З Кірыліцай і Жэўжыкам — да новых адкрыццяў

- 11:22Адукацыйная прастора

З сёлетняга навучальнага года першакласнікі школ і гімназій з беларускай мовай навучання пачалі вучыцца па новым буквары. Яго аўтары — Вольга Цірынава і Вольга Свірыдзенка — расказалі аб задумах, рэалізаваных у вучэбным дапаможніку, метадычных падыходах, якія дапамогуць маленькім школьнікам засвоіць гукі і літары, навучыцца чытаць. 

— Як прыйшла ідэя стварэння новага буквара? Колькі часу вы працавалі над ім? Як склаўся аўтарскі калектыў? 

Вольга Свірыдзенка, дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук: 

— Новы буквар падрыхтаваны ў межах конкурсу на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для 1—4 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, арганізаванага Нацыянальным інстытутам адукацыі. Работа над ім працягвалася амаль 3 гады.

Наша супрацоўніцтва з Вольгай Ігараўнай пачалося даўно, больш за 15 гадоў назад. Мы ра­зам працавалі ў складзе секцыі пачатковай адукацыі навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі, выкладалі методыку навучання на кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі БДПУ, рыхтавалі сумесныя публікацыі. 

Нягледзячы на тое, што кожны з нас да напісання беларускага буквара ўжо меў вопыт падрыхтоўкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, работа па стварэнні вучэбна-метадычнага комплексу “Навучанне грамаце” стала першым сумесным праектам у галіне кнігавыдання.

— Якая методыка навучання грамаце пакладзена ў аснову вучэбнага дапаможніка? Раскажыце, калі ласка, падрабязней аб канцэпцыі новага буквара.

Вольга Цірынава, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі навукова-даследчага цэнтра НІА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт:

— Новы буквар захоўвае лепшыя традыцыі класічнай методыкі навучання грамаце
(А.К.Клышка, У.Г.Гарэцкі, А.Ф.Шанько і іншыя) і ўключае якасна новы вучэбны матэрыял, які рэалізуе ідэі развіццёвага навучання (Д.Б.Эльконін і іншыя). У якасці зыходнай пазіцыі для распрацоўкі буквара выбраны кампетэнтнасны, лінгвакультуралагічны, камунікатыўна-дзейнасны і асобасна арыен­таваны падыходы. 

У новым буквары зменены парадак увядзення літар. Пачынаецца асноўны перыяд вывучэннем зычных гукаў і адпаведных літар. Вучні знаёмяцца з літарамі С, Л, М. На гэтым этапе дзеці практыкуюцца ва ўспрыманні выдзеленых гукаў на слых, вызначаюць месца гукаў у словах, знаёмяцца з літарамі для абазначэння ахарактарызаваных гукаў, чытаюць словы па схемах з апорай на літары зычных гукаў, прадметныя і сюжэтныя малюнкі. 

Пасля вывучэння трох літар зычных гукаў уводзіцца першы галосны гук [а] і літара А. Гэта дае магчымасць пачаць навучанне чытанню прамых складоў “па падабенстве”: са, ла, ма. Наступнымі ўводзяцца літары І, Ы, У

Увядзенне літар, якія абазначаюць галосныя гукі, дазваляе пачаць фарміраванне першапачатковага механізма чытання прамога склада (зычны + галосны), задаючы рух вачэй “ад зычнага да галоснага”. З псіхафізіялагічнага пункту гледжання механізм расшыфроўкі літарнага кода, зададзенага ў складзе “зычны + галосны”, гучыць так: “Глядзі, што за літарай зычнага гука”. Новы парадак увядзення літар стварае магчымасць максімальна хутка пачынаць чытаць словы, сказы і невялікія тэксты.

Буквар як асаблівая кніга нясе ў сабе вялікі выхаваўчы патэнцыял. Ён дапамагае першакласнікам спасцігаць галоўныя агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці. Ён вучыць працавітасці, самастойнасці, адказнасці за свае ўчынкі. 

Адметнасць буквара — увя­дзенне ў змест дзейнасці вучняў сістэмы арыенціраў, апорных схем, алгарытмаў для засваення спосабаў дзеянняў. Прадугле­джаны заданні для работы ў пары і групе.

Упершыню ў беларускім буквары з’явіліся заданні да раздзела “Пазакласнае чытанне”, якія выдзелены адпаведным умоўным знакам. Гэтыя заданні звязаны як з вучэбнай тэмай навучання грамаце, так і з тэмай пазакласнага чытання. Так, пры вывучэнні гука [і] і літары І/і вучням давядзецца не толькі чытаць і аналізаваць слова ліса, але і прыгадаць па малюнках беларускія народныя казкі, галоўнай гераіняй якіх з’яўляецца ліса (“Лісіца і журавель”, “Коцік, пеўнік і лісіца”, “Зайкава хатка”). Акрамя таго, настаўнік зможа прачытаць дзецям адну з гэтых казак.

Для падтрымання цікавасці вучняў у буквар уведзены гульнявыя персанажы: Кірыліца, Жэўжык, сябры гукаў — добрыя чарадзеі Бім і Бом.

— Як улічвае буквар розныя здольнасці дзяцей, неаднолькавы ўзровень падрыхтаванасці да школы: адны дзеці чытаюць па складах, другія — бегла, а трэція — толькі крыху ведаюць літары?

Вольга Свірыдзенка: 

— Дзеючая вучэбная праграма па прадмеце “Навучанне грамаце” арыентавана на дзяцей, якія будуць вучыцца чытаць у школе. Таму асноўная мэта новага буквара застаецца традыцыйнай — навучыць дзіця чытаць, увесці яго ў багаты свет беларускай мовы.

У буквары выкарыстаны новыя прыёмы для навучання чытанню прамога склада, якія аблягчаюць яго зрокавае ўспрыманне і першаснае чытанне: чытанне па дарожках з чарапахай і ракетай; чытанне склада з апорай на прадметны малюнак і інш. Вучні чытаюць склады спачатку ў павольным тэмпе з чарапахай, затым у хуткім тэмпе з ракетай.

Для трэніроўкі хуткага чытання складоў і слоў прадугле­джаны спецыяльныя табліцы на форзацах, слупкі слоў у рамках з ракетай, тэксты з элементамі трэнажора. Увогуле, у новым буквары прапануецца больш матэрыялу для адпрацоўкі навыку чытання тэкстаў. Усё гэта забяспечыць якасны вынік навучання дзяцей з розным узроўнем падрыхтоўкі. 

Нацыянальны інстытут адукацыі рыхтуе да выдання дапаможнік “Спадарожнік буквара”, у якім прадстаўлена сістэма заданняў для арганізацыі дыферэнцыраванай работы з вучнямі, якія ўмеюць чытаць. Змест гэтага вучэбнага выдання ўключае творы, розныя па аб’ёме і ступені складанасці, што дазваляе арганізаваць работу з вучнямі з улікам узроўню сфарміраванасці ў іх навыку чытання (ад паскладовага чытання да чытання цэлымі словамі). 

— На ваш погляд, ці патрэбен буквар пакаленню гаджэтаў?

Вольга Цірынава:

— Безумоўна, буквар застанецца асноўным дапаможнікам першакласнікаў і будзе запатрабаваны яшчэ многімі пакаленнямі. 

Мы імкнуліся данесці да сучаснага дзіцяці, што электронныя сродкі можна выкарыстоўваць не толькі для гульні, але і для навучання. Так з’явілася ідэя з прымяненнем QR-кодаў на старонках вучэбнага выдання. Серыя анімацыйных фільмаў “Беларуская азбука” нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” стала той знаходкай, якая дапамагла ў стварэнні электроннага кантэнту. Мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву Нацыянальнай кінастудыі і яе супрацоўнікам за тое, што ў сучасным буквары з’явілася дапоўненая рэальнасць.

У выданні “Спадарожнік буквара” таксама прадстаўлены электронны кантэнт краязнаўчага характару (відэаролікі пра Белавежскую пушчу, Нясвіжскі і Мірскі замкі, мемарыяльны комплекс “Хатынь”, Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы” і інш.).

— Як улічваецца ў буквары нацыянальны каларыт? Ці дапаможа работа з кнігай раскрыць выхаваўчы патэнцыял урока? 

Вольга Свірыдзенка:

— Нацыянальнаму складніку ў змесце буквара ўдзелена вялікая ўвага. Тэматыка тэкстаў для чытання цесна звязана з Беларуссю (раслінны і жывёльны свет, рэкі, замкі і памятныя мясціны нашай краіны, яе прадпрыемствы). Першакласнікі азнаёмяцца з раслінамі, жывёламі, прадметамі і рэчамі, сімвалічнымі для беларусаў (валошка, зубр, бусел, цымбалы, ручнікі і г.д.). 

На старонках буквара шырока выкарыстоўваецца беларускі арнамент. Па-першае, ім упрыгожана кожная новая літара. Па-другое, заніраванне вучэбнага матэрыялу зроблена пры дапамозе арнаменту, у якім прадстаўлены сімвалы маці, дзіцяці, сонца, жыцця — усяго таго, што з’яўляецца перадумовай гарманічнага развіцця першакласніка, яго імкнення да ведаў.

— Ці распрацаваны аўтарамі метадычны дапаможнік для настаўніка?

Вольга Цірынава:

— Выконваючы пажаданні педагогаў, мы падрыхтавалі комплекс дапаможнікаў для настаўнікаў і вучняў. Так, у дапамогу настаўнікам распрацаваны вучэбна-метадычныя дапаможнікі “Навучанне чытанню ў 1 класе”
(у 2-х частках) і “Навучанне пісьму ў 1 класе”, у якіх раскрыта сістэма работы не толькі па новым буквары, але і па новых пропісях у пад­рыхтоўчы, асноўны і заключны перыяды навучання грамаце.

Вучням адрасуюцца новыя выданні “Рабочы сшытак да буквара”, “Пазакласнае чытанне. 1 клас” і “Пропісі з анімацыяй”.  Рабочы сшытак да буквара дазваляе арганізаваць практычную дзей­насць вучняў па замацаванні вучэбнага матэрыялу. Змест заданняў сшытка прадугледжвае практыкаванні ў пісьме друкаваных літар, гукавы аналіз слоў, работу са схемамі слоў і сказаў, моўныя гульні. Дапаможнік “Пазакласнае чытанне” змяшчае ілюстраваныя творы для рэалізацыі метаду чытання — разгляду дзіцячых кніг. Згодна з вучэбнай праграмай, у дапаможніку прадстаўлены матэрыял 15 урокаў, на якіх будзе адбывацца знаёмства з творамі для пазакласнага чытання.

На старонках дапаможніка “Пропісі з анімацыяй” змешчаны ўзоры напісання элементаў літар, асобных літар, злучэнняў, слоў і г.д., а таксама інтэрактыўныя дэманстрацыі, прагляд якіх магчымы праз QR-коды.

Сучасны буквар павінен улічваць інтарэсы сучасных дзяцей, якія жывуць у інфармацыйнай прасторы і актыўна карыстаюцца электроннымі сродкамі яшчэ ў дашкольным узросце.

— Якія аўтарскія рэкамендацыі вы маглі б даць педагогам?

Вольга Свірыдзенка:

— Звяртаем увагу настаўнікаў, што абавязковым структурным элементам вывучэння тэмы ўрока з’яўляецца этап знаёмства з новым спосабам дзеяння. Новы вучэбны матэрыял уводзіцца пераважна праз праблемныя сітуацыі. Дзякуючы “праблемнаму пытанню” і “пастцы”, у дзяцей з’яўляецца магчымасць на кожным уроку рабіць сваё невялікае адкрыццё. Авалодваючы спосабамі дзеянняў, вучань выступае ў ролі “першаадкрывальніка” новых ведаў — задумваецца над вучэбнай праблемай, разважае, фармулюе гіпотэзы і правярае іх пад кіраўніцтвам настаўніка. Веды, адкрытыя разам з настаўнікам, а не атрыманыя ад яго ў гатовым выглядзе, становяцца асобасным прырашчэннем вучня, прыступкай у яго развіцці.

Спадзяёмся, што настаўнік творча падыдзе да рэалізацыі аўтарскіх ідэй, унясе ў прапанаваныя распрацоўкі ўрокаў неабходныя змены і дапаўненні з улікам свайго вопыту работы і асаблівасцей класа.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота прадастаўлена НІА.