З клопатам аб прыгажосці душы

- 12:18Людзі адукацыі

Свята 8 Сакавіка ў нашай свядомасці непарыўна звязана з прыгажосцю, бо хто яшчэ, як не жанчына, якую ўшаноўваюць у гэты дзень, з’яўляецца ўвасабленнем прыгажосці. Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня хочацца расказаць пра Наталлю Аляксееўну Белікаву. Гэты цудоўны чалавек усё сваё жыццё прысвяціў стварэнню прыгажосці, толькі не знешняй, а той спрадвечнай прыгажосці, якая можа быць у чалавечай душы.

У мінулым годзе Наталля Аляксееўна пасля амаль 30 гадоў работы дырэктарам ясляў-сада — сярэдняй школы № 24 Барысава пакінула пасаду. Але яна не пакінула школу і любімую справу — зараз працуе настаўніцай матэматыкі і вядзе заняткі па асновах праваслаўнай культуры. Гэтыя змены Наталля Аляксееўна ўспрыняла як новыя магчымасці.

У першую чаргу, як магчымасць, пазбавіўшыся ад адміністрацыйных абавязкаў, больш часу прысвяціць пытанням духоўна-маральнага выхавання дзяцей. А яшчэ як магчымасць ацаніць сваю работу ў якасці дырэктара з новага ракурсу, вачыма настаўніка. І пакуль яна разважала над гэтым, ацэнка яе дзейнасці прыйшла звонку. Ды якая ацэнка! Яна была ўзнагароджана граматай Патрыяршага Экзарха “За маральны подзвіг настаўніка” за ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе ў галіне педагогікі, выхавання і работы з дзецьмі і моладдзю да 20 гадоў. У Беларусі конкурс праводзіўся ўпершыню і Наталля Аляксееўна заслужана стала адным з яго лаўрэатаў. Сваю ўзнагароду яна называе “лаўрамі ў крэдыт” і прызнаецца, што адчувае ўласную недасканаласць і патрэбу зрабіць як мага больш, каб апраўдаць высокі давер і ацэнку. І ўсё ж, нягледзячы на такое сарамлівае меркаванне маёй гераіні, адзначаю, што ўзнагарода гэтая заслужаная — шмат гадоў Наталля Аляксееўна займалася духоўна-маральным выхаваннем дзяцей і актыўна развівала і прапагандавала менавіта гэты кірунак. Прычым у розны, у тым ліку не самы просты час. Давялося сустрэцца з рознымі адносінамі да гэтай справы, часам з непаразуменнем і нават забаронамі. Але і гэта не прымусіла яе звярнуць з выбранага шляху.

— Усё маё свядомае жыццё я займалася духоўна-маральным выхаваннем дзяцей і, азіраючыся, упэўнена, што гэта было самым важным у маёй рабоце. Можа, я зрабіла не ўсё, але шлях дакладна выбрала правільны.

Скончыўшы мехмат БДУ, Наталля Аляксееўна свядома і без сумненняў вырашыла ісці ў школу, таму што ёй хацелася працаваць з людзьмі, а не з машынамі і праграмамі. Каб лепш разумець дзяцей і больш паспяхова ім дапамагаць, скончыла яшчэ і факультэт псіхалогіі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Усё больш паглыбляючыся ў прафесію, яна аднойчы злавіла сябе на думцы, што разумее словы В.В.Ключэўскага пра тое, што псіхалогія раней была навукай аб душы, а цяпер — аб яе адсутнасці. Назіраючы змены пакаленняў, усё больш усведамляла важнасць менавіта выхавання дзяцей, прывіцця ім правільных маральных арыенціраў.

— Настаўнік, на мой погляд, не можа проста даваць веды. Важна закласці духоўны падмурак, маральную базу ў дзіцяці. Любыя веды, інфармацыю сёння можна здабыць і ў інтэрнэце, гэта дапаможа, пры жаданні, развіць інтэлект. Але выхаванне — місія настаўніка. Прызначэнне педагога — навучыць правільнаму разуменню і адносінам да ўсяго, што адбываецца навокал. Задача гэтая ўскладняецца тым, што, на жаль, у свядомасці сучаснага чалавека парушылася “маральная шкала”. Людзі страцілі разуменне, што такое зло і дабро, што прыгожае, а што агіднае. І хто, як не настаўнік, якому прафесіяй прызначана ўздзейнічаць на будучыню, павінен дапамагаць дзіцяці ў гэтым разабрацца?

На сваіх уроках Наталля Аляксееўна, хоць і выкладала матэматыку, заўсёды знаходзіла магчымасць і час выхоўваць дзяцей — чытала на памяць вершы і ўрыўкі з літаратурных твораў, абмяркоўвала жыццёвыя сітуацыі і розныя падзеі. У 1998 годзе, калі яна ўзначаліла школу, ад сваіх перакананняў не адмовілася, а пачала ўкараняць і пашыраць. Было складана, будаваўся новы свет. Ідэалогія, на якой выхоўваліся папярэднія пакаленні, была знішчана. Нечага новага ўзамен створана яшчэ не было. Але Наталля Аляксееўна ўжо разумела, што новага і не трэба, усё ўжо даўно існуе — гэта нашы народныя і праваслаўныя традыцыі, якія спрадвеку давалі адказы на любыя пытанні. Школа пад яе кіраўніцтвам практычна першай у рэспубліцы пачала працаваць у кірунку маральна-духоўнага выхавання. Спачатку гэта былі спробы і пошукі, потым крокі станавіліся ўсё больш упэўненымі. З 2003 года ўстанова з’яўляецца эксперыментальнай і інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі для рэалізацыі праектаў духоўна-маральнага зместу. Сёння менавіта тут дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў і школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа.

За гэты час выкрышталізаваўся галоўны прынцып, якому, па меркаванні Наталлі Аляксееўны, павінна адпавядаць выхаваўчая работа з дзецьмі, — навучаць, не на-вязваючы. “Націск” можа абудзіць у юнай душы непрыязнасць і супрацьстаянне. З дзецьмі трэба па-добраму, па-чалавечы размаўляць, тым больш што ў нашым хуткаплын-ным жыцці на сардэчныя размовы з уласнымі дзецьмі амаль не застаецца часу. Можа, у гэтым карані праблемы бездухоўнасці?

— Ці шмат часу сёння бацькі размаўляюць са сваімі дзецьмі пра іх унутраныя перажыванні, ці шмат разам разважаюць пра духоўныя каштоўнасці, ці шмат у настаўнікаў часу на тое, каб весці гаворкі з дзецьмі аб “высокіх сэнсах”? Адказ відавочны. Таму я лічу цудоўным, што ў нас ёсць факультатывы па асновах праваслаўнай культуры, дзе хаця б раз у тыдзень можна з дзецьмі пагаварыць пра жыццё не ўрыўкамі, а цэлую гадзіну.

Яшчэ многа хацелася б расказаць пра гераіню гэтага артыкула. Напрыклад, пра тое, як яна любіць літаратуру, як шмат чытае і з лёгкасцю цытуе паэтаў, філосафаў і педагогаў. Пра тое, што яна ніколі не пераставала развівацца і самаўдасканальвацца. Пра тое, што за гады дырэктарства стварыла ў школе камфортную атмасферу (пацвярджае гэта той факт, што працаваць сюды прыйшлі некалькі дзясяткаў былых выпускнікоў). А яшчэ пра тое, што ў яе мноства планаў, ідэй і жадання іх рэалізоўваць. Але, каб расказаць пра яе ўсё, давялося б напісаць не матэрыял, а кнігу. Таму я проста павіншую гэтую цудоўную жанчыну са святам і падзякую за яе годную, высакародную працу!

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.