З клопатам пра дзяцей

Сёння суботнюю планёрку ладзім з начальнікам аддзела па адукацыі, спорту і турызму Чачэрскага раённага выканаўчага камітэта Гомельскай вобласці Алай Аляксандраўнай ГУЛЕВІЧ, якая дзеліцца адметнасцямі сістэмы адукацыі свайго рэгіёна.

— Падводзячы вынікі 2018/2019 навучальнага года, якія б дасягненні вы агучылі ў першую чаргу?

— Два дыпломы пераможцаў атрымалі навучэнцы ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (у мінулым годзе — ні аднаго). У 23-м Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнка Сідаровіцкага дзіцячага сада — базавай школы Ілона Шацілава ўдастоена дыплома ІІІ ступені ў секцыі “Хімія”. Дастаткова добра навучэнцы здалі выпускныя экзамены. 50% вучняў 9 класаў і 77% адзінаццацікласнікаў на іспытах паказалі дастатковы і высокі ўзровень вучэбнай падрыхтоўкі. Няма навучэнцаў з нізкім узроўнем вучэбнай дзейнасці. 13 выпускнікоў узнагароджаны залатымі медалямі, 15 дзевяцікласнікаў атрымалі пасведчанне аб базавай адукацыi з адзнакай.

47 вучняў 11 класаў атрымалі рабочую прафесію трактарыста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі А. Навучанне прахо­дзіла на базе Чачэрскага прафесійнага ліцэя. Быў забяспечаны падвоз навучэнцаў з сельскіх школ. У 2019 годзе ў склад зборнай Нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь уваходзяць 4 спартсмены — выхаванцы Чачэрскай ДЮСШ: Раман Цітоў і Арцём Васільеў (вольная барацьба), Ганна Буракова і Надзея Буракова (дзюдо).

— Што цікавага прапануеце сваім дзецям на летніх канікулах?

— На працягу лета функцыянуюць лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей. Плануецца аздаравіць 560 дзяцей. Ужо прайшлі дзве змены летнікаў з кругласутачным знаходжаннем: турыстычна-экалагічны “Фартуна” з 24 чэрвеня па 2 ліпеня ў сценах Аторскага ясляў-сада — базавай школы і з 26 чэрвеня па 4 ліпеня ў Залескім яслях-са­дзе — сярэдняй школе змена міжнароднага летніка “Прамень”, у якім адпачывалі нашы дзеці і школьнікі з Палеска Калінінградскай вобласці Расіі.

Асновам паводзін без рызыкі навучаць дзяцей у міжведамасным летніку “За бяспеку — разам” у Аторскім яслях-садзе — базавай школе з 5 па 13 жніўня. Апошні месяц лета (з 19 па 27 жніўня) будзе ва ўсіх сэнсах гарачым для тых, хто выбера лагер працы і адпачынку “Доблесць” у раўковіцкай школе. І па­працаваць прыйдзецца, і вольны час чакаецца актыўным і разнапланавым. Жадаючым зарабіць кішэнныя грошы было прапанавана наведванне летніка працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем на базе гімназіі Чачэрска, гарадскіх школ і залескай школы або ўвайсці ў склад студэнцкіх атрадаў.

Педагогі паклапаціліся і пра тое, як зрабіць лета незабыўным для дзетак, абдзеленых здароўем. У цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі таксама быў арганізаваны лагер. Пры кожнай школе працуюць летнія пляцоўкі. Любое дзіця можа прыйсці сюды, узяць гульнявы інвентар і пад наглядам дарослых пагуляць у актыўныя гульні на свежым паветры ці пазаймацца ў камп’ютарным класе, бібліятэцы. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакае шмат цікавага. У падрыхтоўцы пазнавальных і забаўляльных мерапрыемстваў мы практыкуем міжведамасны падыход. Актыўна супрацоўнічаем з установамі культуры, РАНС, РАУС, БРСМ, прадпрыемствамі і арганізацыямі. Пройдзе шмат экскурсій не толькі па славутасцях раёна, але і па знакавых мясцінах вобласці і краіны ў цэлым: па абласным цэнтры, Жлобінскім аквапарку, на Лініі Сталіна і інш. Таксама для ўсіх непаўналетніх прадугледжана бясплатнае наведванне басейна ў ФАК “Брыз” на працягу летняга перыяду. Для сельскіх дзетак арганізуем падвоз.

Шмат добрых спраў увасобяць у жыццё валанцёрскія атрады. Дарэчы, пра ўсё гэта праінфармаваны бацькі. Усе таты і мамы вучняў атрымалі падрабязны план мерапрыем­стваў на летнія канікулы. Што тычыцца бяспекі, гэтую працу мы, як і належыць, пачалі з сям’і. З бацькамі дзяцей праведзены гутаркі, усе атрымалі буклеты, да кожнага даведзена інфармацыя аб недапушчальнасці здзяйснення дзецьмі і падлеткамі злачынстваў і правапарушэнняў, пра тое, што нельга купацца ў неправераных месцах, растлумачана адказнасць за парушэнні заканадаўства. Пастаянную прафілактычную работу педагогі будуць праводзіць і непасрэдна ў летніках. Мы вельмі стараліся, каб гэтае лета было яркім і незабыўным.

— Тут жа хочацца спытаць пра акцэнты ў арганізацыі ўзаемадзеяння з сям’ёй. Што ў прыярытэце ва ўстановах адукацыі ў вашым раёне?

— Работа ўстаноў адукацыі з сям’ёй будуецца на адкрытым двухбаковым супрацоўніцтве, вынікам якога павінна быць разуменне баць­камі праблем сённяшняга падлетка, уменне будаваць канструктыўны дыялог, знаходзіць кампрамісы паміж жаданнем дзіцяці і магчымасцямі бацькоў (матэрыяльнымі і псіхолага-сацыяльнымі). Правільна выбудаваныя арыенціры работы школы і сям’і з уключэннем бацькоў у пазаўрочную дзей­насць, шосты школьны дзень даюць станоўчыя вынікі. Так, знізілася колькасць сем’яў у сацыяльна небяспечным становішчы, бацькі атрымліваюць неабходную псіхолага-педагагічную дапамогу і падтрымку, павысілі сваю прававую пісьмен­насць.

— Цяпер — час падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Як ідзе работа ў вашым раёне?

— Каб падрыхтаваць установы адукацыі раёна да новага 2019/2020 навучальнага года, былі прыцягнуты бюджэтныя, спонсарскія сродкі. Прыняты меры па выкананні прадпісанняў дзяржнаглядных органаў. Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года на стадыі завяршэння. Навучальныя ўстановы раёна атрымліваюць пашпарты гатоўнасці да новага навучальнага года і дзейнасці ва ўмовах асенне-зімовага перыяду. Касметычныя рамонты завершаны ва ўсіх установах адукацыі. Гаспадарчым спосабам адрамантаваны дахі, дабаўлены секцыі ацяпляльных радыятараў для захавання тэмпературнага рэжыму. Выканана частковая замена вокнаў, сантэхнічнага абсталявання, запорнай арматуры, унутраных каналізацыйных сетак і многае іншае. Закуплена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне. У дзвюх установах праведзены работы па ўстаноўцы пажарнай сігналізацыі.

— Пытанне па арганізацыі профільнага навучання, арганізацыі профільных класаў: ці ёсць у вас педкласы, агра­класы? Як плануеце арганізоўваць дапрофільную падрыхтоўку школьнікаў у новым навучальным годзе?

— Ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне. У мінулым навучальным годзе 50% навучэнцаў 10—11 класаў атрымлівалі профільную адукацыю. На базе сярэдняй школы № 1 Чачэрска і Раўковіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы былі створаны педагагічныя групы. У новым навучальным годзе плануем працягнуць работу па ахопе навучэнцаў профільным навучаннем, а таксама па адкрыцці агракласаў і педгруп.

— А што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Стварэнне бяспечных умоў для знахо­джання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, павышэнне якасці адукацыі, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і выхаванне дастойных грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.