З клопатам пра будучыню

- 22:04Выхаванне

Новы дзіцячы яслі-сад на 94 месцы адкрылі ў Паставах

Развіццё жыллёвага будаўніцтва ў 2016—2020 гадах у мікрараёне па вуліцы Зялёнай, арыентаванае ў асноўным на шматдзетныя сем’і,  абумовіла праблему забяспечанасці дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі як самога мікрараёна, так і горада ў цэлым. У 2019 годзе кіраўніцтвам раёна пры падтрымцы аблвыканкама і ААТ “Белаграпрамбанк” былі знойдзены варыянты фінансавання аб’екта “Яслі-сад № 6 г.Паставы”, будаўніцтва завершана ў сту­дзені 2021 года. Новабудоўлю адрозніваюць незвычайны дызайн, адпаведнасць усім сучасным патрабаванням, што прад’яўляюцца да дашкольных устаноў. Яслі-сад мае 6 групавых пакояў са спальнямі для выхаванцаў розных узростаў; басейн; камп’ютарны клас; фізкультурную і музычную залы, залу ЛФК; асобныя кабінеты для спецыялістаў; харчаблок; медыцын­скі блок; фізіятэрапеў­тычны кабінет; пляцоўку для вывучэння правілаў дарожнага руху.  Прыём у дашкольную установу пачаты з 18 студзеня.

Цырымонія ўрачыстага адкрыцця прайшла з удзелам  кіраўніка абласной выканаўчай улады Мікалая Шарснёва, начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі абл­выканкама Дзмітрыя Хомы, старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка, старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятра Кухто, начальніка рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Алега Жынгеля.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, старшыня аблвыканкама асобна адзначыў выключную ролю кіраўніцтва райвыканкама ў тым, што будаўніцтва стала магчымым, выказаў пажаданне, каб у дарослым жыцці сённяшнія юныя пастаўчане заставаліся жыць на малой радзіме, і ўручыў навасёлам грашовы сертыфікат на набыццё абсталявання. Па словах Мікалая Шарснёва, у цэлым па Віцебшчыне трэба пабудаваць  6 дашкольных устаноў, каб зняць праблемныя пытанні з недахопам месцаў у раёнах новабудоўляў. Праз 2—3 гады гэта будзе зроблена.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.