеркавання выпускнікоў. Праблем з наборам абітурыентаў тут няма. Сярэдні конкурс па ўсіх спецыяльнасцях — 1,8 заявы на месца. Каледж рыхтуе аператараў сувязі і ЭВМ, электраманцёраў лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання, па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, сакратароў, страхавых агентаў.

— Галоўную задачу бачу ў падрыхтоўцы кваліфікаваных і канкурэнтаздольных рабочых і служачых, якія адпавядаюць запытам сучаснай высокатэхналагічнай вытворчасці, валодаюць неабходнымі прафесійнымі кампетэнцыямі, — гаворыць М.М.Куіш. — Каледж карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод устаноў прафесійнай адукацыі. Наша задача — зрабіць якасць падрыхтоўкі выпускнікоў неаспрэчнай.

Дырэктар лічыць, што ў рабоце варта заўсёды ставіць недасягальныя мэты, каб настойліва працаваць і пастаянна рухацца наперад.

— Цяжкасці — гэта штатныя сітуацыі, якія цалкам вырашальныя, калі браць на сябе адказнасць, — упэўнены Міхаіл Міхайлавіч. — Пра цяжкасці і праблемы звычайна гавораць тыя, хто хоча апраўдаць сваю бяздзейнасць. Любую сітуацыю можна павярнуць на сваю карысць. Як дырэктара каледжа мяне вельмі хвалюе дэфіцыт кваліфікаваных выкладчыцкіх, найперш інжынерных, кадраў, звязаны з рознымі прычынамі. А як кіраўніка Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі непакоіць недахоп кампетэнтных кіраўніцкіх кадраў, па-сапраўднаму ўлюбёных у сваю справу.

Сёння ў каледжы рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў ва ўмовах сеткавага навучання. У рамках адукацыйнага працэсу па працоўным навучанні ажыццяўляецца падрыхтоўка аператараў сувязі 5 разраду, аператараў ЭВМ 4 разраду, электраманцёраў лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання 2 разраду і сакратароў. У групах для навучання па праграмах прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) займаюцца старшакласнікі шэрага сярэдніх школ. Акрамя таго, на базе каледжа дзейнічае абласная эксперыментальная пляцоўка па арганізацыі работы цыклавых камісій як сродку далучэння ўсіх членаў педкалектыву да навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу.

У дасягненні амбіцыйных задач дырэктар абапіраецца на калектыў педагогаў-прафесіяналаў, дзякуючы якім установа дэманструе высокія вынікі ў розных напрамках дзейнасці. Навучэнцы каледжа паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах, конкурсах прафмайстэрства, аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці, тэхнічнай і дэкаратаўна-прыкладной творчасці, навукова-практычных канферэнцыях і спартакіядах. Невыпадкова ў 2015 годзе ўстанова была занесена на Рэспубліканскую дошку гонару.

М.М.Куіш з задавальненнем назірае за прафесійным ростам педагогаў, станаўленню якіх актыўна дапамагаў. У кіраўніцкай рабоце дырэктару больш за ўсё падабаюцца поспех і прызнанне калектыву, паколькі яго поспех — гэта поспех кіраўніка. 

— Кіраўнік павінен не толькі быць смелым і адказным у прыняцці рашэнняў, але і ўмець дзяліцца адказнасцю з падначаленымі дзеля агульнай справы, добра падбіраць кадры і дакладна вызначаць, чаго ад іх хочаш. Вельмі важна ацэньваць работу калектыву: ці то маральна, ці то матэрыяльна. Даўно здзіўляюся, як мяне церпяць калегі з маімі высокімі патрабаваннямі да іх работы, — заўважае Міхаіл Міхайлавіч з усмешкай.

Выдатнік адукацыі Беларусі М.М.Куіш неахвотна гаворыць пра шматлікія ўзнагароды, якімі адзначана яго шматгадовая плённая дзейнасць. Дырэктар — “Чалавек года — 2013” у галіне адукацыі Брэстчыны, кавалер медаля “За працоўныя заслугі”. Неўтаймоўны і мэтанакіраваны характар кіраўніка знайшоў карыснае прымяненне і ў актыўнай грамадскай дзейнасці. Міхаіл Міхайлавіч з’яўляўся дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў некалькіх скліканняў, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Можна не сумнявацца, што адукацыйнаму караблю з такім вопытным і надзейным капітанам, як М.М.Куіш, пад сілу любыя задачы. А інакш і быць не можа, бо Міхаіл Міхайлавіч у дадатак да ўсяго яшчэ і майстар спорту па акадэмічным веславанні.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.