З клопатам і ўвагай

- 11:51Выхаванне

Ці заўважалі вы, як шмат у жыцці залежыць ад нашага жадання што-небудзь зрабіць ці, наадварот, нашага нежадання? Мы настолькі паглыблены ў свае праблемы, што часта не заўважаем побач тых, хто мае патрэбу іншы раз проста ў нашай увазе або падтрымцы. Жаданне падзяліцца сваім клопатам і цяплом можа стварыць цуд! У гэтым пераканаліся ўдзельнікі валанцёрскага атрада “Планета сяброў” сярэдняй школы № 3 Ашмян.

Нашы валанцёры аказваюць дапамогу, увагу і падтрымку пажылым грамадзянам. Школьнікі з добрым сэрцам і ўмелымі рукамі працуюць зладжана: прыбіраюць у доме, носяць ваду, наводзяць парадак на прысядзібных участках, займаюцца праполкай градак і кветнікаў. Моцныя рукі плюс ініцыятыва — і дзеці дабіліся ўсмешак бабуль і дзядуляў! Наведваючы дом сумеснага самастойнага пражывання грамадзян пажылога ўзросту, юныя валанцёры заўсёды стараюцца парадаваць іх паштоўкамі, салодкімі пачастункамі. Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі заўсёды гатовы выслухаць пажылых людзей і проста пагаварыць па душах. І ў гэтых дзецях многія бачаць сваіх унукаў.

Усе хочуць жыць шчасліва, бо ў гэтым заключана гармонія чалавечай натуры. Каб быць добрым чалавекам, не трэба быць абыякавым, што і даказала праца валанцёрскага атрада. Няхай гэтая маленькая дапамога стане той адчувальнай кропляй у вялікім віры добрых спраў, пра што і дзеці, і пажылыя людзі будуць успамінаць з цеп-лынёй доўгі час!

Вольга МІХАЙЛАВА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 3 Ашмян.